Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў у сьпісе «ворагаў інтэрнэту»

абноўлена

Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала штогадовы даклад пра свабоду ў інтэрнэце.

12 сакавіка — Усясьветны дзень супраць цэнзуры ў інтэрнэце. Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала абноўлены сьпіс «ворагаў інтэрнэту», сярод якіх сёлета апынулася Беларусь. У 2008-м годзе Беларусь ужо была ў сьпісе «ворагаў інтэрнэту», а з 2009-га па 2011 гады яе перанесьлі ў сьпіс «краінаў пад назіраньнем».

Прэсавая прадстаўніца «Рэпартэраў бязь межаў» Люцыя Марылон патлумачыла ў інтэрвію «Свабодзе», чаму Беларусь патрапіла ў сьпіс ворагаў інтэрнэту:

«Падчас сэрыяў „маўклівых пратэстаў“ інтэрнэт быў заблякаваны. Мы заўважылі як узмацненьне фільтрацыі, так і спыньне доступу да ўсё большай колькасьці сайтаў або кібэр-атакі на іх. Шмат карыстальнікаў інтэрнэту і блогераў арыштоўваліся. Паводле закону, што ўступіў у сілу ў студзені, улады атрымліваюць усё больш магчымасьцяў назіраньня і кантролю над Інтэрнэтам.»

Як экспэрты, блогеры і карыстальнікі ацэньваюць ступень свабоды інтэрнэту ў Беларусі?

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна цяпер якраз у Парыжы, на сэсіі «Рэпартэраў бязь межаў». Яна лічыць, што Беларусь трапіла ў сьпіс «ворагаў інтэрнэту» невыпадкова. Улады на працягу мінулых гадоў мэтанакіравана перасьледавала крыніцы распаўсюду аб’ектыўнай інфармацыі пра сытуацыю ў краіне:

«Рэпрэсіі ў дачыненьні да інтэрнэту ў Беларусі ўзмацняюцца. І сайт „Хартыі“ — прыклад таму. Нашых журналістаў забівалі, кідалі ў турмы. Сайт пастаянна блякуецца на тэрыторыі Беларусі, апынаецца пад ДДОС-атакамі, яго пастаянна ўзломваюць. Таму, канечне ж, гэта цалкам заслужаная ацэнка».

Юры Зісер
Юры Зісер
Экспэрт у пытаньнях інтэрнэт-тэхналёгіяў Юры Зісер кажа, што ў сьпіс «ворагаў інтэрнэту» Беларусь перанесьлі крыху запозьнена. Якраз сёлета сытуацыя крыху выправілася:

«Усе факты, якія пералічаныя ў справаздачы, што тычыцца інтэрнэту, на жаль, пацьвярджаюцца. Аднак у параўнаньні, скажам, з тым, што рабілася ў інтэрнэце ў 2006 і ў 2010 годзе — гэта драбяза. З майго пункту гледжаньня правільна было б, каб мы за 2010 год трапілі ў сьпіс «ворагаў інтэрнэту», а ў 2011 годзе засталіся «пад назіраньнем».

А цяпер, на думку Юрыя Зісера, гэта несправядліва, бо на сёньняшні дзень інтэрнэт быў і застаецца самым вольным мэдыя-асяродкам у краіне:

«Зьмяшчэньне нас у адным сьпісе з краінамі, дзе блякуюцца дзясяткі тысяч сайтаў, дзе немагчыма трапіць ні ў фэйсбук, ні ў твітэр, прычым ня толькі ў момант масавых акцыяў, а заўсёды, дзе забаронена карыстацца проксі-сэрвэрамі — а гэтыя краіны трапілі ў сьпіс „пад наглядам“ — мне падаецца гэта абсалютна несправядлівым. Па-мойму, нас проста засудзілі».

У адмысловым дакладзе «Рэпартэраў бязь межаў» адзначаецца, што «інтэрнэт-прастора, якую выкарыстоўваюць для распаўсюду інфармацыі і мабілізацыі пратэстаў, сур’ёзна пацярпела, калі ўлады адрэагавалі на «Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку». Сьпіс заблякаваных вэб-сайтаў вырас, інтэрнэт часткова блякаваўся падчас «маўклівых пратэстаў». Быў ціск на блогераў і інтэрнэт-карыстальнікаў. Урад выкарыстоўваў Twitter-паведамленьні, каб запалохаць дэманстрантаў, а асноўны правайдэр замест доступу да онлайн-сацыяльнай сеткі «Вконтакте» пераадрасоўваў на сайты, якія зьмяшчаюць шкодныя праграмы.

Прадстаўніца мультымэдыйнага часопісу «34» спадарыня Інга выказала такую думку:

«Я лічу, што Беларусь трапіла туды заслужана. Увогуле, мы не адчуваем абсалютнай свабоды ў інтэрнэце, бо за кожнае сваё слова ты можаш быць пакараны, калі нават гэтыя словы не зьяўляюцца сапраўды шкоднымі для грамадзтва, калі яны тычацца толькі твайго ўласнага меркаваньня і адносінаў, напрыклад, да ўлады. І гэта ў першую чаргу тычыцца сацыяльных сетак і блогаў. Таму нельга сказаць, што мы свабодныя ў інтэрнэце».

Віктар Малішэўскі
Віктар Малішэўскі
Вядомы блогер Віктар Малішэўскі кажа, што Беларусь яшчэ доўга будзе трапляць ва ўсе сьпісы ворагаў аўтаматычна, у тым ліку і за былыя заслугі. Але сам ён не адчувае асаблівай цэнзуры:

«Зразумела, ёсьць сайты, на якія ціснуць, кшталту „Хартыі“ ды некаторых іншых. Але калі кожны карыстальнік інтэрнэту пачне на сабе спрабаваць адчуць, ці ёсьць цэнзура ў дачыненьні да яго, то наўрад ці ён нешта заўважыць. Магчыма, ён і не павінен заўважаць, таму што гэта павінны заўважаць тыя, хто займаецца кантэнтам. На самой справе, карыстальнікі таксама павінны заўважаць. Яны павінны адчуваць, што ім не хапае нейкай інфармацыі. Але як карыстальнік і як блогер я асабіста такога не заўважаю».

Акрамя Беларусі, у сьпісе «ворагаў інтэрнэту» фігуруюць яшчэ 11 краінаў: Бахрэйн, Віетнам, Іран, Кітай, Куба, М’янма, Паўночная Карэя, Саудаўская Арабія, Сырыя, Туркмэністан, Узбэкістан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG