Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва можа страціць мільярды даляраў ад санкцый адносна Беларусі



Пра гэта папярэджваюць прадстаўнікі літоўскага бізнэсу, паведамляе партал Delfi.

Праз тыдзень Эўразьвяз яшчэ раз будзе разглядаць пытаньне пашырэньня санкцый у дачыненьні да Беларусі, што можа аказаць наўпроставы ўплыў на эканамічнае супрацоўніцтва ЭЗ і гэтай краіны. Бізнэсоўцы папярэджваюць, што Літва, падтрымаўшы санкцыі, можа пацярпець велізарныя страты, піша газэта Valstiečių laikraštis.

15 сакавіка падчас пленарнага пасяджэньня сябра парлямэнцкага камітэту па замежных справах Дайліс Баракаўскас спытаў прэм’ера Андруса Кубілюса пра тое, што ўрад робіць для таго, каб ад магчымых санкцыяў у дачыненьні да Беларусі не пацярпелі літоўскі транзыт, экспарт і імпарт, а таксама ўся эканоміка краіны. Прэм’ер нібыта адказаў, што пазыцыя Літвы па гэтым пытаньні не павінна значна адрозьнівацца ад пазыцыі ўсяго Эўразьвязу.

Тым часам, прэзыдэнт Літоўскай асацыяцыі кампаній, якія займаюцца марскімі перавозкамі, Алаізас Кузмарскіс ўпэўнены, што ўрад выдатна разумее, што Літва ад іншых краін Эўропы адрозьніваецца тым, што празь Літву ідуць транзыт, экспарт на Ўсход і імпарт з Усходу менавіта праз Беларусь. А дыскусіі аб Беларусі ў Бруселі пагражаюць літоўскаму транзыту і ўсёй эканоміцы Літвы.

«Мы павінны рэальна ацэньваць жыцьцё. Бо Літва і Беларусь — ня проста блізкія суседзі, якіх аб’ядноўвае 1000 км агульнай мяжы, але і порт, чыгунка, шчыльныя эканамічныя адносіны. Таму наша стаўленьне да яе павінна адрозьнівацца ад меркаваньня Мальты ці Партугаліі, у якіх зь Беларусьсю мала што агульнага».

Бізнэсоўцы, якія сустрэліся з кіраўніком літоўскага ўраду, прасілі, каб міністар замежных спраў Аўдроніс Ажубаліс, які будзе прадстаўляць краіну на пасяджэньні міністраў замежных спраў ЭЗ, асьцярожна фармуляваў пазыцыю Літвы ў гэтым пытаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG