Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіця мае права выбіраць сабе сяброў

абноўлена

Тацяна Гацура
Тацяна Гацура

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым. Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася. Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень. А будучыня ёсьць цяпер. Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці. Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Тацьцяна Гацура-Яворская — мама траіх дзяцей. Старэйшы — Кастусь, сярэдні — Альгерд, і меншая — Рагнеда.

Таня — праваабаронца, таксама як і яе муж Уладзімер Яворскі. Уладзімер кажа, што праваабаронцу не канечне трэба мець юрыдычную адукацыю. Хоць сам ён юрыст. Паводле ягонага азначэньня, праваабаронца — гэта чалавек, які ня можа не зрэагаваць на несправядлівасьць, якая адбываецца побач.

Як прышчапіць дзецям адчуваньне годнасьці і як у звычайным жыцьці не парушаць правы сваіх дзяцей? Пра гэта гаворым са шматдзетнай сям’ёй праваабаронцаў, дзе ў хуткім часе народзіцца яшчэ адзін малы. Чакаюць хлопчыка.

Тацьцяна: «Трэба спрыяць таму, каб дзіця пачувалася паўнавартаснай асобай у сям’і, пачынаючы ад такіх рэчаў, як кішэнныя грошы, якія ў яго заўсёды ёсьць, і сканчаючы тым, што ён вырашае, трымаць яму жывёліну ці не трымаць, як у яго будзе ў пакоі, з кім сябраваць, як апранацца і гэтак далей».
Альгерд і Кастусь
Альгерд і Кастусь

У дзяцей, бадай, адмысловае ўяўленьне пра тое, што такое правы чалавека — амаль роўнае разуменьню самых звычайных патрэбаў.

РС: «Што такое правы чалавека?»

Рагнеда (8 гадоў): «Гэта што можа рабіць чалавек?»

Альгерд (10 гадоў): «Гэта вы ў мамы спытайце, яна іх абараняе».

РС: «А што дзіця мае права рабіць, апроч гуляць?»

Рагнеда: «Глядзець тэлевізар, есьці, граць на піяніна, хадзіць у школу».

Кастусь (11 гадоў): «Больш паспаць, калі выходныя. Дзеці маюць права на канікулы».

РС: «А канікулаў хацелася б больш ці менш?»

Кастусь: «Канечне, больш!»

Тацьцяна: «А ты адчуваеш, што ты можаш вырашаць, што табе рабіць у тваім жыцьці? Ці гэта ўсё ад бацькоў залежыць?»

Альгерд: «Не! Чаму? Проста, калі ты дзіця, трэба падрыхтавацца да дарослага жыцьця. Бо калі ты скончыш школу, то ўсё гэта будзе нашмат цяжэй! Калі не навучысься быць самастойным, то і дарослым ня зможаш стаць».
Тацьцяна і Альгерд
Тацьцяна і Альгерд

Выглядае, што ў Альгерда вялікія спадзяваньні на дарослае жыцьцё. Ягоная мара — мець як найбольш даляраў. Калі дакладна — тысячу. І купіць гульнявы аўтамат. З гэтага можна зарабіць яшчэ больш грошай і купіць «на біржы» акцыі якой-небудзь кампаніі. Альгерд раіць купіць акцыі «Фольксвагена», бо «ён папулярны». А акцыі — «гэта такая рэч, што можна нічога не рабіць, а толькі хадзіць і забіраць прыбытак». Найлепш трымаць грошы ў далярах, бо яны таксама «самыя папулярныя».

— Альгерд, а чаму ў нас эканамічны крызіс?

— Прэзыдэнт не даглядзеў.

— А за чым трэба было глядзець?

— Каб стратаў не было, уцечак.

— А з чаго ў нас гэтыя страты?

— Нечага зашмат купілі, нечага зашмат пагніла.

— А што рабіць, каб крызісу не было?

— Трэба імкнуцца, каб ніякіх стратаў не было. І трэба імкнуцца, каб усё, што ў цябе ёсьць, было папулярным.

— Як ты думаеш, прэзыдэнт дасьць рады крызісу?

— Яму дык што? Яму абы ў дзяржавы ўзяць грошы!

У сям’і лічыцца важным, каб дзеці мелі свае грошы і распараджаліся імі самастойна. Цяпер кожны атрымлівае 30 тысяч у месяц. Пры гэтым бацькі не пытаюцца, на што яны трацяць гэтыя грошы:

Тацьцяна: «Не, ніколі не даюць ніякай справаздачы. Мы гэта пачалі гады чатыры таму. Пачалі з хлопчыкаў, таму што Рагнедка была зусім малая. І першае, што было, гэта яны на наступны дзень усе грошы спускалі на шакалядкі, на цукеркі і так далей. І так цягнулася некалькі тыдняў. Пасьля прыходзім у краму — „Я хачу тое, я хачу тое“. Але я кажу: „Прабач, у цябе ёсьць кішаньковыя грошы, і ты сам можаш набыць, што хочаш“. Пасьля яны пачалі ўсьведамляць. І быў мой гонар, калі Кастусь разам з Альгердам, атрымліваючы па 5 тысяч на тыдзень, разам назьбіралі на „лега“ за 120 тысяч. Зьбіралі-зьбіралі і набылі. У іх там не хапала тысяч 15, але я ўжо была такая шчасьлівая, што дадала ім гэтыя грошы».

Прыблізна гэтаксама абыходзяцца і з навядзеньнем парадку ў пакоях. Хлопчыкі жывуць разам і сьпяць на двухпавярховым ложку. Рагнедка мае асобны дзявочы пакой.

Уладзімер: «А пра парадак у нас ёсьць такое правіла, што час ад часу ім трэба прыбіраць. Такі дзень прыходзіць: пяць дзён могуць рабіць усё што заўгодна, але на шосты дзень трэба прыбраць. Гэта цяжка даецца, бо, відаць, кожнаму дзіцяці гэта цяжка. Але тым ня меней».

Што да выбару адзеньня, то пакуль дзеці цалкам задаволеныя тым, што выбірае ім мама. А вось да балючай для многіх бацькоў патрэбы мець хатнюю жывёліну тут свой падыход. У кватэры ўжо жывуць кот і сабака. Ката Кастусь прыцягнуў з прытулку, але з умовай, што сам будзе яго даглядаць. Па словах бацькоў, яму гэта добра ўдаецца.
Кастусь з катом.
Кастусь з катом.

Тацьцяна: «Быў іншы досьвед, калі Альгерд прыцягнуў дахаты котку. І было відавочна і для нас, і для яго, што ён не дае рады гэтаму выбару. Ён проста не гатовы.

— І што стала з коткай?

— Нам пашанцавала, бо мы яе вярнулі туды, дзе мы яе бралі. У нас была такая дамоўленасьць.

У меншай, Рагнеды, свае мары:

— А табе б хацелася, каб у цябе была жывёліна?

— Так.

— А якую ты хочаш?

— Хамячка.

— А як ты будзеш яго даглядаць?

— Я яму буду даваць есьці.

— А Марцін яго ня зьесьць?

— Я яго буду на шафу ставіць.

— Ты ўжо ўсё прыдумала? І будзе ў цябе хамяк?

— Не.

— Чаму?

— Таму што ён па начах спаць не дае.
Рагнеда
Рагнеда

У доме Гацураў-Яворскіх шмат спэцыяльнай літаратуры. Аднак гадаваць дзяцей даводзіцца не па падручніках:

Тацьцяна: «Веды пра дэклярацыі і розныя дакумэнты — гэта ўсё патрэбна ім будзе пазьней. Зараз яны павінны проста гэта адчуваць. Іх трэба вучыць паважаць дзяцей іншай нацыянальнасьці, паважаць дзяцей-інвалідаў. Паважаць правы іншых дзяцей, якія яны могуць закранаць, рэалізуючы нейкія свае пажаданьні. Было б важна, каб у сыстэме адукацыі, у звычайных агульнаадукацыйных школах ці гімназіях прысутнічалі дзеці іншых нацыянальнасьцяў, дзеці-інваліды і гэтак далей. З нацыянальнасьцямі ў нас прасьцей, а вось інвалідамі — гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, на мой погляд. Я б зрабіла ўсё магчымае, каб у тых клясах, дзе вучацца мае дзеці, былі і дзеці-інваліды».

І Кастусь, і Альгерд пра дзяцей-інвалідаў ведаюць мала. Кастусь кажа, што яны ёсьць, але знаходзяцца ў адмысловых установах. Кажа яшчэ, што ад такіх дзяцей часта адмаўляюцца бацькі. Чаму? Таксама ня ведае.

Сапраўды, я ні разу ня бачыла ў нашай сталічнай гімназіі дзяцей-інвалідаў. Роўна гэтаксама, як рэдка мы бачым іх ва ўсіх дзіцячых установах — музычных школах і школах маляваньня, спартовых залях і басэйнах, на дзіцячых пляцоўках, у крамах ці проста на вуліцах. Між тым дзяцей-інвалідаў у нашай краіне — 25 з паловай тысяч. Гэта ўсё насельніцтва Дзяржынску ці, напрыклад, Лунінца.

Тацьцяна: «На жаль, тая дзяржаўная адукацыя, якая ў нас ёсьць цяпер, не спрыяе таму, каб дзеці ўсьведамлялі, што ў іх ёсьць выбар, мелі магчымасьць зрабіць гэты выбар і мелі магчымасьць адчуць тую адказнасьць, якая ідзе за гэтым выбарам».

Бываюць жыцьцёвыя сытуацыі, калі правы ці жаданьні дзяцей улічваць ня так проста.

Доўгі час пасьля разводу Таня жыла зь дзецьмі адна. Улетку яны з Уладзімерам пажаніліся, а нядаўна Ўладзімер пераехаў з Кіева ў Менск, каб быць разам зь сям’ёй. Праўда, пра тое, ці нараджаць яшчэ дзіця, яны зь дзецьмі ня раіліся. Але кажуць, што ніхто ня быў супраць:
Тацяна і Ўладзімер
Тацяна і Ўладзімер

Тацьцяна: «Вось у Кастуся было так яскрава, калі мы пажаніліся, ён у гэты дзень назваў Вову «татам». Я ўвогуле ніколі пра гэта зь ім не размаўляла, не прасіла і ўвогуле лічу, што гэта толькі іх рашэньне. Цяпер ужо Кастусь не называе Вову «татам», але Альгерд называе.

— Рагнеда, а чаму людзі разводзяцца?

— Таму што бывае, што муж выбраў другую жонку.

— А жэняцца калі?

— Калі любяць.

Тацьцяна:

— Са свайго жыцьцёвага досьведу я бачу парушэньне права дзіцяці на сям’ю. Гэта адбываецца звычайна пасьля разводу, калі дзіця пазбаўляецца магчымасьці камунікаваць з адным з бацькоў. Гэта самае рэгулярнае парушэньне.

— А ў вашым выпадку як гэта было?

— Былі розныя этапы. Але ў прынцыпе мы вельмі хутка прыйшлі да такой зручнай мадэлі стасункаў паміж бацькам і мною. Дзеці ў любы час могуць бачыцца з бацькам. Апроч гэтага, калі мне трэба зьехаць у камандзіроўку, то дзеці жывуць у сям’і таты. Альбо ён пару разоў на тыдзень адвозіць іх у школу. Учора дзеці былі ўсе разам на дні народзінаў у сваёй зводнай сястры. Ёй быў годзік.

Быць праваабаронцам у Беларусі — маральны выбар і асабістая рызыка. Калі ў цябе дзеці, яны падзяляюць гэты выбар з табой. 6 сьнежня мінулага году Тацьцяна выйшла з сынамі на пікет супраць сьмяротнага пакараньня. Хлопцы трымалі расьцяжку: «Спадар прэзыдэнт. У мяне чацьвёра дзяцей. Хто абароніць іх права жыць?» Празь некалькі дзён Тацьцяну пакаралі штрафам за недазволеную акцыю:

— Таня, калі вы вырашалі ісьці на пікет — пыталіся ў дзяцей?

— Канечне, яны не ўсьведамлялі ўсю рызыку таго, што я рабіла, і яны ня могуць усьвядоміць, таму што яны яшчэ дзеці. І калі быць шчырай, то быў момант маніпуляцыі з майго боку. Канечне, я іх запытала. Канечне, яны ведалі, дзеля чаго мы ідзем. Але цалкам зрабіць ацэнку сытуацыі яны не маглі. Таму, вядома, уся адказнасьць на мне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG