Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя прапануе выкладчыкам «стукаць» на сваіх выхаванцаў


Праваахоўныя органы намагаюцца прымусіць выкладчыкаў ВНУ і школ пісаць даносы на сваіх студэнтаў і вучняў.

На адрас кампаніі «Гавары праўду» з Наваполацку быў дасланы ўзор анкеты, якую мусяць запоўніць пэдагогі. Вось урывак з тэксту:

«З мэтай своечасовага выяўленьня асобаў, якія ўваходзяць у нефармальныя моладзевыя групы, у тым ліку агрэсіўнай скіраванасьці, і правядзеньня зь імі прафіляктычнай працы, неабходна выявіць навучэнцаў-удзельнікаў такіх груповак: эма, готы, антыфа і г.д. Дзеля гэтага правесьці аналіз ладу жыцьця, захапленьняў, схільнасьцяў кожнага навучэнца, зьвяртаючы ўвагу на зьнешні выгляд (прычоска, адзеньне, аксэсуары), наяўнасьць атрыбутыкі (стужачкі, значкі), нетрадыцыйныя вітаньні, выказваньні, схільнасьці да маляваньня на сьценах, партах і сшытках».

Асабліва міліцыянты раяць выкладчыкам зьвярнуць увагу на асобаў, якія падзяляюць скінхэдаўскія погляды, а таксама фанатаў футболу і розных музычных плыняў — панкаў, рэпэраў, мэталістаў.

Мэтазгоднасьць падобнага сачэньня за моладзьдзю камэнтуе былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў:
У любым выпадку выхаваньне не будуецца на данасіцельстве. І гэта прынцыпова.

«Я хацеў бы сказаць міліцыянтам, якія ўсё гэта вынайшлі — займайцеся сваёй справай! Падвышайце свой прафэсіяналізм рэальнымі дасягненьнямі ў выяўленьні бандытаў, наркатрафіку і шмат чаго іншага. А настаўнік павінен, у першую чаргу, вучыць, гэта ягоная галоўная задача — вучыць. Другая задача — выхоўваць. Зрэшты, яны нават непадзельныя. Але ў любым выпадку выхаваньне не будуецца на данасіцельстве. І гэта прынцыпова, бо перадусім трэба выхоўваць сваім прыкладам, маральлю. Чалавека высокамаральнага дзеці адразу адчуваюць і бачаць, гэта для іх самы галоўны выхаваўчы момант. А стукацтва, прабачце мне, — гэта не выхаваньне. Яшчэ раз кажу: міліцыянты няхай займаюцца сваёй справай, а настаўнікі павінны займацца сваёй. Для міліцыі хапае канкрэтнай працы, вышэй за дах, няхай той жа карупцыяй займаюцца. А робяць тое, што лягчэй за ўсё».

Тым часам праваахоўныя органы патрабуюць ад выкладчыкаў «выключыць фармальны падыход» да ўскладзеных на іх абавязкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG