Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць «невыязных» павялічваецца


Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

З кожным днём колькасьць асобаў, якіх не выпускаюць зь Беларусі, павялічваецца. У ноч з 21 на 22 сакавіка ў Берасьці зь цягніка высадзілі Вінцука Вячорку, які разам з 14-гадовай дачкой ехаў у Прагу. Гэта пры тым, што спадар Вячорка загадзя парупіўся і атрымаў даведку ў аддзеле грамадзянства і міграцыі, што яго ў базе невыязных няма. Што за гэтым стаіць, як дзейнічаць у такой сытуацыі?

Вінцук Вячорка стаў трынаццатым, каго завярнулі на мяжы. Ён распавёў, як усё адбывалася:

«Калі начальнік зьмены, маёр, выбачаючыся, пачаў казаць, што ня можа мяне выпусьціць за мяжу, я паказаў яму даведку, выдадзеную 13 сакавіка ў адпаведным аддзеле грамадзянства і міграцыі. На гэта ён адказаў, што для яго гэта ня мае значэньня, што ў яго ёсьць унутраныя інструкцыі. Я на гэта адказаў, што ведаю, што ёсьць закон, у законе ёсьць вычарпальны сьпіс прычынаў, што ёсьць база, і яна агульная. І ў гэтай базе мяне няма. На што ён яшчэ раз сказаў, што ў яго ёсьць унутраныя інструкцыі. І некалькі разоў паўтарыў: «Вы же сами всё понимаете».

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка на пытаньне, што за ўнутраныя інструкцыі ў памежнікаў, адказаў так:

«Пакуль ніяк не магу пракамэнтаваць, таму што ня ў курсе. Але я сумняюся, што такія размовы былі наконт „разумееце, не разумееце“, хтосьці там чырванее, хтосьці вочы апускае — гэта такія старыя прыёмы, якія неаднаразова ўжо выкарыстоўваюцца пакрыўджанымі».

Што да выпадку зь Вінцуком Вячоркам, юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла выказаў меркаваньне, што, хутчэй за ўсё, Вячорка ў базе дадзеных ужо ёсьць, бо гэтая база пастаянна папаўняецца. Даведку Вячорка атрымаў 13 сакавіка, а зараз ужо 22-га:
Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

«Таму што адвольна памежнікі таксама ня могуць дзейнічаць. Я думаю, што Вячорка, канечне ж, унесены ў базу дадзеных. Яму трэба хуценька пайсьці зараз у той жа аддзел грамадзянства і міграцыі і запатрабаваць пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі. І яны цягам сутак абавязаныя выдаць на рукі гэтую даведку».

Прэс-сакратар Памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка пацьвердзіў, што база ў электронным выглядзе папаўняецца ў рэжыме он-лайн:

«Пры праверцы дакумэнтаў старонка, якую чытае машына, пры звароце да базы выдае апошнюю інфармацыю, якая ёсьць у базе».

Юрыст і праваабаронца Гары Паганяйла адзін зь першых аказаўся невыязным. І вырашыў прайсьці ўсе этапы, увесь шлях менавіта па законе. Спачатку ў аддзеле грамадзянства і міграцыі Маскоўскага раёну атрымаў даведку, што ён праходзіць па справе аб банкруцтве. Але ў Міністэрстве юстыцыі і ў Вышэйшым гаспадарчым судзе яму адмовіліся паведаміць, які суд і па якой справе прызнаў яго банкрутам. Зараз спадар Паганяйла зьвярнуўся зь пісьмовымі заявамі ў Генэральную пракуратуру і МУС, а таксама падаў скаргу ў суд Маскоўскага раёну на дзеяньні Мін’юсту і Вышэйшага гаспадарчага суду.
У Міністэрстве юстыцыі і ў Вышэйшым гаспадарчым судзе яму адмовіліся паведаміць, які суд і па якой справе прызнаў яго банкрутам.

Што да выпадку зь Вячоркам, у якога была даведка, але яго не прапусьцілі, спадар Паганяйла раіць дзейнічаць наступным чынам:

«Ну, па-першае, на мяжы трэба было ўзяць дакумэнт, на якой падставе яго не прапусьцілі. Ня хочуць выдаваць — на мяжы ёсьць кніга скаргаў і прапановаў, што, маўляў, начальнік зьмены адмовіўся прадставіць мне зьвесткі, зь якой прычыны мяне ня выпусьцілі. Таму што калі не выпускаюць, прынамсі павінны даць пісьмовае абгрунтаваньне».

Ну, а потым ісьці па этапах. Пісаць скаргі, патрабаваць пісьмовых адказаў і абгрунтаваньняў, зьвяртацца з заявамі ў суд.

Днямі ў Маскве ў інтэрвію тэлеканалу «Russia Today» Аляксандар Лукашэнка на пытаньне журналіста Аляксандра Гурнова, ці створаны сьпіс невыязных з краіны, адказаў:

«А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзем».

Юрыст Гары Паганяйла такім чынам пракамэнтаваў выказваньне кіраўніка краіны:
І ўсе чыноўнікі, пачынаючы зь яго і заканчваючы апошнім старшынём сельсавету, дазваляюць сабе чыніць свавольства.

«Лукашэнка дзейнічае ірацыянальна. Ён дзейнічае не на падставе закону, а на падставе палітычнай мэтазгоднасьці. І наагул, у краіне вяршэнства права, канстытуцыйнай законнасьці, незалежнасьці судоў ім жа, галоўным чыноўнікам, парушана. І ўсе чыноўнікі, пачынаючы зь яго і заканчваючы апошнім старшынём сельсавету, дазваляюць сабе чыніць свавольства».

Лукашэнка абвінаваціў менавіта апазыцыянэраў у падбухторваньні Захаду да ўвядзеньня санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, бізнэсмэнаў і прадпрыемстваў. На гэтае абвінавачаньне Гары Паганяйла адказаў так:

«Мы дзейнічаем абсалютна маральна, апраўдана. Таму што ўнутры краіны дамагчыся аднаўленьня права, выкананьня законаў нельга. І пакараць вінаватых ніяк нельга. Таму калі ў Захаду ёсьць такія інструмэнты, то мы і зьвяртаемся: «Выкарыстайце такія інструмэнты ў дачыненьні да нашых чыноўнікаў».

23 сакавіка ў Брусэлі на пасяджэньні Рады Эўрапейскага Зьвязу будзе разглядацца пытаньне пра пашырэньне санкцыяў супраць беларускіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG