Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўранэст засядае безь Беларусі


Сёньня ў Баку пачалася другая сэсія Эўранэсту – міжпарлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства».

У Эўранэст уваходзяць прадстаўнікі Эўрапарлямэнту, а таксама парлямэнтаў пяці з шасьці краін партнэрства – Азэрбайджана, Армэніі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Беларускаму Нацыянальнаму сходу было адмоўлена ў сяброўстве ў Эўранэсьце з прычыны таго, што выбары ў беларускі парлямэнт не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і справядлівымі.

У межах Эўранэсту створаная рабочая група па Беларусі, мэта якой – спрыяць выкананьню Беларусьсю ўмоваў, якія дазволяць краіне далучыцца да міжпарлямэнцкай асамблеі ў якасьці правамоцнага чальца. Аднак, на думку старшыні групы, дэпутата Эўрапарлямэнту Яцка Сарыюша-Вольскага, цяперашнія падзеі ў Беларусі паказваюць, што гэтая пэрспэктыва робіцца ўсё менш верагоднай. Ён паведаміў, што ўлады Беларусі адмовіліся сустрэцца з прадстаўнікамі рабочай групы.

Напярэдадні сэсіі Эўранэсту ў Баку адбылася сустрэча чальцоў рабочай групы па Беларусі з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці, з кіраўніком партыі БНФ Аляксеем Янукевічам і лідэрам руху «За свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

«Мы чакаем ад вас канкрэтных дзеяньняў. З вашага боку было шмат сказана пра фінансавую, тэхнічную і палітычную падтрымку, але відавочна, што гэта ня спосаб уплыву на Аляксандра Лукашэнку», сказаў Янукевіч.

Паводле Мілінкевіча, маральная падтрымка з боку Эўрапарлямэнту вельмі важная, але яна не зьяўляецца рэальным інструмэнтам зьменаў.

Два прадстаўнікі беларускай апазыцыі, якія былі запрошаныя на сустрэчу з рабочай групай, не змаглі патрапіць на яе, бо былі спыненыя на беларускай мяжы. У сваю чаргу апошнім часам двум чальцам Эўранэсту – дэпутату Эўрапарлямэнту ад Латвіі Іварсу Годманісу і сустаршыні рабочай групы па Беларусі, малдоўскаму парлямэнтару Думітру Дзякаву – было адмоўлена ў беларускіх візах. У якасьці падставы было адзначана тое, што Беларусь пазбаўленая права ўдзельнічаць у Эўранэсьце.

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі дэпутаты Эўрапарлямэнту пагадзіліся з тым, што не далі плёну ні палітыка адкрытасьці і дыялёгу, ні палітыка санкцый, і што павінен быць знойдзены «трэці шлях», які прадугледжвае доўгатэрміновыя інвэстыцыі для зьмены ў беларускім грамадзтве, што, у сваю чаргу, можа стымуляваць палітычныя зьмены.

На пленарнае пасяджэньне міжпарлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» будзе вынесеная прапанова працягнуць мандат рабочай групы да таго часу, пакуль парлямэнт Беларусі ня стане паўнапраўным чальцом Эўранэсту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG