Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка: «Такое лячэньне — як катаваньне»


Жонка галадоўніка Сяргея Каваленка Алена зьбіраецца скардзіцца на дзеяньні па прымусовым вывадзе яе мужа з галадоўкі. Ці перавялі Алеся Бяляцкага з карантыну ў атрад? Мікалай Статкевіч турбуецца пра Зьмітра Дашкевіча. Павал Севярынец не выключае, што першым з палітвязьняў вызваляць Зьмітра Бандарэнку.

Алена Каваленка зьбіраецца абскарджваць дзеяньні адміністрацыі менскага ізалятару па прымусовым вывадзе яе мужа з галадоўкі. «Гэта не лячэньне, а катаваньні», — кажа Алена Каваленка пра тое, што ў выніку гвалтоўных дзеяньняў Сяргею Каваленку паставілі кропельніцу, пасьля чаго ў яго ўтварылася гематома на руцэ. Таксама Алена Каваленка будзе абскарджваць рашэньне аб прымусовым абсьледаваньні мужа ў псыхіятрычнай лякарні. Жонка вязьня працытавала ліст, які атрымала сёньня з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў:

«„14.03.2012 году Каваленка С. А. агледжаны дацэнтам катэдры псыхіятрыі і наркалёгіі Беларускай мэдыцынскай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. Выстаўлены дыягназ — расстройства адаптацыі. Рэмакэндавана псыхіятрычнае абсьледаваньне на прадмет удакладненьня дыягназу і магчымага лячэньня з мэтай прадухіленьня наступстваў, якія небясьпечныя для здароўя. На падставе рэкамэндацый зараз вырашаецца пытаньне аб далейшым лячэньні Каваленкі С. А. ў псыхіятрычнай лячэбнай установе з мэтай спыненьня адмовы ад прыёму ежы“. Атрымліваецца, што ў звычайны шпіталь яго не кладуць, а зьбіраюцца пакласьці ў псыхушку і зрабіць зь яго вар’ята. Гэта я лічу працягам катаваньняў і зьдзекам, працягам таго, што ўчора яны пачалі яго прымусова лячыць».

Алена Каваленка з братам Сяргея Віталём зьбіраюцца 19 сакавіка прыехаць у Менск, каб сустрэцца зь Сяргеем Каваленкам. «Не выключаем, што ён будзе ўжо ў Навінках і сустрэчу не дазволяць, але ў нас няма іншага выйсьця», — кажа жонка галадоўніка.


Праваабаронца Алесь Бяляцкі даслаў жонцы ліст, у якім прадказвае, што 15 сакавіка яго могуць перавесьці з ізалятару ў атрад. «Ці перавялі сапраўды, невядома, але магчыма, што наступны ліст напіша ўжо з атраду», — кажа Натальля Пінчук. Пра здароўе і самаадчуваньне Алесь Бяляцкі нічога не напісаў, але паводле ліста Натальля робіць выснову, што настрой у мужа бадзёры:
Піша, што і на паветра выходзіць, і прыроду бачыць, і сонца вясновае адчувае.

«Піша, што і на паветра выходзіць, і прыроду бачыць, і сонца вясновае адчувае. Такія рэчы добрыя апісвае».

Ужо каля месяца Алеся Бяляцкага трымаюць у Бабруйскай калёніі, куды перавялі з Жодзінскага ізалятару.


Мікалай Статкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта, таксама піша, што шмат выходзіць на прагулкі і радуецца вясьне, якая прыйшла і ў турэмны дворык Магілёўскай калёніі. Пасьля першага за 7 месяцаў зьняволеньня тэлефоннага званку ад мужа жонка палітвязьня Марына Адамовіч атрымала ад яго яшчэ два лісты. У адным зь іх Мікалай Статкевіч выказвае занепакой лёсам Зьмітра Дашкевіча, якога днямі зноў зьмясьцілі ў карцэр Глыбоцкай калёніі. Як можа далей скласьціся лёс Дашкевіча паводле Мікалая Статкевіча?

«У апошнім лісьце піша, што зь ім могуць быць наступныя варыянты. Альбо яго рыхтуюць да пераводу ў крытую турму, альбо вядуць на 411 артыкул. Альбо каб проста даць яшчэ на паўгады ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Варыянт 411-га палохае болей за ўсё», — кажа Марына Адамовіч.

411 артыкул Крымінальнага Кодэксу — гэта злоснае парушэньне патрабаваньняў адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі. Максымальнае пакараньне за гэтае злачынства — да 2 гадоў пазбаўленьня волі. Паводле пакараньня, якое зараз адбывае Зьміцер Дашкевіч, яго мусяць вызваліць у сьнежні.


«Хімік» Павал Севярынец у вольны час піша чарговы артыкул — зараз да 80-годзьдзя пастара Эрнста Сабілы. На пытаньне, ці магчыма ў хуткім часе вызваленьне каго з палітвязьняў, Павал Севярынец адказаў гэтак:

«Пра сябе я не чакаю гэтага. Адзінае, што дапускаю, што могуць вызваліць бліжэйшымі днямі Дзьмітрыя Бандарэнку. Гэта, мяркую, будзе. Усё астатняе, напэўна, будзе па адным і расьцягнецца на доўгія месяцы. Таму што бачна, што Лукашэнка вядзе гандаль, гандлюе людзкімі лёсамі».

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG