«Што тычыцца кіраўніка турмы КДБ Арлова, то я цалкам падтрымліваю ўключэньне яго ў сьпіс. Гэта той чалавек, з боку якога былі і асабістыя пагрозы і які паводзіў сябе па-хамску. Фактычна зь яго боку гэта не было выкананьне сваіх абавязкаў кіраўніка сьледчага ізалятара КДБ. Ён паводзіў сябе надзвычай ініцыятыўна і рабіў вельмі шмат для таго, каб зламаць тых палітычных, што знаходзіліся ў турме КДБ».
З палкоўнікам Арловым непасрэдна сутыкаўся і яшчэ адзін былы вязень «амэрыканкі», Аляксандар Фядута. Ён кажа, што для яго зьяўленьне ў «чорным сьпісе» Арлова ня стала нечаканасьцю:
«Трапіў ён туды таму, што ў бытнасьць Арлова кіраўніком сьледчага ізалятара КДБ там з палітзьняволенымі адбывалася тое, што адбывалася. Перш за ўсё маюцца на ўвазе і гэтыя „маскі-шоў“, і немажлівасьць сустрэч з адвакатамі, і г.д. Я думаю, што менавіта гэта і прывяло да ўключэньня прозьвішча палкоўніка Арлова ў гэты сьпіс. То бок найперш гэтае рашэньне Брусэлю зьвязанае са справамі „дзекабрыстаў“.
Але, наколькі я ведаю, сёньня палкоўнік Арлоў ужо не працуе ў сьледчым ізалятары. Так што пацьвярджаецца такая вэрсія — уцягнуцца ў гэты вір мажліва. А вось як зь яго выплыць — невядома».
Брусэль уключыў у «чорны сьпіс» таксама судзьдзю Алену Жук і пракурора Дзьмітрыя Лутава, якія ўдзельнічалі ў судовым працэсе над Сяргеем Каваленкам. Жонка палітвязьня Алена рашэньне Эўразьвязу аб уключэньні іх у чорны сьпіс справядлівым:
«Але я думаю, што яно яшчэ і недастатковае для іх. Трэба пашыраць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі да той пары, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітзьняволеныя».
Алена Каваленка кажа, што рана ці позна, эўрапейскія санкцыі паўплываюць і на іншых прадстаўнікоў беларускай Фэміды:
«Цяпер рэжым яшчэ ў сіле. І таму судзьдзяў і пракурораў больш палохае тое, што зь імі можа тут зрабіць улада (звольніць з працы, пакінуць бяз сродкаў да існаваньня), чым магчымыя санкцыі. Я думаю, пакуль яны больш знаходзяцца пад ціскам існуючай улады, чым пад пагрозай санкцыяў».