Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АНТ рыхтуе фільм пра віцебскіх «тэрарыстаў»


Чаму Любоў Кавалёва ня хоча даваць інтэрвію дзяржаўнаму ТВ?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:09 0:00
Наўпроставы лінк

Чаму Любоў Кавалёва ня хоча даваць інтэрвію AНТ?

Да ўдзелу ў ім запрашаюць жыхароў Віцебску, што былі сьведкамі па справе тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Гэта — віцебскія суседзі расстраляных Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава.

Пра тое, як людзей запрашаюць «здымацца ў кіно», стала вядома суседу Кавалёвых, віцебскаму апазыцыянэру Барысу Хамайду:

«Тэлефанавалі са сьледчага камітэту Віцебскай вобласьці і казалі: „Ці не маглі б вы прыехаць да нас, тут АНТ фільм здымае, вы ж былі сьведкам?“. Гэта значыць, рыхтуецца нейкі фільм правакацыйны, накшталт „Жалезам па шклу“. І я так мяркую, што зараз тэлефанавалі па Віцебску ўсім, хто былі сьведкамі».

Паводле спадара Хамайды, шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў здымках. Суседзі па вуліцы Рэпіна, дзе жывуць сем’і Кавалёвых і Канавалавых, бачаць, што сваякоў расстралянага Дзьмітрыя Канавалава дагэтуль ахоўваюць людзі ў цывільным.

Барыса Хамайду гэта дзівіць, бо ніхто Канавалавым не пагражае, ніхто з суседзяў не ставіцца да іх пагардліва. Перадусім таму, што ў вінаватасьць абодвух хлопцаў, якіх ведалі зь дзяцінства, суседзі ня вераць.

Сваякоў Канавалава «бароняць» ад пабочных кантактаў, бо яны ведаюць нешта такое, чаго нельга распавесьці іншым, лічыць спадар Хамайда, нездарма маці Дзьмітрыя нават на працу возяць у суправаджэньні ахоўнікаў на службовай машыне:

Барыс Хамайда
Барыс Хамайда
«З працы яе ўчора прывезьлі на машыне, і адна машына стаяла каля пад’езда. І мяне так пільна агледзеў чалавек, што сядзеў у машыне... Ахоўваюць! Сабачку выгульваюць пад аховаю! Іх чалавек шэсьць, яны пэрыядычна мяняюцца. Гэта ж трэба грошы, каб заробак ім плаціць, паліва, машыны... І колькі ж яны іх так будуць ахоўваць?»

А вось сваякоў Уладзіслава Кавалёва не ахоўвае ніхто. Першыя дні пасьля таго, як стала вядома, што Лукашэнка не памілаваў асуджаных за тэракт, у іхным двары стаялі дзьве машыны з супрацоўнікамі ў форме. Але ўжо больш за тыдзень іх няма, і ў кватэры адмыслоўцы нават адключылі ахоўную сыгналізацыю, якую паставілі пасьля арышту Ўладзіслава, паводле распараджэньня менскіх сьледчых.

Яго маці, Любоў Кавалёва, ня можа выключаць таго, што аднойчы прагучыць званок у дзьверы і на парозе зьявіцца здымачная група беларускага тэлебачаньня:

«Па тэлебачаньні йдзе ідэалягічная апрацоўка насельніцтва наконт хлопцаў. Бо расстралялі невінаватых — іхнае віны даказана не было! Гэта не пакараньне, а забойства! І людзі ня вераць гэтаму сьледзтву, гэтаму суду — тыя, хто туды хадзіў, бачылі, што гэта быў спэктакль. А цяпер людзі ў асноўным зносяцца ў інтэрнэце, і там ёсьць уся інфармацыя, тым болей праўдзівая інфармацыя — а ня тая, што нам падаюць па беларускім тэлебачаньні!»

Любоў Кавалёва гаворыць, што адмовіцца ад любых інтэрвію беларускаму тэлебачаньню.

Цяпер яна чакае адказу з адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, куды зьвярталася 22 сакавіка:

«Я пісала яму, каб аддаў мне сына. І ў Вярхоўны суд я зьвярталася з такой самай заяваў. Зараз чакаю адказу. Дужа б хацелася атрымаць гэты адказ, дужа б хацелася!»

15 дзён, адведзеных заканадаўствам на адказы па зваротах грамадзян, ужо прайшлі. Але адказу Любоў Кавалёва дагэтуль не атрымала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG