Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: Глямурны дыктатар


Мы ўяўляем жорсткіх дыктатараў у абліччы садысцкіх мужчынаў. Башар аль-Асад – сучасны дыктатар, піша калюмніст Financial Times Роўла Халаф.

Асад, як і іншыя тыраны, адарваны ад рэальнасьці, ён не зьвяртае ўвагі на пакуты сырыйцаў, якія доўжацца вось ужо год. Але ён адначасна – апрануты ў джынсы карыстальнік кампутара, які жыве, здавалася б, нармальным жыцьцём са сваёй глямурнай жонкай брытанскага паходжаньня.

Guardian апублікавала е-мэйлы гэтай сужэнскай пары, зь якіх вынікае, што ў час, калі на загад 46-гадовага Асада ідуць абстрэлы жылых раёнаў, ён замаўляе любімую музыку на іTunes і абменьваецца песьнямі з жонкай. Калі гэтая інфармацыя сапраўдная, выглядае, што ён няшмат клапоціцца пра абвешчаныя ім жа самім рэформы.

Асма аль-Асад, якую многія сырыйцы лічаць адчужанай ад улады, падобна, выдатна і камфортна адчувае сябе ў ролі жонкі дыктатара, набываючы дарагія ювэлірныя вырабы і замаўляючы мэблю з буціка ў Парыжы. Згодна з узламанай электроннай поштай, яна просіць дастаць кнігі пра Гары Потэра, як быццам нічога ня можа быць больш важнага для сям'і.

Пасьля таго, як у 2000 годзе Асад атрымаў уладу ў спадчыну ад свайго бацькі, некаторыя лёнданскія назіральнікі спадзяваліся, што ён ператворыцца ў рэфармісцкага лідэра. Шмат якія ягоныя замежныя суразмоўцы былі перакананыя, што ён ня будзе праводзіць жорсткую лінію.

І празь некалькі месяцаў пасьля пачатку летась у сакавіку паўстаньня супраць Асада многія сырыйцы яшчэ мелі спадзяваньні на цудоўныя пераўтварэньні. Быць можа, рэвалюцыя была для Асада магчымасьцю адхіліць ад улады некаторых адыёзных асобаў ягонага рэжыму, у тым ліку брата Махера. Але людзі былі расчараваныя, калі прэзыдэнт пачаў апраўдваць жорсткасьць сілаў бясьпекі «барацьбой з тэрарыстамі».

Экспэрты, якія вывучылі е-мэйлы Асада, заявілі, што сырыйскі лідэр не зьяўляецца звычайным дыктатарам.

Джэймс Фэлон, амэрыканскі нэйрабіёляг, які піша пра мэнтальнасьць дыктатараў, заўважае, што Асад падзяляе некаторыя характарыстыкі іншых тыранаў – адсутнасьць спагады і прагу лісьлівасьці (ён атачае сябе маладымі жанчынамі, памочніцамі, якія, здаецца, у захапленьні ад яго). Але дасьледчык знаходзіць яго «няпоўным дыктатарам», з садысцкімі схільнасьцямі. «Ён робіць уражаньне бездапаможнага падлетка, трохі тырана, слабога лідэра... прабачце, характару», кажа прафэсар Фэлон.

Джэральд Пост, прафэсар псыхіятрыі ва ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона, кажа, што Асад «вырас на каленях бацькі і засвоіў правілы. Ён паслухмяна ішоў у рэчышчы бацькі, але гэта не было часткай яго псыхалягічнага разьліку, ён не прайшоў школу тонкасьцяў кіраваньня таталітарнай дзяржавай».

Асад можа ўпісацца ў «банальнасьці зла», канцэпцыю нямецкага палітычнага філёзафа Ханны Арэнт – паводле якой, звычайныя людзі могуць зьдзяйсьняць злачынствы, таму што яны разглядаюць іх як нармальны спосаб працы і ня здольныя ацэньваць наступствы сваіх дзеяньняў. (Ханна Арэнт назірала за працэсам Адольфа Эйхмана, які ў Ізраілі ў 1961 годзе быў прызнаны нацысцкім злачынцам і пакараны сьмерцю. – Свабода).

Асад апынуўся верным вучнем бязьлітаснай стратэгіі свайго бацькі. Што зрабіла яго патэнцыйна больш небясьпечным, дык гэта тое, што яму не хапае сілы характару Хафэза Асада, яго досьведу і ўпэўненасьці ў сабе.

Яшчэ ў 1982 годзе Асад бамбаваў горад Хама, каб задушыць паўстаньне Мусульманскага братэрства, забіўшы больш чым 20000 чалавек. Трагедыя Хамы паўтараецца зараз – ў запаволеным тэмпе. І ў час, калі актывісты пасылаюць праз Інтэрнэт выявы пакутаў і разбурэньняў, Асад-малодшы шукае ў сеціве забавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG