Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: змагаюцца зь беларускай малочнай кантрабандай


У Кіеве затрымалі партыю беларускай малочнай прадукцыі.

Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службе Ўкраіны. У прыватнасьці, канфіскаваныя малако, дзіцячыя сумесі, ёгурты, кефір, масла — усяго больш за 10 тон прадукцыі, якая трапіла ва Ўкраіну пасьля забароны на імпарт. Усю яе зьнішчаць.

У службе паведамілі, што харчовая кантрабанда на беларуска-ўкраінскай мяжы набыла надзвычайныя памеры.

Ад 1 сакавіка Ўкраіна прыпыніла ўвоз на сваю тэрыторыю малочнай прадукцыі і мясных вырабаў. Першае — з-за перавышэньня максымальнага ўзроўню вэтэрынарных прэпаратаў, а другія — празь небясьпеку распаўсюду афрыканскай чумы сьвіней.

У Кіеве падкрэсьліваюць, што абмежаваньні зьвязаныя выключна зь бясьпекай харчоў і шукаць нейкага палітычнага падтэксту ня трэба.

«Было дадзенае заданьне нашым лябараторыям правесьці пашыраны кантроль беларускай малочнай прадукцыі. Таму што людзі цікавяцца, пытаюцца. Адна справа, як кажуць, агульны кантроль — дакумэнты, вэтэрынарныя сэртыфікаты пры ўезьдзе ва Ўкраіну, і зусім іншае — кантроль пашыраны. Правялі — ёсьць парушэньні па некаторых паказьніках, якія ва Ўкраіне не праходзяць. Перадусім гэта рэшткі антыбіётыкаў і вэтэрынарных прэпаратаў у малацэ. Зразумела, што ўсіх жывёл лечаць, як і людзей, але ж патрэбны нейкі час, каб вывесьці гэтыя прэпараты з арганізму. Паводле нашага рэглямэнту па малочнай прадукцыі антыбіётыкаў быць не павінна», — заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны Анатоль Асадчы.

Рашэньне скасаваць абмежаваньні на беларускую малочную і мясную прадукцыю ці працягнуць санкцыі павінна быць агучана днямі.

9 красавіка павінны стаць вядомыя вынікі праведзенага ў Беларусі аўдыту сыстэмы дзяржаўнага кантролю пры вырабе малочных і мясных прадуктаў. Апроч таго, кантралёры наведалі шэраг перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG