Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ трое — у сьпісе «невыязных»


Міхась Янчук і Жана Літвіна
Міхась Янчук і Жана Літвіна

15 сакавіка сталі вядомыя новыя імёны прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, якіх улады занесьлі ў сьпіс невыязных.

Цяпер іх ужо дзевяць. У менскім аэрапорце ў пашпарт старшыні БАЖ Жаны Літвіной паставілі штамп, што ёй адмоўлена ў выезьдзе. Таксама зь цягніка, які накіроўваўся ў Варшаву, зьнялі журналіста «Белсату» Міхася Янчука і праваабаронцу Андрэя Бандарэнку. У сваёй заяве БАЖ патрабуе ад дзяржаўных органаў улады адказаць на пытаньне, хто ўвёў абмежаваньне на выезд і на якой падставе. А ад генпракуратуры — зрабіць захады дзеля аднаўленьня законнасьці.

Жана Літвіна, якая зьбіралася вылецець самалётам у Варшаву з нацыянальнага аэрапорту «Менск», даведалася ад памежных службаў, што ўключана ў сьпіс невыязных. Прычыну ёй таксама не патлумачылі. Літвіна адзначыла, што ўлады груба парушылі яе правы акурат 15 сакавіка, у дзень Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду перамяшчэньня. Паводле Літвіной, сьпіс невыязных пашыраецца, сам канфлікт паглыбляецца.

«На сёньняшні дзень у кантэксьце візавых санкцыяў можна ўжо гаварыць наагул пра супрацьстаяньне. Бо, з аднаго боку, Эўразьвяз пашырае візавыя санкцыі і ўсе рыхтуюцца да чарговага паседжаньня Рады міністраў ЭЗ 23 сакавіка, калі Рада чарговым разам разгледзіць беларускае пытаньне ў кантэксьце магчымых дадатковых санкцыяў.

Зь іншага боку, афіцыйны Менск дэманструе сваю пазыцыю, зьвязаную з абмежаваньнем выезду з краіны. Магчыма, улады лічаць гэтых людзей дэструктыўнымі элемэнтамі. Некалькі гадоў таму ўлада ўжо ўжывала да сваіх апанэнтаў такое азначэньне. Пашырэньне гэтага сьпісу шмат у чым будзе залежаць ад падзеяў міжнароднага ўзроўню. Чарговым разам гучыць цьвёрдая рэкамэндацыя краіне вызваліць палітвязьняў, тым больш што ўзмацняецца ціск унутры самой Беларусі».

За апошнія некалькі дзён, апроч Жаны Літвіной, яшчэ тром сябрам БАЖ адмоўлена ў выезьдзе за мяжу: прадстаўніку «Белсату» Міхасю Янчуку, шэф-рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Дынько і праваабаронцу Валянціну Стэфановічу. Ад пачатку году сямёра сябраў БАЖ атрымалі папярэджаньні ад пракуратуры і КДБ за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.

Жана Літвіна: «За ўсім гэтым праглядаецца жаданьне ўладаў, якія ўсё больш сутыкаюцца з эканамічнымі праблемамі, закрыць інфармацыю, прымусіць журналістаў замаўчаць».

Журналіст Міхась Янчук быў зьняты ў Берасьці зь цягніка «Масква — Варшава» а 6-й раніцы. Хоць тыдзень таму гэтым жа самым маршрутам ён езьдзіў у Варшаву без праблемаў.
Трэба дзейнічаць ужо зараз і з выкарыстаньнем усіх даступных нам сродкаў, каб нешта яшчэ пасьпець зьмяніць у гэтай справе.

«Гэта дадатковы доказ таго, што гэты сьпіс пашыраецца з тыдня на тыдзень і яшчэ шмат нашых калегаў можа ў яго трапіць.Таму трэба дзейнічаць ужо зараз і з выкарыстаньнем усіх даступных нам сродкаў, каб нешта яшчэ пасьпець зьмяніць у гэтай справе. Падаецца, што гэта працяг палітыкі кропкавых санкцыяў і ціску супраць журналістаў, каб запалохаць усіх іншых. Мы — найбольш нелегальны СМІ ў Беларусі, у нас няма ніводнай акрэдытацыі, таму ціск на нас будзе ў першую чаргу».

Дзевятым невыязным на дзень 15 сакавіка, пасьля шэрагу палітыкаў і журналістаў, стаў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Памежнікі зьнялі яго зь цягніка, які накіроўваўся ў Варшаву, і заявілі, што ён мусіць вярнуцца ў Менск. Камэнтуючы гэтыя дзеяньні, Бандарэнка адзначыў:

«Улада загулялася сама з сабой. У Беларусі ўведзена прыгоннае права. Былыя кіраўнікі калгасаў успрымаюць сваіх грамадзянаў як сваіх прыгонных сялян і рабоў. Эўрапейскія партнэры сваім увядзеньнем санкцыяў справакавалі ўладу, каб яна паказала свой сапраўдны твар. Далейшае ўвядзеньне санкцыяў павінна працягвацца. Улада гэтага вельмі моцна баіцца. І калі Эўропа рашыцца на ўвядзеньне эканамічных санкцыяў, то ўладзе не застанецца іншага выйсьця, як пайсьці на шлях дэмакратызацыі і спыніць зьдзек з уласнага народу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG