Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звар’яцець з-за беларускага сьмяротнага пакараньня


Юлія Латыніна
Юлія Латыніна

Ня трэба ператвараць барацьбу за свабоду ў змаганьне за тое, каб даказаць, што асуджаны маньяк і забойца зьяўляецца невінаватым. Той факт, што Лукашэнка зьяўляецца дыктатарам, ня робіць з Канавалава пакутніка, піша расейская журналістка Юлія Латыніна ў The Moscow Times --> http://www.themoscowtimes.com/opinion/article/losing-your-mind-over-the-belarus-executions/455143.html .

У Беларуcі пакаралі сьмерцю 26-гадовых Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва паводле абвінавачаньня ў тэракце ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году.

Прыхільнікі ахвяраў і праціўнікі прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўсклалі кветкі і запалілі сьвечкі ля беларускай амбасады ў Маскве. Інтэрнэт кіпіць, людзі асуджаюць дзеяньні ўладаў. Адным з тыповых прыкладаў зьяўляецца допіс журналісткі Вольгі Бакушынскай у Жывым Журнале: «Яны сапраўды забілі іх. Божа, дапамажы і памятай пра іх».

Ці гэтыя людзі страцілі розум?

У выніку выбуху бомбы былі забітыя 15 чалавек і паранена больш за 300 чалавек. Гэта разьюшыла Лукашэнку.

Беларускія спэцслужбы адказалі ва ўласьцівай любой таталітарнай дзяржаве манеры — як выдатна наладжаная машына. Яны прааналізавалі запісы камэраў назіраньня на станцыях мэтро, дзе адбыўся выбух, і ўбачылі чалавека, які пакінуў 20-кіляграмовую торбу і падняўся па прыступках да выхаду, дзе камэры захапілі ягоны твар. Улады вывучылі кадры з усіх камэраў мэтро, вызначылі станцыю, на якой выйшаў Канавалаў, і прыйшлі да яго дадому на дзень пазьней.

Канавалаў пакінуў свой дом у Віцебску і прыбыў у Менск за дзень да тэракту. У падвале ягонага дома сьледчыя выявілі лябараторыю, у якой былі як выбуховыя рэчывы, так і мэталічныя шарыкі і аскепкі, ідэнтычныя тым, якія выкарыстоўваліся падчас выбуху.

І гэта ня першы выбух такога тыпу. Дзьве самаробныя выбуховыя прылады былі ўзарваныя у Віцебску ў верасьні 2005 году, а затым на сьвяце ў Менску на Дзень незалежнасьці 3 ліпеня 2008 году. Падчас другога інцыдэнту адна з бомбаў ня выбухнула, і міліцыі ўдалося зьняць адбіткі пальцаў з пакета ад соку, у якім была знойдзена прылада.

Беларускія спэцслужбы затым перавярнулі неба і зямлю, каб знайсьці тэрарыстаў. Яны апыталі 854 сьведак, праверылі 84 000 абанэнтаў мабільнай тэлефоннай сувязі, правялі 509 ператрусаў і ўзялі адбіткі пальцаў у 2 мільёнаў беларусаў. Але Канавалаў быў хворы ў той дзень, калі міліцыянты бралі адбіткі пальцаў на заводзе, дзе ён працаваў, і калі пазьней яго прызвалі ў войска, ён сказаў, што ўжо здаў адбіткі пальцаў на працы.

Калі ўлады, нарэшце, затрымалі Канавалава, яго адбіткі пальцаў супадалі з тымі, што былі на пакеце ад соку. Сьледчыя змаглі рэканструяваць, як адбывалася злачынства да кожнай сэкунды.

Усё гэта прагучала публічна на судзе, і вялікая частка гэтых фактаў была даступная праз інтэрнэт.

Ці засталіся сумневы адносна віны Канавалава? Ці можа хто-небудзь насамрэч лічыць, што кадры назіраньня ў мэтро былі сфабрыкаваныя, і што крыважэрны беларускі рэжым аддаў тры гады і сотні тысячаў гадзінаў, каб знайсьці ўладальніка адбіткаў пальцаў, якія ўлады самі нанесьлі на пакет ад соку?

Ці Лукашэнка, які кантралюе абсалютна ўсё ў Беларусі, меў прычыны пакінуць справу нераскрытай на працягу шасьці доўгіх гадоў і з такімі велізарнымі выдаткамі?

Хіба Лукашэнка спрабаваў зваліць выбухі на палітычную апазыцыю, у Маскве ці ў Вашынгтоне? Не, вэрдыкт ясна паказаў, што маньяк падарваў бомбы дзеля свайго задавальненьня.

Калі камусьці не падабаецца той факт, што ў Беларусі існуе сьмяротнае пакараньне, то яны павінны пратэставаць супраць сьмяротнага пакараньня. Калі ім не падабаецца той факт, што Лукашэнка зьяўляецца дыктатарам, яны павінны пратэставаць супраць дыктатуры.

Але яны ніколі не павінны ператвараць барацьбу за свабоду ў змаганьне за тое, каб даказаць, што асуджаны маньяк і забойца зьяўляецца невінаватым. Той факт, што Лукашэнка зьяўляецца дыктатарам, ня робіць з Канавалава пакутніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG