Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дошкі ганьбы» на Берасьцейшчыне


На Берасьцейшчыне ў крамах практыкуецца новы мэтад прафіляктыкі крадзяжоў — «дошкі ганьбы».

Прадавачкі кажуць, што гэта не вырашае іхніх праблемаў — сплачваць недастачы за ўкрадзеныя тавары вымушаны ўсё роўна яны.

«Дошкі ганьбы» зьявіліся на Берасьцейшчыне ў крамах Драгічына і Івацэвічаў. На іх вешаюць фота тых, хто спрабаваў вынесьці тавар з крамы, не заплаціўшы. Кіраўніцтва райспажыўсаюзу мяркуе, што такія прафіляктычныя захады павінны зьменшыць колькасьць крадзяжоў у крамах. Пакуль крадуць усё болей.

Прадавачкі ж, зь іхных словаў, ня вераць, што гэтыя дошкі здолеюць зьмяніць сытуацыю. За скрадзенае яны па-ранейшаму мусяць разьлічвацца са свайго заробку. Гандлярка з Івацэвічаў, якая папрасіла не называць яе імя, кажа, што ўсё роўна павінна будзе сплачваць недастачы:

«Гэтая дошка ганьбы ад недастач не ўратуе. Рэвізія робіцца раз на тры месяцы, і мы плацім са сваёй кішэні. Нягледзячы на тое, што дошка гэтая вісіць, недастачы меншыя ня стануць».

Іншая прадавачка кажа, што больш крыўдуе не на злодзеяў, якія крадуць у крамах, а на адміністрацыю, якая змушае аплачваць вялікія недастачы:

«Часам атрымліваецца, што недастача выходзіць большая, чым заробак. Я сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак, і мне давялося разьлічвацца з дэкрэтных грошай. Прыкладна выйшла каля 800 тысяч. А дзяўчаты плацілі ўвогуле па паўтара мільёна. Я ўжо тры месяцы ў дэкрэтным адпачынку, а мне яшчэ ўсё тэлефануюць і кажуць, што я павінна 260 тысяч сплаціць. Сказалі, што, напэўна, будуць утрымліваць з дапамогі на дзіця».
Бывае, прадавачкі спажываюць сапсаваныя прадукты, бо ўсё роўна за іх прыйдзецца плаціць.

Прадавачка кажа, што недастача, якую яна мусіць кампэнсаваць, — гэта ня толькі скрадзены тавар, але і прадукты, якія сапсаваліся:

«А недастачы сплачваюцца ня толькі са скрадзенага, але і за сапсаваны тавар… за яго таксама трэба плаціць. Бывае, прадавачкі спажываюць сапсаваныя прадукты, бо ўсё роўна за іх прыйдзецца плаціць…»

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк мяркуе, што законнасьць усталяваньня «дошак ганьбы» ў крамах — пад пытаньнем:

«Безумоўна, гэта не прадугледжана законам. Таму гэта па-за межамі закону. Гэта такое незаконнае дзеяньне… Хаця, ці парушае гэта закон — гэта яшчэ пытаньне. Калі крама дзяржаўная, дык тут узьнікае пытаньне. Пытаньне тут у тым, ці быў суд, ці ўступіла рашэньне ў сілу».

Раман Кісьляк кажа: паколькі дробныя крадзяжы ў крамах не падпадаюць пад крымінальную адказнасьць, то і да суду гэтыя справы не даходзяць. Таму людзі, чые фота зьяўляюцца на «дошках ганьбы», могуць гэта апратэстоўваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG