Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Сяргея Каваленкі: «Зараз будзем абіваць парогі «Віцьбы-3»


Турма "Віцьба-3"
Турма "Віцьба-3"

У ноч на 26 сакавіка галадоўніка Сяргея Каваленку з «Валадаркі» этапавалі ў калёнію «Віцьба-3». Сёньня ж у Менску адбываліся суды над актывістамі анархісцкага руху, якіх затрымалі 24 сакавіка падчас канцэрту ў ДК МТЗ.

26 сакавіка Алена Каваленка выправілася зь Менску ў Віцебск, бо туды, у псыхіятрычны шпіталь пры калёніі «Віцьба-3», этапавалі яе мужа, галадоўніка Сяргея Каваленку:

«Пойдзем заўтра спачатку ў суд, браць дазвол там на спатканьне, потым туды паедзем. А наперад яшчэ адваката адправім. Сёньня хацелі, каб яго тут адвакат наведаў, але ўжо позна. Таму адправім заўтра».

Пра тое, што Сяргея Каваленку адправілі ноччу па этапе з «Валадаркі», прадстаўнікі яе адміністрацыі паведамілі раніцай 26 сакавіка маці галадоўніка Лідзіі Каваленцы і намесьніку старшыні КХП БНФ Юрасю Беленькаму.

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«Нам сказалі, што ў іх няма іншага выйсьця, каб вывесьці яго з галадоўкі, акрамя таго каб накіраваць у такі шпіталь і потым на падставе пэўнага дыягназу ўжыць мэтады прымусовага харчаваньня. Класьці Сяргея ў цывільны шпіталь міліцыянты адмовіліся, хоць мы настойвалі менавіта на такім варыянце», — распавёў «Свабодзе» Юрась Беленькі. Вось што палітык даведаўся пра фізычны стан Сяргея Каваленкі:

«Доктар сказаў, што стан нармальны. Але калі я стаў удакладняць парамэтры гэтага „нармальнага“ стану, ён запнуўся, потым выціснуў зь сябе, што недзе каля 50 кіляграмаў вага цела і ціск 90 на 60. Але нешта вельмі няўпэўнена ён гэта казаў. Тэмпэратура цела быццам таксама „нармальная“, але якая ў такім стане можа быць нармальная тэмпэратура?»

Сяргей Каваленка галадуе зь перапынкам зь сярэдзіны сьнежня мінулага году. Актывіст дамагаецца адмены прысуду ў 2 гады і 1 месяц за парушэньне рэжыму хатняй «хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Сёньня ж у Партызанскім і Цэнтральным судах Менску ішлі суды над слухачамі суботняга канцэрту ў ДК МТЗ, пасьля якога міліцыя затрымала каля ста чалавек, як мяркуецца, прыхільнікаў анархісцкага руху ды іншых пратэстных суполак. Усіх судзілі паводле артыкула аб дробным хуліганстве. 2 дні арышту атрымалі Павал Груневіч, Зьміцер Харланчук, Павал Бяланаў, Андрэй Сьцяпанаў, Аляксандар Педаш. Штрафы ад двух да пяці базавых велічынь паводле артыкула аб дробным хуліганстве атрымалі Аляксандар Ярашэвіч, Мікола Ўласенка, Яўген Рубашка, Уладзімер Дзьмітракоў, Павал Дзяркач, Дзьмітрый Гураў. Працэсы працягваліся ўвесь дзень, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

24 сакавіка прыкладна каля 19 гадзіны міліцыя ўварвалася ў ДК МТЗ на канцэрт, які арганізаваў міжнародны рух «Ежа замест бомбаў». Каля 100 чалавек былі затрыманыя, частка да судоў знаходзіліся ў ізалятары на Акрэсьціна. Якое парушэньне нібыта зрабілі ўдзельнікі канцэрту? Праваабаронца Наста Лойка распавяла:

Наста Лойка
Наста Лойка
«У пратаколах фігуруе тое, што яны лаяліся матам на тэрыторыі райаддзелу міліцыі. А ў рапартах супрацоўнікаў міліцыі запісана, што яны чапляліся да мінакоў і лаяліся на вуліцы Арлоўскай. І пры гэтым не супадае час: іх затрымалі а 19-й гадзіне, а паводле пратаколу — у 22.40. Мяркую, гэта абсурд, што ім прыпісалі. Працэсы праходзілі канвэерам. І мала дзе можна было трапіць на працэсы, паколькі ўсіх судзілі ў кабінэтах судзьдзяў, дзе мала месца».

Сёньня ж у Першамайскім судзе прысудзілі па 2 базавыя велічыні грашовага штрафу моладзевым актывістам Міхаілу Нарушэвічу і Зьмітру Пшэніку. 25 сакавіка ў Менску маладыя людзі спрабавалі вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG