Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 17-18 сакавіка


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У СУБОТУ...

...і нядзелю будзе сонечна, у суботу +14, у нядзелю +18 (халадней стане ў панядзелак).

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу ў эфіры Свабоды: а) «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — эсе пра Кузьму Чорнага; б) «Зона Свабоды» — аўдыёзапіс дыскусіі для Белсату, пра сьпіс невязных, галадоўку Сяргея Каваленкі і эўрапейскія эканамічныя санкцыі гавораць Алена Ціхановіч, Франак Вячорка, Юры Дракахруст і Аляксей Знаткевіч.

У нядзелю ў «Праскім акцэнце» Юры Дракахруст разважае на некалькі тэмаў: Якімі могуць быць наступствы забароны на выезд для апазыцыянэраў і грамадзкіх дзеячоў? Якая пазыцыя Расеі ў гэтым пытаньні? Чаму Эўрапарлямэнт адклаў прыняцьцё рэзалюцыі па Беларусі, а краіны Эўразьвязу вырашалі вяртаць сваіх паслоў? У перадачы ўдзельнічаюць кіраўнік гомельскай арганізацыі руху «За Свабоду», блогер Пётар Кузьняцоў, расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч і нямецкі палітоляг Марцін Шон.

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:

17 – у Менску сэрыя майстар-клясаў у традыцыйных беларускіх танцах. Вядомы этнахарэограф, кіраўнік Любанскага ансамблю «Верабейкі» Сяргей Выскварка навучыць менчукоў і гасьцей сталіцы беларускаму трохкроку, танцам Любаншчыны, распавядзе пра старадаўнія этыкет і манеру выкананьня танцаў. Даведкі можна атрымаць тут.

17-18 – у Менску ў павілёне «БелЭкспа» (вул. Купалы, 27) – міжнародная выстава-кірмаш «Паляўніцтва і рыбацтва. Актыўны адпачынак. Вясна-2012».

17-18 – Менскі раён. На тэрыторыі гісторыка-культурнага цэнтру «Рыцарскі замак» (вёска Астрашыцкі Гарадок) – трынаццаты міжнародны фэстываль «Белы замак». Дэфіле строяў і дасьпехаў, тэматычныя конкурсы, танцы з майстар-клясай, сярэднявечныя гульні і забавы, конны турнір, спаборніцтвы алебардыстаў.

18 – у клюбе «6а» (Менск, пр. Партызанскі, 6а) – зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), выбары кіраўніцтва партыі і абмеркаваньне ўдзелу ў выбарах. Пачатак у 11.30.

18 – дабрачынны канцэрт «Добрая нядзеля!». Маладой беларускай мастачцы Стасі Майстрэнцы патрэбная дапамога ў барацьбе зь цяжкой хваробай. У Стасі саркома лёгкіх. На канцэрце будуць зьбіраць грошы на лячэньне. У unplugged-фармаце выступяць Руся і CherryVata crew, гурт Sounduk, Паліна Рэспубліка, а таксама гурт BosaeSonca. Канцэрт адбудзецца ў кавярні «Loft» (Менск, вул. Петруся Броўкі 22). Пачатак а 18:00. Тыя ж, хто на канцэрт трапіць ня змогуць, маюць магчымасьць дапамагчы Стасі, пералічыўшы грашовае ахвяраваньне. Падрабязныя зьвесткі дабрачынных рахункаў можна пабачыць тут.

***

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажэце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашлеце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

17 сакавіка

1861 – расейскі цар Аляксандар ІІ адмяніў прыгоннае права.

1948 – У Брусэлі падпісанае пагадненьне Францыі, Вялікабрытаніі і краінаў Бэнілюксу, якое стала паклала пачаткі НАТА.

1951 – памёр беларускі паэт Альбэрт Паўловіч.

1922 — нарадзіўся Лявон Луцкевіч (1922-1997), грамадска-палітычны і культурны дзеяч, вязень савецкіх канцлагераў.

18 сакавіка

1758 – памёр Тамаш Жаброўскі, беларускі каталіцкі дзяяч, матэматык, архітэктар. Збудаваў касьцёлы сьвятых Пятра і Паўла ў Бабруйску, сьвятых Ігната і Яна ў Вільні, Віленскую абсэрваторыю, езуіцкі калегіюм у Жодзішках.

1921 – падпісаная Рыская мірная дамова паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.

1944 – вызвалены Азарыцкі лягер сьмерці.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

У маладосьці час і радасны і мілы.
Я повен шчасьця быў: меў шмат здароўя, сілы
І выглядаў, казаць, нішто сабе, прыгожа,
Такі быў час, і быць інакш ня можа.


Альбэрт Паўловіч

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Паўстанцы адбілі атаку войскаў Кадафі

Барозу ня хоча бачыць Лукашэнку ў Кіеве

Японія: колькасьць ахвяраў землятрусу перавысіла 5 тысяч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG