Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія чэкісты абвалілі фінансавую піраміду Маўродзі


Па прыкметах злачынства «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць» распачатая крымінальная справа.

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі спыніў дзейнасьць фінансавай піраміды «МММ-2011», узяўшы штурмам менскі офіс гэтай структуры і затрымаўшы яго супрацоўнікаў. Такім чынам, больш чым з 30 краінаў, куды дацягнулася разгалінаваная сетка расейскага авантурыста Сяргея Маўродзі, Беларусь пакуль адзіная, дзе піраміду развалілі сілком. Калі верыць прадстаўнікам МММ, за месяц працы ў Беларусі яны ахапілі больш за 100 тысяч чалавек, вяртаньне грошай якім цяпер знаходзяцца пад пытаньнем.

Офіс «МММ-2011» на праспэкце Незалежнасьці камітэтчыкі бралі з кіношным размахам. Спэцназаўцы ў масках і ў бронекамізэльках шумна ўварваліся ў памяшканьне, паставіўшы тварам да сьцяны чатырох маладых людзей. Фіксавалі акт правасудзьдзя здымачныя групы дзяржаўных каналаў. Неўзабаве ў інтэрнэце зьявілася і відэа захопу вярхушкі беларускай філіі фінансавай піраміды:

«Сталі ўсе да сьцяны, хутчэй! Дасталі мабільныя тэлефоны, усё выключылі, рукі на верх! Шырэй ногі, сталі побач. Выклалі ўсё, што ёсьць у кішэнях. Што з сабой ёсьць яшчэ?…»


У прысутнасьці панятых офіс абшукалі на наяўнасьць рэчаў, забароненых да абароту: наркотыкаў, зброі, буйных сум грашовых сродкаў. У КДБ паведамілі, што асобы, якія маюць дачыненне да дзейнасці фінансавай піраміды, затрыманыя і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар КДБ, накладзены арышт на банкаўскія рахункі «МММ-2011», кампутары і офісную тэхніку. Папярэднія страты ад фінансавай піраміды ацэньваюцца ў 500 мільёнаў рублёў ці звыш 60 тысяч даляраў у эквіваленце.

Па словах намесьніка начальніка цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Артура Стрэха, арганізатары фінансавай піраміды зьяўляюцца падазраванымі ў незаконнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі:

«Структура „МММ-2011“ не была зарэгістраваная ні ў падатковых органах, ні ў Міністэрстве спорту і турызму, паколькі, працуючы з грамадзянамі, яны прадстаўлялі сябе арганізацыяй, якая праводзіць акцыі накшталт розыгрышу спартовых лятарэяў. То бок фактычна ажыцьцяўлялі сваю дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь незаконна».

Паказальна, што яшчэ за некалькі дзён да «зачысткі» тэрыторыі МММ праваахоўныя органы заяўлялі, што ня маюць ніякай зачэпкі, каб ушчыльную заняцца фінансавай пірамідай. Маўляў, паколькі няма пацярпелых, а таксама не паступала скаргаў на дзейнасьць структуры, то пра нейкія прэвэнтыўныя захады ня можа быць і гаворкі. Аднак КДБ, мяркуючы па ўсім, у гэты ж час ужо выношваў зусім іншыя пляны.

Але чым можна патлумачыць той факт, што ўжо апёкшыся на пірамідзе Маўродзі напачатку 1990-х, некаторыя беларусы зноў акунуліся ў рызыкоўную авантуру? Экс-кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч тлумачыць гэта найперш прыродай чалавечай сквапнасьці. Разам з тым, ён лічыць, што ўлады занадта доўга назіралі за будаўнікамі піраміды, дазволіўшы многім разьвітацца са сваімі ашчаджэньнямі. Відаць, ужо назаўсёды:
Дык не, давялі сытуацыю да таго, што нехта ўжо прынёс грошы, частка народу прадэманстравала сваю недалёкасьць.

«Калі чым і можна патлумачыць, то толькі стратай розуму. Мабыць, гэта яшчэ адно сьведчаньне пра спэцыфічныя рысы славянскага народу: ён ведае, што нельга, але паддаецца на любую афэру, на любую агітацыю ў пагоні за тым, каб узбагаціцца. Справа перадусім у так званай халяве. Зь іншага боку, я не староньнік і не магу падтрымаць мэтады спэцслужбаў. Забаранілі б — ды ўсё, не дазволілі б дзейнасьць МММ ад самага пачатку, зрабілі б афіцыйную заяву. Дык не, давялі сытуацыю да таго, што нехта ўжо прынёс грошы, частка народу прадэманстравала сваю недалёкасьць».

Цяпер офіс «МММ-2011» апячатаны, з тэрыторыі Беларусі недаступны і сайт — на экране манітору сьвеціцца вялікі надпіс Offline. Шматлікія «дзясятнікі», «сотнікі» ды іншыя зборшчыкі грошай з разгалінаванай гіерархіі МММ на тэлефоны не адказваюць. Зьвязацца ўдалося толькі з адным, які кажа, што хоць і залёг на дно, але аптымізму не губляе. Маўляў, нават кароткай гісторыі «МММ-2011» у Беларусі хапіла, каб зрабіць выснову: пры зьяўленьні альтэрнатывы людзі самі даказалі, што не давяраюць афіцыйнай банкаўскай сыстэме:
Людзі сродкі ў банк і не нясуць, бо няма сэнсу іх там захоўваць...

«Банкам не давяраюць. Ёсьць амаль народная прымаўка: пасябруй з калькулятарам — і станеш відушчым. Калі падлічыць гадавы працэнт па банках і працэнт рэальнай інфляцыі, то карціна відавочная. Груба кажучы, чалавек уклаў у банк 1 мільён рублёў. Праз год ён атрымаў 60% — то бок, 1 мільён 600 тысяч. Калі перавесьці арытмэтыку, скажам, на паліва, то год таму за гэтыя грошы ён мог набыць адну колькасьць бэнзыну. Але праз год ён на гэтыя паўтара мільёна набудзе менш бэнзіну, чым за мільён год таму. Кошты імкліва абганяюць рост банкаўскіх дэпазытаў. З-за гэтага людзі сродкі ў банк і не нясуць, бо няма сэнсу іх там захоўваць. Нашмат спакайней, калі грошы ляжаць побач. Магчыма, яны і не прыносяць прыбытак, як вучаць фінансавыя пастулаты (маўляў, грошы павінны прыносіць грошы), але калі яны прыносяць мала ці ўвогуле губляюцца, то чалавек ня хоча рызыкаваць нават тым малым, што ў яго ёсьць. А тут працэнты дазваляюць за кароткі тэрмін хаця б адбіць укладзеныя грошы, вярнуць свае кроўныя, а потым ужо чакаць свайго укладу, які ён пакладзе звыш».

У бліжэйшыя дні ў Менску плянаваўся «зьлёт упраўленцаў» беларускага падразьдзяленьня «МММ-2011». Колькасьць актыўных пасьлядоўнікаў Сяргея Маўродзі набліжалася да двух сотняў і рост меркаваўся ў геамэтрычнай прагрэсіі: па словах аднаго з «сотнікаў», добраахвотнымі будаўнікамі піраміды былі каля 100 тысяч беларусаў. Але чэкісты ўнесьлі сур’ёзныя карэктывы ў глябальныя пляны, і цяпер даводзіцца думаць толькі пра тое, як лепш замесьці сьляды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG