Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарыфы і штрафы ў чаканьні скачка


Ад 1 красавіка ў Беларусі з 35 да 100 тысяч рублёў павялічыцца памер базавай велічыні. Усьлед за ёю вырастуць арэндная плата за офісы, месцы на рынках, дзяржпошліны, штрафы і іншыя выплаты, прывязаныя да гэтага паказчыка. Як гэта паўплывае на працу дробнага бізнэсу, высьвятлялі нашыя карэспандэнты.

Прадпрымальнікі на Гарадзеншчыне лічаць, што ўказ прэзыдэнта № 150 «Аб некаторых пытаньнях арэнды і бязвыплатнага карыстаньня маёмасьцю» можа павесьці да ліквідацыі бізнэсу і страты працоўных месцаў.

Прадпрымальнік Мікалай займаецца паслугамі: рамантуе кампутарную тэхніку і вядзе курсы працы на кампутары. Памяшканьне арандуе ў прыватнага гаспадара. Кажа, што размова наконт падвышэньня арэнды ўжо адбылася.

Паводле прэзыдэнцкага ўказу скасоўваецца рэгуляваньне памеру арэнднай платы, калі памяшканьне знаходзіцца ў валоданьні прыватніка. Мікалаю паведамілі, што з 1 красавіка арэнда ўзрасьце ўдвая. Хоць і цяпер, да падвышэньня, плата за арэнду пакоя ў 30 мэтраў разам з камунальнымі паслугамі складае блізка двух з паловай мільёнаў у месяц.
Я буду шукаць новае памяшканьне, або частку бізнэсу буду здымаць.

«Я буду шукаць новае памяшканьне, або частку бізнэсу буду здымаць. Ад курсаў я адмоўлюся, вазьму маленькае памяшканьне ў арэнду і буду займацца толькі рамонтам. Бо гэтага я не пацягну. Гэта нерэальна: 5 мільёнаў рублёў за 30 квадратных мэтраў…»

Спадар Мікалай кажа, што апошнім часам і кліентаў значна паменела, бо ў людзей няма грошай. На яго думку, першым часам усе будуць імкнуцца падымаць цэны за арэнду.

Прадпрымальнікі гарадзенскага рынку «Карона» ўжо некалькі разоў страйкавалі з прычыны павышэньня коштаў арэнды. Апошнім часам нібыта было ціха, але зараз усе з трывогай чакаюць новых рахункаў, бо месцы арандуюць у прыватнай фірмы.

Адзін з прадпрымальнікаў, Аляксей, кажа, што раней яны аплочвалі арэнду па наступнай схеме: каэфіцыент памнажаўся на базавую велічыню. Зараз пакуль невядома, як уласьнікі вырашаць браць за арэнду, але за 18 квадратных мэтраў свайго гандлёвага месца ён плаціў мільён 900 тысяч і яшчэ 500 тысяч за камунальныя паслугі.

Паводле Аляксея, ніхто на рынку «Карона» ня верыць, што арэнда можа настолькі падняцца, бо арандадаўцы страцяць усіх кліентаў.

«Калі б гэта было яшчэ на пачатку зімы, то, можа, было б ціха, а так народ увесь адсюль сыдзе на рынак „Паўднёвы“. Ня думаю, што яны пойдуць на такое, бо гэта будзе пагібель і для іх. Не, гэта нерэальна, проста нерэальна будзе жыць з такой арэндай».



Берасьцейскія прадпрымальнікі канстатуюць невыноснасьць умоваў для малога бізнэсу, скардзяцца на рост падаткаў, дарагія камунальныя паслугі.

Берасьцейскі прадпрымальнік Уладзімер Катрыч кажа, што сур’ёзная праблема — плата за электраэнэргію:

«Дзяржава бярэ зь фізычных асобаў 238,5 рубля за адзін кіляват. З прадпрымальнікаў, ІП і ЧУПаў, дзяржава бярэ ў 6 разоў болей. На якой падставе з прадпрымальнікаў дзяруць шэсьць скур? Гэтае пытаньне было зададзенае губэрнатару. Мы яму накіравалі запрашэньне на сустрэчу з прадпрымальнікамі».

Спадар Катрыч мяркуе, што «дзяржава спэкулюе электраэнэргіяй, якую купляе за мяжой»:

«Дзяржава купляе па адной цане і прадае ў 10 разоў даражэй суб’ектам беларускай гаспадаркі».

Кіраўнік аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» па Берасьцейшчыне Віктар Чайкоўскі кажа, што на фоне спаду пакупніцкай здольнасьці растуць падаткі:

«Падаткі ўзрасьлі па гандлі ў 2 разы, а па паслугах — у 1,9 раза. Поўны падатак на берасьцейскіх рынках у ралеце сярэдняй плошчай 6 квадратных мэтраў — каля 1 мільёна 400 тысяч, плюс у фонд сацыяльнай абароны 350 тысяч, і плюс арэнду каля 300 тысяч. То бок 2 мільёны, каб толькі стаяць».

А баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус кажа, што ў такіх умовах яго дзівіць цярпеньне прадстаўнікоў малога бізнэсу:
У нас на рынку 1149 прадпрымальнікаў. І зь іх толькі адзін мне сказаў: Мікалай Дзьмітрыевіч, будзем баставаць ці не?

«Вось паднялі падатак прадпрымальнікам з 1 красавіка. У нас на рынку 1149 прадпрымальнікаў. І зь іх толькі адзін мне сказаў: Мікалай Дзьмітрыевіч, будзем баставаць ці не? Усё… Або во за студзень на 100 працэнтаў камунальныя паслугі падаражэлі. Выявілася, што тут столькі сьнегу прыбралі, што яго столькі за зіму ня падала…»

Аднак, лічыць спадар Чарнавус, якое б моцнае ні было цярпеньне ў прадпрымальнікаў, бясконца трываць яны ня змогуць. Тут ён бачыць два варыянты — зачыняцца або пратэставаць.

Эканаміст Леанід Заіка мяркуе, што рост базавай велічыні ад 1 красавіка выкліча ў Беларусі чарговы віток інфляцыі. Перадусім пачне расьці плата за арэнду плошчаў для бізнэсоўцаў. Усьлед за гэтым — цэны на камэрцыйную прадукцыю. Узрасьце плата за паслугі натарыюсаў, розныя квітанцыі, зборы і да т.п., і г.д. У выніку ў Беларусі зноў павялічацца спажывецкія кошты.

Леанід Заіка мяркуе, што людзям трэба ўсьведамляць, што гэта ўсё — наступствы іх выбару, гэта справа рук прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, а таксама паслухмянага яму парлямэнту:

«Беларусы мусяць разумець, што дзякуючы намаганьням прэзыдэнта, парлямэнту і ўраду створаны Мытны саюз. Беларусы ў пэўным сэнсе атрымалі свабоду на перамяшчэньне. Таму — чамадан у рукі й паехаў туды, дзе заробкі ў тры разы вышэйшыя. У прыватнасьці, у Расею. Няма чаго чакаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG