Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авіяўлады Расеі за перамовы, «Белавія» можа падаць у суд

абноўлена

Расейскі бок накіраваў авіяцыйным уладам Беларусі прапанову неадкладна сустрэцца і працягнуць перамовы.

12.40 Расавіяцыя: У Беларусі блытаюць структуру авіяцыйных уладаў Расеі

Дарадца кіраўніка «Расавіяцыі» Сяргей Ізвольскі кажа, што беларускім калегам найперш варта разабрацца ў герархіі авіяцыйных уладаў Расеі:

«Давайце хай гэта само „Белавія“ камэнтуе, ладна?.. Справа ў тым, што я бачыў паведамленьне, але не разумею, за што падаваць у суд? Я баюся, што, напэўна, у Менску проста блытаюць адрасы авіяцыйных уладаў у Расеі. Пра што кажа Чаргінец? Пра тое, што ліст атрымалі з паведамленьнем аб прыпыненьні палётаў у рэгіёны. А ліст адкуль прыйшоў? Яўна не з „Расавіяцыі“. Таму няма чаго тут камэнтаваць. Я падазраю, што спадар Чаргінец крыху пераблытаў расейскія авіяцыйныя ўлады — у нас ёсьць пэўнае разьмеркаваньне функцыяў. Таму ня вельмі дакладна адрасаваў прэтэнзіі».

Да нябеснага канфлікту мусяць далучыцца зямныя ўлады. На ўрадавым узроўні ўдалося акрэсьліць неабходнасьць далейшых перамоваў. Першы раўнд заплянаваны на 9 красавіка ў Менску. Мяркуецца, што расейскі бок узначаляць намесьнік міністра транспарту Валерый Окулаў і кіраўнік «Расавіяцыі» Аляксандар Нерадзька. Дарадца апошняга, Сяргей Ізвольскі, запэўнівае, што расейскія перамоўнікі едуць «з адкрытым забралам»:

«9 красавіка ў Менск накіроўваецца расейская дэлегацыя, будуць праведзеныя перамовы. Мы — за разьвіцьцё паветраных зносін паміж нашымі дзяржавамі, і, уласна кажучы, яшчэ раз просім беларускі бок прааналізаваць пасажырапаток і тэндэнцыю да яго павелічэньня ў летні пэрыяд. А ён, зразумела, будзе вышэйшы, чым у прамінулы зімовы. Мы гатовыя да далейшага канструктыўнага ўзаемадзеяньня і стаім на пазыцыі, што трэба спрыяць разьвіцьцю паветраных зносін паміж Расеяй і Беларусьсю. Таму просім беларускі бок разгледзець пяць рэйсаў на дзень. Мы задавальнялі ўсе беларускія заяўкі, гэтак жа як і нашых расейскіх авіякампаніяў. З нашага боку ніякіх ушчамленьняў няма».

Карэспандэнт: «А што наконт праблемы „Белавія“ з расейскімі рэгіёнамі?»

«Гэта ўжо давайце пытаньне да нашага Міністэрства транспарту. Бо авіяцыйныя ўлады на міжнароднай пляцоўцы прадстаўляе якраз Міністэрства транспарту Расейскай Фэдэрацыі».

У прэсавай службе расейскага Мінтрансу паведамілі, што ўсе пытаньні па геаграфіі палётаў будуць вырашацца ў комплексе: ад частаты палётаў расейскіх авіякампаніяў у Менск будзе залежаць і тое, як хутка «Белавія» вернецца на рэгіянальныя маршруты.


10.00 Чаргінец: «Белавія» можа зьвярнуцца ў суд

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» вывучае магчымасьць звароту ў суд з
нагоды дзеяньняў «Расавіяцыі», паведаміў Інтэрфаксу намесьнік генэральнага дырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец.

«Адкліканьне нашага дазволу, выдадзенага расейскімі авіяцыйнымі ўладамі, груба парушае палажэньні міжурадавага пагадненьня пра паветраныя зносіны», — заявіў Чаргінец.

«Дзеяньні расейскіх авіяўладаў незаконныя. Мы будзем разглядаць магчымасьць судовых пазоваў», — дадаў ён.


Раней Расея атрымала ад Беларусі інфармацыю, што ад 13 красавіка Менск у аднабаковым парадку скарачае колькасьць рэйсаў расейскіх авіякампаніяў.

«Гэты факт выклікае зьдзіўленьне, бо на перамовах, якія адбыліся 29 сакавіка ў Маскве (...) была дасягнутая дамоўленасьць аб выкананьні вызначанымі авіякампаніямі абодвух бакоў праграмы палётаў паміж пунктамі Расеі і Беларусі да 10 траўня і працягу перамоваў авіяўладаў», — адзначаецца ў прэсавым рэлізе Міністэрства транспарту Расеі.

Гэтая папярэдняя дамоўленасьць ўключала ў сябе, у тым ліку, пацьверджаньне авіякампаніям абодвух бакоў 5 рэйсаў на дзень па маршруту Масква-Менск-Масква.

Ад 13 красавіка авіякампаніі «Белавія» забароненыя палёты ва ўсе рэгіёны Расеі, апроч Масквы. Пра гэта 5 красавіка паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец. Раней «Белавія» мела рэйсы ў Санкт-Пецярбург, Калінінград, Екацярынбург, Сочы, а з 3 чэрвеня плянавала адкрыць рэйс у Новасібірск.

«Зносіны з рэгіёнамі Расеі перараваныя», — канстатаваў Ігар Чаргінец.

Авіязносіны паміж Беларусьсю і Расеяй былі перарваныя 26 сакавіка. Пазьней палёты былі ізноў дазволеныя.

Перамовы па пытаньнях авіязносін адновяцца ў Менску 9 красавіка — паведамляе Мінтранс РФ.

Авіязносіны паміж Масквой і Менскам былі прыпыненыя раніцай 26 сакавіка з-за таго, што бакі не змаглі дамовіцца аб колькасьці рэйсаў. Пазьней авіязносіны было часова адноўлена да 29 сакавіка. Пасьля чаго авіяўлады пацьвердзілі прызначаным авіякампаніям абодвух бакоў праграмы палётаў да 10 траўня 2012 года.

У цяперашні час паміж Беларусьсю і Расіяй выконваюць палёты «Аэрафлот», «Ютэйр», «Сібір» і «Белавія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG