Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка палову інтэрвію гаварыў пра Бога


Аляксандар Гурноў, Photoxpress.ru
Аляксандар Гурноў, Photoxpress.ru
Журналіст тэлеканала Russia Today Аляксандр Гурноў распавёў Эўрарадыё, як зьмянілася атачэньне Лукашэнкі і чаму кіраўнікам такі важны спорт.

Як хутка Лукашэнка пагадзіўся на інтэрвію? Ад каго ішла ініцыятыва?

Аляксандар Гурноў: Я не ўпершыню сустракаюся з Лукашэнкам. А як мне вядома, ён любіць журналістаў, зь якімі раней размаўляў і ведае іх, якія для яго не зьяўляюцца сюрпрызам. Колькі часу дамаўляліся, ня ведаю, але, напэўна, пару тыдняў.

Хто акрэсьліў тэмы гутаркі? Нейкія абмежаваньні былі?

Аляксандар Гурноў: Натуральна, я акрэсьліў тэмы інтэрвію. Абмежаваньняў ніякіх не было. Чакалі мы іх амаль 6 гадзінаў праз затрымку на абедзе з нашым кіраўніцтвам. Людзі зь яго атачэньня самі вельмі хацелі, каб я зь ім пагутарыў пра саміт ЭўрАзЭС. І яшчэ яны прапанавалі: а вось вы Аляксандру Рыгоравічу скажыце пра біятлён і як выдатна беларусы там выступілі. Але пра гэта я ня стаў казаць, бо мне падалося, што гэта не галоўная тэма. Хаця гэта звыклая практыка, калі намагаюцца прапанаваць тэмы для размовы зь першай асобай, якія шэфу будуць прыемныя. У Лукашэнкі адно з самых прыемных для зносінаў атачэньне, у параўнаньні з атачэньнямі іншых прэзыдэнтаў. Заўжды адкрытыя і гатовыя дапамагчы.

Вам падалося, што Лукашэнка быў шчыры?

Аляксандар Гурноў: Учора ён быў гранічна шчыры. Мы зь ім практычна палову інтэрвію размаўлялі пра Бога. Пра тое, як ён мяркуе, ці даруе яму Бог за тое, што ён рэгулярна пасылае людзей на сьмерць. Я быў зьдзіўлены, ён сказаў: штораз падпісваць адмову на прашэньне аб памілаваньні, вы, Саша, не паверыце, гэта самае цяжкае ў працы прэзыдэнта. А адмяніць сьмяротнае пакараньне мы ня можам, таму што народ не зразумее.

Я ў яго спытаў, ці даруе яму Бог гэта. Ён сказаў: «За гэтых даруе. Я падпісваю толькі па тых, па якіх я перакананы на 100 адсоткаў, што яны зьдзейсьнілі тыя злачынствы, за якія нашым законам прадугледжанае сьмяротнае пакараньне. Але ня ведаю, ці даруе мне Бог за іх маці». Вось гэта было вельмі моцна пачуць ад Аляксандра Лукашэнкі, якога ўсе лічаць чалавекам досыць жорсткім і прагматычным, калі ён сказаў, што за маці ён адчувае адказнасьць перад Богам.

Зразумела, што кіраўнік краіны ня з тых, хто проста так пагаджаецца на інтэрвію. Як вы думаеце, ён намагаўся праз вас перадаць нейкі пасыл, напрыклад, на Захад?

Аляксандар Гурноў: Безумоўна, Аляксандар Лукашэнка ня з тых, хто дае інтэрвію, калі яго пра гэта просяць. Яны даюць інтэрвію, калі ім гэта трэба. Вядома, яму штосьці было трэба. Мая мэта была паказаць яго як чалавека. Я лічу, што Лукашэнка — асоба, вартая вывучэньня. Калі меркаваць па тэмах, на якія ён вельмі разгорнута адказваў, то іх было тры: саміт ЭўрАзЭС, апазыцыя і санкцыі. Мне здаецца, чыста па-людзку, яму была б вельмі непрыемная адмена чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году. Гэта будзе вялізны ўдар па ягонай рэпутацыі і рэпутацыі краіны. І ён разумее, што для беларусаў гэта будзе непрыемна. Мяне заўсёды зьдзіўляе, чаму для кіраўнікоў так важны спорт? Можа, таму што гэта імітацыя вайны, але мірная? Можна ваяваць адно супраць аднаго або ваяваць зброяй адно аднаго ў Афрыцы. Але і тое, і іншае становіцца менш рэальнае, вось і застаецца біятлён.

Вы не ўпершыню сустракаецеся з кіраўніком Беларусі. Як ён зьмяніўся апошнім часам?

Аляксандр Гурноў: Ён стаў больш шчыры, можа быць таму, што даўно мяне ведае. Але, зь іншага боку, ён чамусьці вельмі нэрвова рэагуе на Шушкевіча і ўсю апазыцыю. Раней ён неяк спакойна да іх ставіўся. А ўчора ён неяк завёўся на Шушкевіча. Я ў яго спытаў: чаму Шушкевіча не выпусьцілі з краіны? Ён гэта блізка да сэрца ўспрыняў і мы доўга пра яго размаўлялі.

Калі казаць наогул, ён становіцца больш упэўнены ў сабе. Вельмі ўмела ўключае абаяньне. І гэта нават перадаецца ягонаму атачэньню. Калі раней вакол бацькі бегалі, бы заведзеныя, то цяпер сталі спакайнейшыя. Такой беганіны вакол першай асобы, якая была тры гады таму, я не заўважыў.

Ад адказаў на якія пытаньні ён сыходзіў?

Аляксандр Гурноў: Ён не сыходзіў ад адказаў і адказваў падрабязьней, чым таго патрабавалі абставіны. У мяне інтэрвію вельмі жорсткае — 30 хвілінаў. І мы яго робім у рэжыме простага эфіру: як паразмаўлялі, гэтак яно і выходзіць без купюр. Празь яго падрабязныя адказы я, мабыць, і не пасьпеў задаць яму некаторыя пытаньні, напрыклад, пра эканоміку.

Наколькі, як вам падалося, Лукашэнка рашуча настроены ў адносінах да санкцый?

Аляксандар Гурноў: Ён мне недвухсэнсоўна даў зразумець, што не гатовы на зьдзелкі. Ідэя ў тым, што факт увядзеньня санкцый не азначае, што за зьняцьце яны могуць разьлічваць на гандаль. Ён гатовы дамаўляцца. Гэта як адна краіна напала на іншую і прапануе дамаўляцца. Вы спачатку войскі выведзіце. Вось і ён лічыць: спачатку скасуйце санкцыі, потым будзем дамаўляцца.

Пры ўсіх мінусах, ён малайчына ў тым, што размаўляе з Эўропай з пункту гледжаньня кіраўніка вялікай дзяржавы. Ён адмаўляецца ўлазіць у той імідж, які яму малююць на Захадзе. Яго там намагаюцца прадставіць нейкім пацешным дыктатарам аскепку былой Расейскай імпэрыі.

Якое ключавое пытаньне вы яму задалі?

Аляксандр Гурноў: Ключавое пытаньне я яму не пасьпеў задаць. Калі ўжо скончыўся час інтэрвію, мне прыйшло ў галаву папрасіць яго сфармуляваць паняцьце дыктатуры і як ён сам вызначае форму кіраваньня, што існуе ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG