Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікашэвічы: Алег Стахаевіч абскарджвае звальненьне


 Алег Стахаевіч
Алег Стахаевіч

Кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах абскарджвае сваё звальненьне ў Лунінецкім раённым судзе.

Скарга ў суд накіраваная «Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў» у абарону і па просьбе Алега Стахаевіча. У скарзе выкладзеныя просьбы аднавіць Алега Стахаевіча на пасадзе кіроўцы «БелАЗу» зь пераводам, згодна зь ягонай заявай, на пасаду памочніка машыніста буравой устаноўкі. Акрамя таго, праз суд Стахаевіч патрабуе спагнаць з прадпрыемства «Граніт» сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.

Пасьля пазбаўленьня правоў кіроўцы за парушэньне правілаў дарожнага руху кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу быў звольнены з «Граніту». Пазбаўленьне правоў спадар Стахаевіч абскарджвае ў абласным судзе.

У скарзе ж у Лунінецкі раённы суд даводзіцца, што падчас звальненьня Алега Стахаевіча былі дапушчаныя парушэньні Працоўнага кодэксу. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што нягледзячы на заяву Стахаевіча аб пераводзе на іншую пасаду, адміністрацыя прадпрыемства не дала яму гэтага права. Акрамя таго, Алег Стахаевіч кажа, што падчас звальненьня яго своечасова не азнаёмілі з адпаведным загадам. Яшчэ адно парушэньне, зафіксаванае ў скарзе, — тое, што адміністрацыя «Граніту» загадзя не паведаміла Беларускаму незалежнаму прафсаюзу пра звальненьне Стахаевіча, чаго патрабуе Працоўны кодэкс.

Сам Алег Стахаевіч кажа, што, нягледзячы на парушэньні, зафіксаваныя пры ягоным звальненьні, ён скептычна ставіцца да суду:

«Калі ўлічваць вопыт аналягічных справаў, якія былі раней, можна сказаць, што разгляд зацягнецца на шмат судовых паседжаньняў. Хоць я і ня веру, што раённы суд мяне адновіць на працы, я ўпэўнены, што змагацца за свае правы трэба. І калі да таго дойдзе, то буду зьвяртацца і ў абласны суд, і ў Вярхоўны, і нават у міжнародныя структуры. У любым выпадку проста так мы не здадзімся», — кажа кіраўнік суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG