Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі дэпутат: Беларусь застаецца «Кубай Эўропы»


Брытанскі дэпутат-кансэрватар Чарлз Тэнак адказаў на пытаньне нашага карэспандэнта, ці мела сэнс для Эўрапарлямэнту адкладаць прыняцьце рэзалюцыі па Беларусі на два тыдні, улічваючы, што за гэты час не ўдалося дасягнуць саступак ад беларускіх уладаў.

Тэнак: «Сапраўды, нічога асабліва не было дасягнута. Але калі быць абсалютна шчырым, дык нічога не ўдалося дасягнуць у адносінах да Беларусі за апошнія 10 гадоў, незалежна ад таго, што мы рабілі.

Мы спрабавалі палітыку „ўцягваньня“, спрабавалі ізаляцыю, цяпер спрабуем мэтавыя санкцыі. Але там вельмі жорсткі і ўпарты дыктатарскі рэжым на чале з Лукашэнкам, як, па-праўдзе, не рэагуе на вонкавы ціск, у нас няма сур’ёзных рычагоў уплыву.

Мы робім усё, што ў нашых сілах. Нядаўняе сьмяротнае пакараньне двух чалавек, вядома ж, выклікала нашу асаблівую трывогу і абурэньне. Шмат хто з заходніх лідэраў і парлямэнтаў неаднаразова заклікаў адкласьці выкананьне сьмяротнага пакараньня ў гэтай справе, бо ўвесь судовы працэс пакінуў шмат пытаньняў, на якія не было дадзена адэкватных адказаў.

Беларусь і афіцыйны Менск, на жаль, паводзяць сябе прадказальна. Яны працягваюць рэпрэсіі супраць мэдыяў, дысыдэнтаў, дэмакратычных актывістаў. Шмат гадоў таму я назваў Беларусь „Кубай Эўропы“. На жаль, яна застаецца „Кубай Эўропы“.

Вельмі цяжка вызначыць шлях наперад, але будзем спадзявацца, што падзейнічаюць мэтавыя санкцыі — забарона на падарожжы для прадстаўнікоў рэжыму, асабліва для тых, хто займаецца рэпрэсіямі супраць дысыдэнтаў і дэмакратычнай апазыцыі. Аднак большасьць гэтых асобаў у любым выпадку ня езьдзяць на Захад. Яны часьцей езьдзяць на вакацыі ў Маскву, чым у Парыж ці Лёндан.Таму, зноўку ж, гэта ў асноўным сымбалічны крок. Але мы будзем працягваць ціск.

Мая партыя і мая фракцыя падтрымлівае кантакты зь некаторымі прадстаўнікамі беларускай апазыцыі. Мы спадзяемся дапамагчы ў стварэньні аўтарытэтнай апазыцыі. Традыцыйна апазыцыя там даволі слабая і падзеленая. Будзем спадзявацца, што гэта магчымы шлях наперад. Але ў астатнім, на жаль, тыя, хто назіраў за сытуацыяй апошнія 10 гадоў, адчуваюць расчараваньне, і не відаць нейкая яснага сьвятла ў канцы тунэлю».

Карэспандэнт: «Што яшчэ можа зрабіць Эўрапарлямэнт, акрамя прыняцьця такіх рэзалюцыяў?»

Тэнак: «Я ўжо сказаў, што мы ня можам зрабіць асабліва шмат. Рада міністраў цяпер прыняла даволі жорсткія мэтавыя санкцыі супраць кіраўніцтва рэжыму. Магчымыя былі б агульныя гандлёвыя санкцыі, але гэта было б пакараньне для беларускіх грамадзян, не зьвязаных з рэжымам. Мы павінны працягваць ціск, адукоўваць людзей, мы можам павялічваць фінансаваньне для беларускіх студэнтаў, якія маглі б вучыцца ў нашых краінах і працаваць у нашых установах і будаваць аўтарытэтную грамадзянскую супольнасьць і дэмакратычны апазыцыйны рух, які ўрэшце зрыне рэжым. Дыктатуры ня вечныя. Лукашэнка не неўміручы. Але пакуль што мы можам толькі выказаць сьвету агіду да таго, як ён абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG