Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзейнасьць дзяржаўных органаў — вялікая таямніца


Законапраект «Аб доступе да інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў», распрацаваны Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Рэспублікі Беларусь, пасьля кансультацыяў з шэрагам дзяржаўных органаў палічылі немэтазгодным.

Праект закону быў распрацаваны ў 2011 годзе і разьмешчаны на сайце Цэнтру ў рубрыцы «Абмяркоўваем законапраект». Але пазьней тэкст праекту так і не зьявіўся ў рубрыцы «Праекты законаў» Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу.

Выявілася, што на этапе ўзгадненьня законапраекту зь дзяржаўнымі органамі (Мінсувязі, Мінінфармацыі, Мін’юстам сумесна з Вышэйшым гаспадарчым судом і Вярхоўным судом) было прынята рашэньне пра немэтазгоднасьць далейшай падрыхтоўкі законапраекту. Паводле экспэртаў, праект закону не адпавядае Канцэпцыі ўдасканаленьня заканадаўства Рэспублікі Беларусь і не спрыяе паляпшэньню беларускага заканадаўства.

У якасьці альтэрнатывы Цэнтру і Саўміну даручана падрыхтаваць праект Закону «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

Такім чынам, Беларусь не палічыла мэтазгодным уніфікаваць сваё заканадаўства ў сфэры доступу да інфармацыі з заканадаўствам Расейскай Фэдэрацыі. Расейскае заканадаўства, акрамя фэдэральнага закону «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і аб абароне інфармацыйных тэхналёгій», мае таксама фэдэральны закон «Аб забесьпячэньні доступу да інфармацыі аб дзейнасьці судоў» і «Аб забесьпячэньні доступу да інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіраваньня».

Экспэрт Цэнтру прававой трансфармацыі Алег Фядотаў адзначае: «Прыняцьце асобных законаў аб доступе да інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў — агульнапрызнаная ўсясьветная тэндэнцыя. Калі параўнаць беларускае і расейскае заканадаўства ў сфэры доступу да інфармацыі пра дзейнасьць дзяржорганаў, то нават мэханічнае запазычаньне расейскага заканадаўства было б крокам наперад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG