Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніжны кірмаш у Ляйпцыгу: ніколі яшчэ не было столькі беларусаў


Стэнд зь літаратурнымі часопісамі
Стэнд зь літаратурнымі часопісамі

У Ляйпцыгу, на кніжным кірмашы, дзе сёлета вялікая ўвага нададзеная ўсходняму накірунку, адбываюцца беларускія імпрэзы.

У Ляйпцыгу знаходзіцца карэспандэнт Свабоды Сяргей Шупа.

Шупа: Ляйпцыгскі кніжны кірмаш — гэта цэлы сусьвет, а сёлета ў цэнтры ўвагі Ўкраіна, Польшча і Беларусь, і сёньня ад раніцы па гэтым усходнім кірунку адбываюцца розныя мерапрыемствы. Адбылася дыскусія на тэму «Вайна ўспамінаў», у якой удзельнічалі Сьвятлана Алексіевіч, украінка Аксана Забужка і польскі пісьменьнік Робэрт Траба. Потым была гутарка пра сучасныя тэндэнцыі ў жаночай паэзіі, выступалі паэткі, Беларусь прадстаўляла Вольга Гапеева. Пасьля выступаў Артур Клінаў, які расказваў пра свой раман «Шалом», а самая галоўная беларуская падзея дня называлася «У фокусе Беларусь»: Вольга Гапеева і Зьміцер Вішнёў чыталі свае тэксты, а нямецкія перакладчыкі тут жа перакладалі іх для слухачоў. На імпрэзу сабралася каля паўсотні чалавек.

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч ужо ня першы раз бярэ ўдзел у ляйпцыгскім кніжным кірмашы.

Бахарэвіч: Сёлетні кніжны кірмаш у Ляйпцыгу адметны тым, што тут бярэ ўдзел вельмі шмат беларускіх аўтараў. Здаецца, яшчэ ніколі ў гісторыі ляйпцыгскага кірмашу так шмат беларускіх аўтараў не прыяжджала сюды. Я прысутнічаў на ўсіх выступаў беларускіх аўтараў, і ўсе яны прайшлі вельмі пасьпяхова, да іх вялікая цікавасьць. Нашы аўтары выглядаюць годна, чытаюць цікава, умеюць паводзіцца, прэзэнтаваць сябе.

Соўсь: Якія пэрспэктывы ў Эўропе дае беларускім аўтарам удзел у Ляйпцыгскім кірмашы?

Бахарэвіч: Самая ясная пэрспэктыва — тое, што тут пачуюць іхныя імёны, а тут удзельнічаюць і выдаўцы, і літаратурныя агенты, і пісьменьнікі, і прадстаўнікі культурных установаў. І наступным разам, калі ў Нямеччыне будуць абмяркоўвацца новыя культурныя ініцыятывы, слова «Беларусь» ужо ня будзе значыць для немцаў проста нейкую белую пляму на эўрапейскай мапе, яно будзе асацыявацца з канкрэтнымі імёнамі канкрэтных аўтараў, і, магчыма, узьнікнуць новыя праекты.

Соўсь: Ці толькі літаратурныя тэмы абмяркоўваюцца? Ці абмяркоўваюцца, да прыкладу, сьпісы неўязных? Сяргей Шупа сам нядаўна атрымаў адмову ў беларускай візе.

Шупа: У кулюарах гэта актыўна абмяркоўваецца, бо бальшыня беларускіх удзельнікаў прыехалі ўчора, а ўжо сёньня даведаліся, што Жану Ліцьвіну ня выпусьцілі, як напярэдадні Андрэя Дынько. І яны ўжо рады, што іх выпусьцілі, але ня ведаюць, калі гэтая хваля дакаціцца да незалежных літаратараў.

Соўсь: Якая праграма кірмашу на бліжэйшыя дні?

Шупа: Кожны дзень будзе адбывацца 2-3 імпрэзы з удзелам беларускіх літаратараў, будуць розныя чытаньні. Сёньня ўвечары ў польскім інстытуце пройдуць чытаньні з удзелам Андрэя Хадановіча. У суботу ўвечары галоўнымі гасьцямі на кірмашы будуць Альгерд Бахарэвіч і Юры Андруховіч, украінскі пісьменьнік. Чытаньні, прэзэнтацыі, гульні — усяго вельмі шмат, у гэтым кніжным моры можна проста патануць.

Слухаць гутарку цалкам:



Аксана Забужка і Сьвятлана Алексіевіч
Аксана Забужка і Сьвятлана Алексіевіч


Вольга Гапеева і Артур Клінаў
Вольга Гапеева і Артур Клінаў


Зьміцер Вішнёў і Альгерд Бахарэвіч
Зьміцер Вішнёў і Альгерд Бахарэвіч


Наведнікам у маскарадных строях давалі зьніжку
Наведнікам у маскарадных строях давалі зьніжку
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG