Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўцаў пра Каваленку: «Гэта зьдзек з усіх беларусаў!»


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка

Сябры створанага ў Віцебску аргкамітэту па падтрымцы Сяргея Каваленкі і яго сям’і вырашаюць, як дапамагчы палітвязьню, пераведзенаму ў псыхіятрычнае аддзяленьне Рэспубліканскага турэмнага шпіталя, што месьціцца ў калёніі ў пасёлку Віцьба Віцебскага раёну.

Тацяна Севярынец, удзельніца аргкамітэту, створанага дзеля падтрымкі Сяргея Каваленкі яшчэ ў сьнежні мінулага году, пэўная, што галоўнае ў цяперашняй сытуацыі — гэта захаваць жыцьцё палітвязьня:

«Мы вельмі перажываем за Сяргея. Канечне, мэта ў нас адна — каб захаваць ягонае жыцьцё. Ёсьць і канкрэтныя пляны ды прапановы, але казаць пра гэта пакуль ня буду».

Спадарыня Тацяна мяркуе, што перавод актывіста ў «псыхушку» тлумачыцца надзвычайнымі абставінамі — бо ні тыя, хто ініцыяваў супраць яго крымінальны перасьлед, ні Першамайскі райсуд, ні супрацоўнікі СІЗА не чакалі ад вязьня такой моцы духу і ўпартасьці:

«У такіх абставінах, у якіх апынуўся Сяргей — „чалавек-сьцяг“, чалавек, адданы бел-чырвона-беламу сьцягу, у тых асобаў, якія аддалі загад зьмясьціць яго ў „псыхушку“, у саміх адмовіў розум. Яны не ўспрымаюць гэта адэкватна. І калі чалавек з такой сілай духу гатовы ахвяраваць сваім жыцьцём дзеля таго, каб апынуцца на волі, — ім гэтага не зразумець».

У папраўчай установе № 3 з 21 верасьня 2006 году да 16 жніўня 2008 году знаходзіўся ў зьняволеньні палітычны вязень Аляксандар Казулін, былы ўдзельнік прэзыдэнцкіх выбараў. Тут ён 53 дні трымаў галадоўку пратэсту. На той час, паводле ягоных успамінаў, памяшканьне пад псыхіятрычнае аддзяленьне толькі будавалася:

«Псыхіятрычнае аддзяленьне пры мне будавалася. Гэта азначае, што Сяргея пераводзяць у калёнію».

Галадоўніка Сяргея Каваленку зьмяшчаюць у калёнію, хоць прысуд па яго крымінальнай справе яшчэ не ўступіў у законную сілу — касацыйная скарга пададзеная ў абласны суд і будзе разьбірацца толькі 10 красавіка.

Аляксандар Казулін тлумачыць гэты перавод наступным чынам:

«Уладам выгадней, калі чалавек памірае. Тады можна сказаць: „Ну што, калі вам жыцьцё не дарагое, то працягвайце“. А тут, калі пачалі гаварыць, што сьмерць Каваленкі выгадная ўладам, то яны задумаліся і пачынаюць шукаць захадаў, каб выйсьці з гэтай сытуацыі».
Адпаведна, і патрабаваньні ягоныя будуць лічыцца вар’яцкімі. А то ж! Мову беларускую ім падавай, мову, гісторыю!

Сябар КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў лічыць, што ягонага аднапартыйца Сяргея Каваленку варта было ўсё ж зьмясьціць у цывільны шпіталь, а не ў турэмны:

«Трэба было ў нармальны шпіталь зьмясьціць, каб ён мог выйсьці з галадоўкі. А ў вар’ятні да яго будуць ставіцца як да вар’ята. Адпаведна, і патрабаваньні ягоныя будуць лічыцца вар’яцкімі. А то ж! Мову беларускую ім падавай, мову, гісторыю! Гэта зьдзек з чалавека і зьдзек з усіх беларусаў!»

На думку Яна Дзяржаўцава, перавод Сяргея Каваленкі ў псыхіятрычнае аддзяленьне — гэта крок уладаў, накіраваны на дыскрэдытацыю прадстаўнікоў апазыцыі. А таксама прыклад псыхалягічнага ціску на тых, хто гатовы да акцыяў пратэсту, у тым ліку і галадовак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG