Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйцы могуць пацярпець за матч зь беларускай зборнай


Хакейны матч паміж зборнымі Аўстрыі і Беларусі заплянаваны на 6 красавіка ў лядовым палацы гораду Вілах (Villach), што ў фэдэральнай правінцыі Карынтыя на поўдні Аўстрыі. Матч прыпадае на Вялікую пятніцу. Паводле законаў Карынтыі, у дзень расьпяцьця Хрыста і на Каляды відовішчы ў гэтай правінцыі забароненыя.

Закон пра забарону відовішчаў, да якіх адносяцца і хакейныя матчы, у час рэлігійных сьвятаў дзейнічае ў Карынтыі ўжо 15 гадоў.

На 6 красавіка сёлета прыпадае Вялікая пятніца — у гэты дзень Хрыста расьпялі на крыжы.

Як падае аўстрыйскі тэлеканал ORF, перад аўстрыйскай нацыянальнай фэдэрацыяй хакею з шайбай стаіць няпростае пытаньне. У выпадку, калі аўстрыйская зборная не згуляе ў гэты дзень з сваімі беларускімі супернікамі, яе далейшы ўдзел у чэмпіянаце сьвету стане праблематычным. Калі ж гульня ў Вялікую пятніцу ўсё ж адбудзецца, хакейнай камандзе пагражае вялікі адміністрацыйны штраф. Гэта ў лепшым выпадку. Бо ўлады Карынтыі катэгарычна настойваюць на пераносе хакейнага матчу.

Тым часам старшыня аўстрыйскай нацыянальнай фэдэрацыі хакею з шайбай Дытэр Кальт спасылаецца на біскупа Карынтыі, у якога, праўда, не пытаўся: «Ня думаю, каб біскуп меў штосьці супраць, — кажа Кальт. — Гульня 6 красавіка ўзгодненая з усёй Эўропай. Яе немагчыма адмяніць. Тым больш што беларуская хакейная зборная ўжо замовіла квіткі».

Хакейныя матчы 6 і 7 красавіка маюць адбыцца ў рамках падрыхтоўкі да першынства сьвету 2012 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG