Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія заклікае ЭЗ да перагляду санкцыяў супраць Беларусі


Старшыня камісіі па замежных справах Сэйму Латвіі Оярс Калнынш заявіў, што Эўразьвязу неабходна рэагаваць на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, аднак, усе гэтыя крокі павінны быць добра прадуманымі і сапраўды эфэктыўнымі.

Ад цяперашняй абранай мадэлі пацярпяць найперш латвійскія прадпрымальнікі, аднак у ніякім разе рэжым Лукашэнкі, перадаюць словы словы Калнынша латыскія СМІ.

Сваю пазыцыю Калнынш выклаў падчас нарады парлямэнцкіх камісіяў па замежных справах краінаў Зьвязу, якая праходзіла 11 і 12 сакавіка ў Капэнгагене з удзелам міністра замежных спраў Даніі Вілі Сэўндала і вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па замежных справах Кэтрын Эштан.

«Падчас дыскусіяў я заклікаў да рэструктурызацыі эканамічных санкцыяў, каб яны сапраўды працавалі і падштурхоўвалі Лукашэнку зьмяніць сваю палітыку, а не аказвалі нэгатыўнага ўплыву толькі на эканамічныя інтарэсы нашай краіны», — адзначыў Калнынш.

Паводле словаў старшыні камісіі сэйму Латвіі, падчас размовы з дацкім міністрам і вярхоўнай прадстаўніцай ЭЗ ён падкрэсьліў, што «неабходна рабіць усё, каб Беларусь вызваліла палітвязьняў і выконвала правы чалавека». Цяперашнія ж санкцыі Брусэлю, мяркуе Калнынш, выглядаюць вельмі вузкімі, да таго ж «яны ніколі ня будуць працаваць эфэктыўна, пакуль Менск будзе мець падтрымку Масквы».

27 лютага Рада міністраў замежных спраў краін ЭЗ вырашыла пашырыць сьпіс неўязных у Эўразьвяз беларускіх чыноўнікаў. У сьпіс уключылі яшчэ 21 прозьвішча.

28 лютага беларускія ўлады параілі кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу Майры Моры і амбасадару Польшчы Лешаку Шарэпку «выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесьці свайму кіраўніцтву цьвёрдую пазыцыю беларускага боку пра непрымальнасьць ціску і санкцыяў». У адказ на гэта ўсе краіны ЭЗ адклікалі сваіх амбасадараў зь Менску.

Лідэры краінаў Эўразьвязу 2 сакавіка на саміце ў Брусэлі заклікалі Раду ЭЗ прыняць «далейшыя захады» ў дачыненьні да Беларусі. Удзельнікі саміту выказалі «сур’ёзную і глыбокую занепакоенасьць пагаршэньнем сытуацыі» ў краіне.

Яны таксама віталі рашэньне Рады ЭЗ пашырыць сьпіс асобаў, якія падпадаюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі Эўразьвязу ў сувязі з тым, што гэтыя асобы адказныя за парушэньні правоў чалавека, рэпрэсіі ў дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама «падтрымліваюць ці зьяўляюцца бэнэфіцыярамі рэжыму Лукашэнкі».

У выніковым дакумэнце саміту ўтрымліваецца заклік да Рады ЭЗ працягнуць працу ў гэтым напрамку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG