Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт волевыяўленьня: 4 мільёны


Уладзімер Колас і Віктар Івашкевіч
Уладзімер Колас і Віктар Івашкевіч

Арганізатары Дня Волі 25 сакавіка павінны заплаціць гарадзкім службам 4 мільёны рублёў за правядзеньне акцыі.

Зь іх 800 тысяч рублёў — хуткай дапамозе і 3 мільёны 800 — міністэрству надзвычайных сытуацыяў.

Таксама арганізатары зьбіраюцца запатрабаваць ад уладаў, каб тыя вярнулі 670 тысяч рублёў, заплачаных за машыну з гукаўзмацняльнай тэхнікай. Гэтую машыну супрацоўнікі міліцыі арыштавалі і адагналі ў пастарунак «для разьбіральніцтва».

Паводле беларускіх законаў, арганізатары вулічнай акцыі павінны аплаціць ахову грамадзкага парадку, а таксама выдаткі, зьвязаныя з мэдычным абслугоўваньнем і прыбіраньнем тэрыторыі. Суму вызначаюць мясцовыя ўлады.

«Людзі плацяць падаткі і могуць выказваць сваю волю. Улады павінны выконваць працэдуры і не спаганяць з грамадзянаў тое, што ўлады павінны самі рабіць. Калі нас ашукваюць, мы павінны быць да гэтага гатовыя і абараняцца. Але на гэты раз сілаў не хапіла», — заявіў адзін з арганізатараў Дня Волі Ўладзімер Колас.

Пляцоўка, якую прапанавалі ўлады, не падрыхтаваная і не падыходзіць для такіх мерапрыемстваў. Наступным разам арганізатары пры падрыхтоўцы акцый укажуць на гэта і будуць прапаноўваць іншыя месцы, сказаў Колас.

Пракуратура папярэдзіла Івашкевіча

Адзін з арганізатараў Дня Волі палітык Віктар Івашкевіч заявіў: «У пракуратуры мяне папярэдзілі, што дзеяньні, якія могуць быць накіраваныя на падрыў дзяржсувэрэнітэту, могуць карацца законам. А дзеяньні прадстаўнікоў улады таксама будуць разглядацца? Усе грамадзяне падлягаюць гэтаму заканадаўству. Можа, зьвярнуцца ў пракуратуру, каб яна разгледзела дзеяньні службовых асобаў, якія вядуць да санкцыяў? Трэба выпусьціць палітвязьняў, і ня будзе праблемаў».

У 15.00 Івашкевіч пойдзе ў пракуратуру, каб атрымаць тэкст папярэджаньня.

25 сакавіка ў Менску прайшлі мітынг і шэсьце з нагоды ўгодкаў абвяшчэньня БНР. У акцыі, паводле розных ацэнак, удзельнічала каля трох тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG