Лінкі ўнівэрсальнага доступу

EUobserver: Ад лукашэнкаўскіх лабістаў у Брусэлі не адбіцца


Інтэрнэтнае выданьне EUobserver --> http://euobserver.com/1023/115318 піша, што ў Брусэлі, сталіцы Эўразьвязу, назіраецца «беспрэцэдэнтны ўзровень лабіраваньня» інтарэсаў Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле выданьня, пралукашэнкаўскія лабісты перш за ўсё стараюцца паўплываць на склад сьпісу неўязных у Эўразьвяз чыноўнікаў і афіцыйных асобаў зь Беларусі.

Як чакаецца, гэты сьпіс мае быць папоўнены новымі прозьвішчамі 23 сакавіка, падчас чарговага пасяджэньня Рады замежных справаў ЭЗ.

Паводле EUobserver, да сьпісу асобаў і прадпрыемстваў пад візавымі і эканамічнымі санкцыямі гэтым разам дададуць бізнэсоўца Юрыя Чыжа, якога не ўдалося ўпісаць падчас папярэдняга пасяджэньня Рады ў лютым, а таксама «некалькі кампаній» мільярдэра Ўладзіміра Пефціева і «жменю афіцыйных асобаў».

«Вы не паверыце, колькі чалавек змагло сюды прабіцца», — сказала EUobserver на ўмовах ананімнасьці высокая афіцыйная асоба ў структурах Эўразьвязу пра прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, кампаній і дыпляматаў, якія лабіравалі перад ёю за выключэньне Ўладзіміра Пефціева са сьпісу неўязных.

Паводле інтэрнэтнага выданьня, гэтая афіцыйная асоба ЭЗ пацьвердзіла, што Пефціеў сапраўды запрапанаваў 1 мільён даляраў узнагароды таму, хто даможацца ягонага вызваленьня ад санкцый.

EUobserver піша, што адна «антылукашэнкаўская» недзяржаўная арганізацыя зь сядзібай у Брусэлі апошнім часам паслала афіцыйным асобам ЭЗ ліст з 25 прозьвішчамі (уключна з Пефціевым), якія, паводле гэтай арганізацыі, падпалі пад санкцыі несправядліва. «Мы не публікуем гэтых прозьвішчаў, бо магчыма, што на асобы, якія распаўсюдзілі гэты сьпіс, рабіўся ціск, каб яны выканалі гэтую брудную працу», — адзначае EUobserver.

На думку выданьня, пашырэньню санкцый супраць беларускага рэжыму супраціўляюцца перш за ўсё Літва і Славенія, чые кампаніі ангажаваныя ў эканамічныя адносіны зь Беларусьсю, у тым ліку з кампаніямі Пефціева і Чыжа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG