Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі вырашылі пачакаць пазытыўных крокаў Менску


Галасаваньне па праекце рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі ў Эўрапарлямэнце перанесьлі на наступнае пасяджэньне, якое пройдзе 28–29 сакавіка ў Брусэлі ў рамках так званай міні-сэсіі.

З такой ініцыятывай выступіў баўгарскі дэпутат Крысьціян Вігенін. Паводле яго, зь Менску прыйшлі нейкія пазытыўныя сыгналы, і таму трэба даць беларускім уладам час, каб выправіць сытуацыю.

Перад чаканым пачаткам галасаваньня ў Эўрапарлямэнце па тэксьце рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі ў залі прагучала заява, што днямі ў Казахстане ўлады вызвалілі з турмаў двух палітвязьняў. Гэтую вестку сустрэлі воплескамі.

Пазьней слова ўзяў баўгарскі дэпутат Эўрапарлямэнту сацыяліст Крысьціян Вігенін, які прапанаваў адкласьці галасаваньне па праекце беларускай рэзалюцыі, каб даць афіцыйнаму Менску дадатковую магчымасьць выправіць сытуацыю.

«Праект рэзалюцыі ўжо гатовы, падтрыманы найбуйнейшымі фракцыямі, няхай беларускія ўлады пазнаёмяцца зь ім і хай атрымаюць час паправіць сытуацыю», — зазначыў Вігенін.

Супраць ягонай прапановы выступіла фракцыя эўрапейскіх кансэрватараў і рэфарматараў, ад імя якой польскі дэпутат Марэк Мігальскі назваў такі крок слабасьцю і нагадаў пра рашэньне Аляксандра Лукашэнкі адмовіць у памілаваньні двум грамадзянам, асуджаным за менскі тэракт да сьмерці.

Але большасьць падтрымала прапанову Крысьціяна Вігеніна. Дэпутат Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс заявіў «Свабодзе», што зь Менску сапраўды зьявіліся нейкія пазытыўныя знакі:

«Мабыць, сапраўды можна чакаць, што нешта можа зьмяніцца, і таму трэба даць больш часу для манэўру. Канкрэтна пра нейкія прапановы, думаю, ніхто ў Эўрапарлямэнце ня ведае. Магчыма, у спадарыні Эштан ёсьць інфармацыя пра тое, што атрыманыя сыгналы, што нешта можа зьмяніцца. А калі б мы прынялі такую рэзалюцыю, быў бы створаны неспрыяльны фон для такіх зьмяненьняў».

Менскі палітоляг Алесь Лагвінец скептычна ставіцца да чарговай баўгарскай ініцыятывы. Раней пазытыўныя зьмены ў Менску абяцаў міністар замежных спраў Баўгарыі Мікалай Младэнаў, цяпер — баўгарскі дэпутат, старшыня «Эўранэсту» Крысьціян Вігенін:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Пытаньне, наколькі можна даваць веры такой інфармацыі і чаго варта чакаць. Мне падаецца, што ідзе гульня, улады ўсьведамляюць складанасьць сваёй сытуацыі, і тое, што Эўрапейскі Зьвяз настроены рэагаваць на сытуацыю ў Беларусі. Таму яны пачынаюць падаваць сыгналы. Відавочна, што канфлікт нікому не патрэбны».

Палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што спадзявацца на нешта пазытыўнае з боку беларускіх уладаў можна, але для гэтага абраны вельмі неспрыяльны фон: парушэньне беларускімі ўладамі права грамадзян на свабоду перамяшчэньня і адмова ў памілаваньні Канавалаву і Кавалёву:

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
«Гэта сьведчыць пра іншае: што беларускія ўлады пайшлі на абвастрэньне і адступаць не зьбіраюцца. Але гэта можа быць і нарошчваньне ўласнай цаны, назапашваньне ачкоў, якімі потым можна таргавацца».



У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту асуджаецца пагаршэньне сытуацыі ў галіне правоў чалавека і асноўных свабодаў у Беларусі, гучыць патрабаваньне вызваліць палітвязьняў, прапанова скасаваць рашэньне аб правядзеньні ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі і заклік да Рады Эўразьвязу ўхваліць новыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, у тым ліку мэтавыя эканамічныя санкцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG