Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы — людзі савецкія, нам што ні зробіць урад — усё добра»


Belarus - Sugar in the stores, 11Apr2011
Belarus - Sugar in the stores, 11Apr2011

З 1 сакавіка ўсе мабільныя апэратары і Белтэлекам паднялі тарыфы на паслугі сувязі і інтэрнэт. Ад 14 сакавіка ў Беларусі падаражэў бэнзін — на 5% і цукар — на 7%. Як людзі рэагуюць на чарговае падвышэньне коштаў, высьвятляла на вуліцах сталіцы Іна Студзінская.

Карэспандэнтка: «Ад сёньня падаражэў бэнзін і падаражэў цукар. Як вы да гэтага ставіцеся?

Спадар: «Канечне, дрэнна».

Спадарыня: «На поўны голас урад заявіў, што крызіс у краіне скончыўся, хоць некаторыя высокапастаўленыя службоўцы казалі, што ў Беларусі яго наагул не было, што рост цэнаў правакаваўся ажыятажам простых беларусаў. Ажыятажу няма, а цэны ўсё адно паўзуць уверх. Хто патлумачыць мне, на якой падставе даражэе цукар, даражэе бэнзін і практычна кожны дзень перапісваюцца ў крамах цэньнікі? Няхай на 20–50 рублёў, але ў суме гэта адчувальна б’е па кішэні».

Дзяўчына: «Я ніяк да гэтага ня стаўлюся. Я апалітычную пазыцыю займаю».

Карэспандэнтка: «Але ж гэта не палітыка, гэта эканоміка…»

«Тым больш. Я не цікаўлюся эканомікай».

Карэспандэнтка: «І ў крамы ня ходзіце?»

«У мяне ўсё добра, мяне ўсё задавальняе: і кошты, і заробкі, і рост коштаў».

Карэспандэнтка: «Вось я бачу, што вы толькі што з крамы. Сёньня, кажуць, падаражэў зноў цукар. Як да гэтага ставіцеся?»
У мяне ўсё добра, мяне ўсё задавальняе: і кошты, і заробкі, і рост коштаў.

«Дрэнна да гэтага стаўлюся, што тут казаць… Ваш „бацька“ сказаў, калі гутарыў зь Мясьніковічам, так: „Няхай цэны растуць павальней, чым падвышэньне пэнсіяў і заробкаў“. Але насамрэч усё адбываецца наадварот».

Спадар: «Я і бяз росту коштаў адчуваю, што пражыць вельмі цяжка. Плацяць мала. Паўтара мільёна ў дворніка — гэта мізэр, 50 тысяч у дзень. Акрамя харчоў, трэба ж купіць і астатняе — лямпачку, адзеньне…»

Карэспандэнтка: «Ведаеце, што сёньня падаражэў цукар?»

Бабуля: «Ну і што? Добра! Будзем купляць менш цукру, тым больш што ў нашым узросьце цукар шкодны».

Карэспандэнтка: «А ўсё астатняе? Бэнзін, да прыкладу?»

«А што нам да бэнзіну? У мяне машыны няма».

Карэспандэнтка: «Дык і транспарт падаражэе, калі на бэнзін кошты ўзьняліся».

«Мы — людзі савецкія, нам што ні зробіць урад, усё добра».

Такім чынам, бабулек рост коштаў на цукар і бэнзін ня вельмі хвалюе. Але моладзь думае інакш. Што да росту коштаў на бэнзін, малады аўтааматар прапанаваў наступнае выйсьце:

«Трэба ўсім перастаць купляць бэнзін на пэўнай запраўцы. На адной».

Карэспандэнтка: «І што зьменіцца?»

«Што зьменіцца? Яны вымушаныя будуць паніжаць цэны на бэнзін, каб у іх куплялі, і з-за гэтага іншыя запраўкі будуць вымушаны паніжаць цэны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG