Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае менскаму «Дынама» эўрапейская блякада?


Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі пад палітычныя санкцыі разам з чыноўнікамі, судзьдзямі ды сілавікамі трапіла футбольная каманда.

У чорным сьпісе, ухваленым 23 сакавіка Радай міністраў замежных спраў Эўразьвязу, разам з падразьдзяленьнямі холдынгу «Трайпл», які належыць бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, фігуруе футбольны клюб «Дынама» зь Менску.

Чыж выконвае функцыі старшыні Назіральнай рады, па сутнасьці, ён гаспадар калектыву. Як паўплываюць санкцыі на каманду з 85-гадовай гісторыяй?

Прадстаўнік футбольнага клюбу «Дынама» Алег Сабалеўскі кажа, што кіраўніцтва каманды пра пападаньне ў чорны сьпіс Эўразьвязу даведалася на выходныя, таму магчымыя наступствы толькі абмяркоўваюцца:

«Не магу вам пакуль што ў гэтым пытаньні нічога пракамэнтаваць, таму што інфармацыя зьявілася літаральна на днях, якраз былі выходныя, таму няма ніякай пэўнасьці, ніякай акрэсьленай пазыцыі. Калі будзе нейкая інфармацыя, каб пракамэнтаваць сытуацыю, то ў нас на афіцыйным сайце штосьці зьявіцца (калі, канечне, будзе нагода, каб нешта камэнтаваць). А калі не — то і не. Магчыма, хтосьці з кіраўнікоў мог бы нешта патлумачыць, але ня думаю, што менавіта зараз нехта возьмецца гэта рабіць».

Ці могуць санкцыі закрыць доступ у «Дынама» для замежных гульцоў эўразьвязаўскай прыпіскі? Дзеля справядлівасьці, іх у менскай камандзе ніколі не было шмат, але, прыкладам, мінулы сэзон колеры бела-блакітных абараняў француз Арэльен Мантаруп. І ці тычацца санкцыі менавіта футбольнага клюбу, а не таварыства «Дынама»? Алег Сабалеўскі лічыць, што хмары гусьцеюць усё ж над камандай:

«Ну, француз у нас ужо не гуляе, таму нешта мадэляваць няма сэнсу... Я думаю, усё ж маецца на ўвазе менавіта каманда, таму што каб санкцыі распаўсюджваліся на таварыства „Дынама“, то там было б наўпрост указана — таварыства „Дынама“. Але яшчэ раз кажу: наўрад ці зараз будзе нейкая пэўнасьць вакол гэтай сытуацыі. Магчыма, праз пару дзён зьявіцца больш канкрэтная інфармацыя, тады можна будзе пра нешта размаўляць».

У новым сэзоне склад дынамаўскага клюбу на 80% сфармаваны зь беларускіх гульцоў, астатнія пазыцыі разьмеркаваныя паміж прадстаўнікамі Ўкраіны, Бразыліі, Сэрбіі і Габону. Магчыма, падпісваць дарагіх эўрапейскіх гульцоў не прадугледжана каманднай стратэгіяй, а магчыма, папросту няма лішніх грошай. Бюджэт «Дынама» ў параўнаньні нават зь сярэднімі замежнымі клюбамі надзвычай сьціплы, ён не дацягвае і да 5 мільёнаў даляраў.

Па выніках сэзону 2011–2012 гадоў «Дынама» заняла 4-е месца і страціла шанцы выступаць у эўракубках. Іншымі словамі, афіцыйныя матчы пад эгідай UEFA дынамаўцам не пагражаюць, таму прагназаваць, ці не завернуць футбалістаў зь мяжы па дарозе ў нейкую з краін Эўразьвязу, таксама не выпадае.

Між тым, як лічыць спартовы аглядальнік Сяргей Аляхновіч, караць спартоўцаў за бізнэс свайго кіраўніка не зусім лягічна:

«Цяжка пра нешта канкрэтна казаць, але я не да канца разумею, у чым вінаватыя
Я не да канца разумею, у чым вінаватыя гульцы каманды? ...
Сяргей Аляхновіч

гульцы каманды? Таму, мне здаецца, гаворка ідзе вось пра што: паколькі ўведзеныя санкцыі супраць самога Юрыя Чыжа, то ня выключана, што яны зачэпяць і асобных супрацоўнікаў клюбу, то бок, спартовых функцыянэраў вышэйшага зьвяна. Але пры чым каманда, футбалісты да падтрымкі рэжыму?»

Карэспандэнт: «Ці могуць забараніць падпісваць кантракты з „Дынама“ гульцам — грамадзянам краінаў Эўразьвязу?»

«У прынцыпе, такая сытуацыя магчымая, бо сам па сабе гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі спорту. Выключэньнем — хіба былая Югаславія, калі з-за палітычных санкцыяў футбольнай зборнай гэтай краіны забаранілі выступаць на чэмпіянаце Эўропы 1992 году, замяніўшы іх Даніяй. Але як будуць разьвівацца адносіны — магчыма, да канца ня ведаюць і самі чыноўнікі Эўразьвязу: якія санкцыі і да каго менавіта ўжыць у герархіі менскага «Дынама»? Бо «Трайпл» — збольшага зразумела. Але «Дынама», той жа гіпэрмаркет «Прастор» — цяпер што, купляйце толькі беларускае? Ці піваварня «Ракаўскі бровар?»

У новым сэзоне кіраўніцтва каманды ставіць перад гульцамі максымальныя мэты, скіроўваючы іх на мэдалі чэмпіянату Беларусі. Пры такім раскладзе «Дынама» аўтаматычна атрымае шанец выступіць на міжнароднай арэне. Тады пытаньне санкцыяў зноў стане актуальным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG