Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША пры АБСЭ залікаў не перашкаджаць Дню Волі


Іэн Кэлі
Іэн Кэлі

Амбасадар ЗША пры АБСЭ Іэн Кэлі заклікаў урад Беларусі паважаць права ўсіх асобаў на мірныя сходы і не перашкаджаць сьвяткаваньню Дня Волі. Такую заяву ён зрабіў падчас выступу на нядаўнім пасяджэньні Сталай рады Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе ў Вене.

«Мы разумеем, што гарадзкія ўлады Менска дазволілі дэманстрацыю на Дзень Волі, 25 сакавіка, з выкарыстаньнем нацыянальных сымбаляў. Мы рашуча заклікаем урад Беларусі поўнасьцю паважаць правы ўсіх асобаў на выказваньне, мірныя сходы, свабоду аб’яднаньняў, і мы таксама заклікаем улады забясьпечыць неўмяшаньне міліцыі ў рэалізацыю гэтых правоў», — цытуе Кэлі сайт місіі ЗША пры АБСЭ.

Амбасадар заявіў, што ЗША «захоўваюць глыбокую заклапочанасьць у сувязі з сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека, асноўных свабодаў і вяршэнства права ў Беларусі», перадае БелаПАН.

Ён нагадаў аб справаздачах дакладчыка АБСЭ па Беларусі Эмануэля Дэко і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, згодна зь якімі «беларускай судовай сыстэме не хапае незалежнасьці; пад сумненьнем знаходзіцца права на прэзумпцыю невінаватасьці; і судзьдзі часта не рэагуюць на заявы аб тым, што паказаньні здабыты ў выніку прымушэньня, запужваньня, бесчалавечнага абыходжаньня і, магчыма, катаваньняў».

Паводле Кэлі, «гэтыя недахопы выклікаюць асаблівую заклапочанасьць у выпадку працэсаў, вынікам якіх могуць быць сьмяротныя прысуды, — такіх, як нядаўнія працэсы над Уладзіславам Кавалёвым і Дзьмітрыем Канавалавым».

ЗША глыбока заклапочаны сьмяротнай карай, якая «адбылася прыкладна праз сто дзён пасьля вынясеньня прысудаў на фоне паведамленьняў аб тым, што ўрад Беларусі мае намер зьнішчыць адпаведныя ўлікі».

«Любы працэс, асабліва такі, вынікам якога можа стаць вышэйшая мера пакараньня, неабходна весьці належным чынам, каб гарантаваць справядлівы прысуд, які выклікае давер», — адзначыў Кэлі, заклікаўшы беларускі ўрад «адрэагаваць на высновы справаздач Дэко і БДІПЧ».

Амбасадар таксама ўстрывожаны дзеяньнямі ўрада, якія абмяжоўваюць свабоду перамяшчэньня: «Адвольная забарона на замежныя паездкі крытыкаў урада Лукашэнкі супярэчыць абавязацельствам Беларусі ў рамках АБСЭ. Мы заклікаем урад неадкладна спыніць націск яго крытыкаў і прытрымлівацца абавязацельстваў у рамках АБСЭ, не абмяжоўваючы свабоду перамяшчэньня грамадзян».

Таксама Кэлі заклікаў урад Беларусі «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх вязьняў сумленьня, забясьпечыць іх поўную рэабілітацыю і спыніць ціск на палітычных актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і незалежных журналістаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG