Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выдаліць выродлівую пухліну»


Напярэдадні паседжаньня Рады Эўразьвязу ў Брусэлі ў беларускім пытаньні кіраўнік праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр і кіраўнік Фонду дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала Ёрг Форбрыг пішуць у EUobserver у разьдзеле «Меркаваньне» пра тое, «што павінен зрабіць ЭЗ, каб спыніць дзяржаўны тэрор у Беларусі».

Апраўдваючы вобраз апошняга дыктатара Эўропы, Аляксандар Лукашэнка дадаў яшчэ два злачынствы ў доўгі сьпіс рэпрэсій супраць уласнага народа.

Лукашэнка адмовіўся памілаваць двух маладых людзей, асуджаных пастановачным судом за выбух у мэтро Менска, і, нягледзячы на ўнутраныя і міжнародныя пратэсты, пакараў сьмерцю іх на мінулым тыдні. Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Эўропе, дзе да гэтага часу ўжываецца сьмяротнае пакараньне, што выклікае асаблівую занепакоенасьць, улічваючы жахлівую сытуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Лукашэнка таксама склаў сьпіс беларускіх дэмакратаў, якім забаронена выяжджаць за мяжу, фактычна ўзяўшы ў закладнікі каля 150 лідэраў апазыцыі, праваабаронцаў і незалежных журналістаў.

Першаму лідэру постсавецкай Беларусі Станіславу Шушкевічу забаранілі пакідаць краіну ў канцы мінулага тыдня, калі яго высадзілі зь цягніка ў Вільню на загад уладаў. Забарона на выезд супярэчыць беларускаму заканадаўству, якое дапускае ўжываньне такой меры толькі да даўжнікоў, ухілістаў і падазраваных у крымінальных злачынствах.

Абодва крокі сталі адказам на нядаўняе пашырэньне Эўропай санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску. Раней Лукашэнка выслаў паслоў Польшчы і Эўрапейскага Зьвязу з краіны.

Відавочна, Лукашэнка хоча прадэманстраваць, што ён кантралюе сытуацыю, якая становіцца ўсё больш нестабільнай і небясьпечнай. Адказам ЭЗ, які мяжуе зь Беларусьсю, павінна стаць не паслабленьне ціску, а ўсё больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму, каб паскорыць яго крах.

Яго аўтарытарная сыстэма функцыянуе толькі таму, што запалоханыя звычайныя людзі, маўчаць прыхільнікі дэмакратычных пераўтварэньняў і верны рэпрэсіўны апарат.

Такім чынам кіраўнік Беларусі пастаянна нагадвае сваім суайчыньнікам, што дзяржава будзе забясьпечваць іх дабрабыт, толькі калі яны ўстрымаюцца ад адкрытай палітычнай крытыкі...

Тым ня менш, гэтыя асновы беларускай дыктатуры становяцца ўсё больш зношанымі...

...Лукашэнка сур'ёзна аслаблены знутры і звонку. Ён імкнецца здавацца моцным і ўпэўненым, але хаваць прыкметы страху і адчаю становіцца ўсё больш складана. Гэта стварае беспрэцэдэнтныя магчымасьці для беларускіх дэмакратаў і іх заходніх, перш за ўсё эўрапейскіх партнэраў для таго, каб дамагчыся зьменаў у Беларусі. 23 сакавіка падчас сустрэчы міністраў замежных справаў неабходна скарыстацца гэтымі магчымасьцямі.

Пасьля таго, як Лукашэнка выгнаў паслоў ЭЗ і Польшчы на знак пратэсту супраць санкцый у мінулым месяцы, эўрапейскія краіны праявілі выдатную рашучасьць, адклікаўшы ўсіх сваіх паслоў.

ЭЗ павінен зрабіць умовай вяртаньня паўнавартасных дыпляматычных адносін вызваленьне і рэабілітацыю ўсіх палітычных зьняволеных, у тым ліку кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і Міколы Статкевіча і праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Пакуль гэтага не адбудзецца, беларускім амбасадарам у эўрапейскіх сталіцах рабіць няма чаго.

Паралельна з гэтым ЭЗ павінен пашырыць візавыя забароны для асобаў, зьвязаных зь беларускім рэжымам, у тым ліку, для асноўных фінансістаў Лукашэнкі, а таксама асобаў, якія ўдзельнічаюць у расьсьледаваньні, судзе і пакараньні двух меркаваных арганізатараў тэракту ў мэтро і чыноўнікаў, якія прымаюць удзел ва ўвядзеньні забароны на выезд з краіны беларускіх дэмакратаў.

Гэта сыгнал саўдзельнікам Лукашэнкі аб тым, што іх рэпрэсіўныя дзеяньні не застануцца незаўважанымі і беспакаранымі.

І, нарэшце, самае галоўнае. Эўропа павінна абмежаваць эканамічныя сувязі з Беларусьсю.

За адзін толькі мінулы год беларускі гандаль з ЭЗ вырас на 220 адсоткаў. Гэтыя даходы дапамагаюць падтрымліваць працу апарату тэрору Лукашэнкі, а не прыносяць карысьць насельніцтву краіны.

Вельмі важна, каб беларускім прадпрыемствам, у тым ліку тым, якія гандлююць нафтапрадуктамі і ўгнаеньнямі, галоўнымі экспартнымі таварамі краіны, у прыватнасьці «Беларуськалію», забаранілі працаваць у краінах ЭЗ.

Сьледзтвам гэтага стане непрывабнасьць кампаніі для інвэстараў і для тых, хто зацікаўлены ў яе захопе, тым самым будзе прадухілены плянаваны рэжымам распродаж «фамільнага срэбра» Беларусі.

Суровыя, як можа здацца па стандартах ЭЗ, меры зьяўляюцца неабходнымі і магчымымі менавіта цяпер. Неабходнымі, таму што рэжым Лукашэнкі коціцца ў бездань, і толькі рашучыя дзеяньні з боку Эўропы могуць дапамагчы прадухіліць жудасныя наступствы гэтага для беларускага народа. Магчымымі, таму што нарэшце склалася шырокая кааліцыя эўрапейскіх краінаў, якая, здаецца, вырашыла выдаліць з Эўропы выродлівую пухліну дыктатуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG