Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макфол: «У Расею вяртаецца рэальная палітыка»


Выступаючы ў Пэтэрсонаўскім інстытуце міжнароднай эканомікі ў Вашынгтоне, пасол ЗША ў Расеі Майкл Макфол заявіў, што Расея знаходзіцца на этапе адраджэньня грамадзянскай супольнасьці, і што дзяржава рэагуе на гэта. Паводле пасла, «у Расею вяртаецца рэальная палітыка».

Майкл Макфол сказаў, што адміністрацыя Абамы лічыць сваёй найважнейшай задачай у сфэры гандлю на сёлетні год пераканаць амэрыканскіх заканадаўцаў скасаваць прынятую 38 гадоў таму папраўку Джэксана-Вэніка, якая перашкаджае рэжыму найбольшага спрыяньня ў гандлі з Расеяй. Папраўка зьвязвала ўмовы гандлю з СССР з умовамі эміграцыі габрэяў.

Чакаецца, што бліжэйшымі днямі заканадаўцы пачнуць разгляд пытаньня аб адмене папраўкі. Аднак некаторыя зь іх лічаць, што з-за парушэньня правоў чалавека ў Расеі, у прыватнасьці, у сувязі з гібельлю юрыста Сяргея Магніцкага, адмяняць яе ня варта. Майкл Макфол заклікаў ня зьмешваць адно з другім:

«Мы ня лічым, што захаваньне папраўкі Джэксана-Вэніка нейкім чынам ці ў нейкай форме будзе спрыяць разьвіцьцю дэмакратыі і паляпшэньню сытуацыі з правамі чалавека ў Расеі. Якая тут сувязь? Яе проста не існуе,» — заявіў Макфол.
Мы зьвязваем хвалю антыамэрыканізму з прэзыдэнцкай кампаніяй

Майкл Макфол тры гады курыраваў расейскі напрамак ў Радзе нацыянальнай бясьпекі пры прэзыдэнце Абаму і лічыцца адным з аўтараў ідэі перазагрузкі амэрыкана-расейскіх адносін. У ліку дасягненьняў перазагрузкі пасол назваў падпісаньне Дамовы аб абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў і ўступленьне Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Макфол заявіў, што сяброўства Расеі ў СГА — падарунак ня столькі для яе самой, колькі для амэрыканскай дзелавой супольнасьці, зацікаўленай у супрацоўніцтве з расейскімі партнэрамі.

Майкл Макфол, які ў студзені сёлета стаў паслом ЗША ў Маскве, заявіў, што хоць нядаўняя хваля антыамэрыканскай рыторыкі ў Расеі выклікала ў амэрыканскіх афіцыйных асоб пэўны шок, яе хутчэй варта лічыць «пабочным эфэктам» кампаніі па выбарах прэзыдэнта Расеі:

«Мы зьвязваем хвалю антыамэрыканізму з прэзыдэнцкай кампаніяй. Відавочна, хтосьці вырашыў, што разьдзіманьне антыамэрыканскіх настрояў прыцягне на яго бок больш выбаршчыкаў. Як грамадазнаўцу, мне даводзілася займацца апытаньнямі грамадзкай думкі ў Расеі. Гэтым разам мне было б таксама цікава сабраць дадзеныя па антыамэрыканскіх настроях, абмеркаваць іх і зразумець — ці сапраўды выбары таму віной, ці адбываюцца нейкія больш глыбінныя, прынцыповыя рэчы,» — зазначыў Макфол.

Майкл Макфол дадаў, што яго гутаркі з высокапастаўленымі расейскімі дзеячамі, наадварот, пераканаўча сьведчаць аб жаданьні расейскага кіраўніцтва разьвіваць адносіны са Злучанымі Штатамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG