Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія выбары — бяз вэб-камэраў


На выбарчых участках падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў, якія, найбольш верагодна, пройдуць 23 верасьня, ня будуць выкарыстоўваць вэб-камэры.

Сачыць за правядзеньнем выбараў будуць назіральнікі ад СНД. Што тычыцца запрашэньня ў Беларусь назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, то гэта вырашыць асабіста кіраўнік дзяржавы. Пра ўсё гэта сёньня паведаміла журналістам у Палаце прадстаўнікоў старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына непасрэдна назірала за нядаўнімі выбарамі прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Гэта дало падставу карэспандэнту «Свабоды» запытацца: што з практыкі расейскіх выбараў можна перанесьці ў Беларусь? Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі адказала, што прынцыповых запазычаньняў, напрыклад, выкарыстаньня вэб-камэраў, ня будзе:

«Адно набыцьцё вэб-камэраў каштуе вельмі дорага. Я папрасіла спэцыялістаў „Белтэлекома“ прыкінуць выдаткі. Вэб-камеры, нават без уліку іх падключэньня, абышліся б у 4,5 мільёна даляраў. А гэта палова ўсіх грошай, якія выдзяляюць на выбары».

Абысьціся без вэб-камэраў на выбарах у Беларусі цалкам магчыма — мяркуе і спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер. Ён кажа, што вынікі беларускіх выбараў не залежаць ад наяўнасьці альбо адсутнасьці найноўшай назіральнай тэхнікі:

«А залежаць ад той практыкі правядзеньня выбараў, якая існуе ў краіне. І раней на выбарчых участках з 8 да 8 было ня надта шмат парушэньняў, якія ўплывалі на вынікі выбараў. А тыя парушэньні, якія ўплывалі на вынікі выбараў, пераважна рабіліся пасьля таго, як скончыцца галасаваньне — падчас падліку галасоў, падчас пераносу пратаколаў з участковых камісіяў у вышэйстаячыя, а таксама падчас агучваньня вынікаў гэтымі вышэйстаячымі камісіямі. А вось гэтага ніводная вэб-камэра не пакажа».

Пра вэб-камэры нічога не гаворыцца і ў прапановах па зьмяненьні выбарчага заканадаўства, якія даслалі ў Цэнтравыбаркам і Палату прадстаўнікоў у лютым экспэрты грамадзянскай кампаніі «За сумленныя выбары» — сказаў «Свабодзе» яе сустаршыня Віктар Карняенка:

«У нашай сытуацыі вельмі важна не пайсьці памылковым шляхам — не „зацыкліцца“ на празрыстых скрынях, вэб-камэрах ды іншым. Так, у пэўнай ступені гэта ўсё дапаможа. Але калі няма галоўнага, то гэта нічога ня вырашыць. Не дапамогуць вэб-камэры, калі няма сапраўднага падліку бюлетэняў. Так, з дапамогай гэтай тэхнікі можна шмат што бачыць, назіраць. А пасьля напішуць патрэбны пратакол — і ўсё».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG