Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка: Сяргею ў калёніі горш, чым было ўсюды


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

У псыхіятрычным шпіталі пры калёніі “Віцьба-3“ дазволілі сустрэчу з жонкай Аленай.

Апошні раз муж і жонка Каваленкі бачыліся на мінулым тыдні. Сяргей важыць 45–46 кіляграмаў і выглядае дагэтуль жахліва, паведаміла Алена Каваленка.

Раніцай 5 красавіка Алена Каваленка распавяла карэспандэнту «Свабоды», што Сяргея пачалі прымусова карміць бульбяным пюрэ і кашамі, а пра ягоны стан лекары кажуць, што ён «па-ранейшаму сур’ёзны». Бліжэй да абеду стала вядома, што Алене дазволілі спатканьне з мужам, якое павінна было пачацца а 14-й гадзіне. Спатканьне доўжылася больш за гадзіну.

Алена Каваленка распавяла адразу пасьля сустрэчы: «Нарэшце нам удалося ўбачыцца. Выглядае ён жахліва, і зь ягоных слоў я зразумела, што яму тут горш, чым было ўсюды.

У чацьвер, тыдзень таму, да пачатку гэтага лячэньня, ён ужо быў у стане амаль страты прытомнасьці. Потым цягам 3 дзён, калі яму пачалі ставіць кропельніцы, ён быў прывязаны, нават ноччу. Ня мог спаць. І, больш за тое, ахоўнік з мэдсястрой не пускалі яго ў прыбіральню, гэтак і мучыўся.
Цягам 3 дзён, калі яму пачалі ставіць кропельніцы, ён быў прывязаны, нават ноччу.

Усе гэтыя дні ён харкае бурай крывёй. У яго баліць страўнік унізе і зьверху, як пры язьве. Баляць ныркі, пячонка, не працуе страўнік. Акрамя таго, ён прастыў, баляць вушы, і кашляе.

Вельмі слабы, увесь час ляжыць, нават ня можа прыняць душ. У яго ў носе стаіць трубка, празь якую яго прымусова кормяць зондам. Зараз кормяць сумесьсю з бульбяным пюрэ.

Канечне, калі б мужа паклалі ў цывільны шпіталь, ён бы еў сам, што было б нашмат лепш для ягонага стану і для жыцьця, бо ў гэтых умовах шанцаў на выратаваньне ў яго вельмі мала.

Хоць ягоны лекар, на мой погляд, неблагі чалавек і кажа, што робіць усё, каб Сяргея вывесьці з гэтага цяжкага стану. Мне хочацца яму верыць і спадзявацца, што Сяргей будзе жыць. Мы зь дзецьмі яго вельмі чакаем дамоў жывым і здаровым, і ён таксама гэтага вельмі хоча».

Сёньня ж, 5 красавіка, актывісты партыі КХП БНФ, сябрам якой ёсьць Сяргей Каваленка, зьвярнуліся зь лістом да кіраўніцтва 9-га клінічнага шпіталя з заклікам прапанаваць МУС пакласьці Сяргея Каваленку ў шпіталь, каб дапамагчы яму выйсьці з галадоўкі з найменшымі стратамі для здароўя. Намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі, які даўно апякуецца Сяргеем Каваленкам, тлумачыць, чаму працягвае непакоіцца за ягонае здароўе:
Сяргея робяць калекам, калі выводзяць з галадоўкі гэтак, прымусова.

«Пра гэта ўсе ведаюць, усе пішуць, у тым ліку адмыслоўцы. Што Сяргея робяць калекам, калі выводзяць з галадоўкі гэтак, прымусова. Таму мы зьвярнулася ў 9-ю клініку, тую клініку, якая валодае і адмыслоўцамі, і абсталяваньнем, з дапамогай якіх можна вывесьці чалавека з такога стану бяз шкоды для здароўя. Каб лекары, зыходзячы з паняцьцяў мэдычнай этыкі, зьвярнуліся да Міністэрства ўнутраных спраў і папрасілі, каб Сяргея, якога трэба лячыць менавіта ў такім стацыянары, туды перавялі».

Паводле Юрася Беленькага, які размаўляў з кіраўніцтвам шпіталя, там ведаюць пра сытуацыю Сяргея Каваленкі. Юрась Беленькі адзначыў, што пакуль у яго ня склалася ўражаньня, што кіраўніцтва шпіталя пагаджаецца з прапановай. «Пачакаем да заўтра, мне сказалі, што звычайна заявы ў шпіталі разглядаюць хутка і заўтра ўжо можа быць рэзалюцыя», — кажа Юрась Беленькі.

Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц за парушэньне ўмоваў адбыцьця «хатняй хіміі», якую атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. З 19 сьнежня Сяргей Каваленка галадуе на знак пратэсту супроць прысуду. У галадоўцы актывіста быў 20-дзённы перапынак, з 8 лютага галадоўка працягвалася бесьперапынна да пачатку красавіка, калі Каваленку пачалі прымусова праз зонд уліваць ежу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG