Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі рубель умацоўваецца. Ці надоўга?


Пасьля леташняга амаль трохразовага абясцэньваньня беларускі рубель апошнім часам пачаў умацоўвацца. Цяпер абменныя пункты камэрцыйных банкаў прымаюць даляр у калідоры 8000–8100 рублёў, пры тым, што ў канцы 2011-га курс амэрыканскай валюты складаў больш за 9000 рублёў. Наколькі ўстойлівая тэндэнцыя росту курсу беларускай валюты.

Пасьля аб’яднаньня ў кастрычніку мінулага году дзьвюх гандлёвых сэсіяў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс рубля ўсталяваўся на адзнацы 8600 за даляр і ад таго часу досыць істотна вагаўся — ад верхняй мяжы ў 9100 да цяперашніх амаль што 8000. У чым сакрэт цяперашняй стабільнасьці нацыянальнай валюты? Гаворыць старшы аналітык «Forex Club у Беларусі» Валеры Палхоўскі, які ў сьнежні мінулага году прагназаваў на 2012-ы год абменны курс да 10 000 рублёў пры інфляцыі 19–22%:

«Ды ніякага тут сакрэту няма. Хутчэй за ўсё, у 2011 годзе рубель быў папросту крышачку перадэвальваваны, нават чыста псыхалягічна. Таму што калі глядзець на ўзроўні 8100 рублёў за даляр, і нават на ўзроўні, блізкім да 8000, удзельнікі біржы нармальна мяняюцца, аб’ёмы захоўваюцца. Адпаведна, цяперашні курс, так атрымліваецца, іх задавальняе. Адзінае, што, да прыкладу, мы лічым — Нацыянальны банк усё ж сустракае рубель на ўзроўні 8000 і выходзіць на рынак з інтэрвэнцыямі. Таму курс, можна заўважыць, наблізіўшыся да гэтай адзнакі, заўсёды вяртаецца назад. То бок, падышоўшы да псыхалягічнай мяжы ў 8000, звычайна ён на 100–150 рублёў адскоквае наверх у вобласьць 8200–8300».

На тле амаль што 200-працэнтнай мінулагодняй дэвальвацыі рубля і больш чым 100-працэнтнай інфляцыі бальшыня экспэртаў схілялася да думкі, што нацыянальная валюта аб’ектыўна ня можа быць ніжэйшая за адзнаку ў 9000 ці нават 10 000 за даляр. Нечаканае ўмацаваньне рублёвых пазыцыяў многія эканамісты тлумачаць рэзкім павелічэньнем — амаль да 8 мільярдаў даляраў — золатавалютных рэзэрваў, найперш дзякуючы продажу «Белтрансгазу» і атрыманьню крэдыту ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, а таксама спрыяльнымі ўмовамі пастаўкі расейскіх энэргарэсурсаў.

Між тым, на думку фінансавага аналітыка Аляксандра Мухі, ад гэтага году на бюджэт цяжкім грузам кладзецца неабходнасьць разьлічвацца па ранейшых пазыках, якія дасягнулі рэкорднай сумы. Нездарма ўлады намагаліся атрымаць чарговы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду, каб часткова зьменшыць гэты цяжар, але так і не знайшлі паразуменьня з патэнцыйным донарам. Суразмоўца лічыць, што выдаткі на абслугоўваньне доўгу аслабяць пазыцыі рубля:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха
«Ціск на золатавалютныя рэзэрвы і курс рубля ў 2012-м і ў наступныя 2013–2014 гады будзе зьвязаны з ажыцьцяўленьнем маштабных выплат па сукупным зьнешнім доўгу, які, па нашых ацэнках, складае звыш 33 мільярдаў даляраў, ці блізу 90% ад ВУП. Таму я думаю, што, пачынаючы з другой паловы 2012-га, па меры павелічэньня выплат сукупнага зьнешняга доўгу можа зноў аднавіцца ціск на курс рубля і золатавалютныя рэзэрвы ў бок зьніжэньня. На жаль, зараз нашмат складаней прагназаваць абменны курс, чым летась. Але выкажу суб’ектыўнае меркаваньне: калі ўлады будуць прытрымлівацца палітыкі гнуткага абменнага курсу, якая найперш складаецца з попыту і прапановы, будуць меней умешвацца ў працэс курсаўтварэньня, сытуацыя будзе адна. Цяпер жа мы бачым, што Нацбанк набывае крыху валюты і ажыцьцяўляе адваротную інтэрвэнцыю, падтрымліваючы валютны курс».

Некаторыя экспэрты прадракаюць, што падзеньню вартасьці рубля можа паспрыяць і пасяўная кампанія, якая традыцыйна адцягвае на сябе вялізныя аб’ёмы эмісійных грошай. Адпаведна, укіданьне вялікай колькасьці непадмацаваных сродкаў падштурхне рост інфляцыі, якая сёлета заплянаваная ў межах 20%. Ці не перабольшаныя страхі чаканьня пасяўнога сэзону? Меркаваньне выказвае аналітык Валеры Палхоўскі:

«Мабыць, ня трэба сьпяшацца з высновамі, таму што ёсьць і іншая думка: грошы, заплянаваныя сёлета на пасяўную, яны ўжо ў фінансавай сыстэме. Таму я пакуль ня стаў бы сьпяшацца з далёка ідучымі высновамі, пачакаем — пабачым. Але зразумела, што калі такі працэс пойдзе, то, канечне ж, мы ўбачым працэс
Інфляцыя хоць і зьнізілася, але яна застаецца ...

плаўнага аслабленьня беларускага рубля. Хоць, зь іншага боку, мы лічым, што Нацбанку і самому не перашкодзіла б рубель пакрысе ўсё ж аслабляць, бо рэальны абменны курс у нас пастаянна ўзмацняецца. То бок інфляцыя хоць і зьнізілася, але яна застаецца, а намінальны курс ня толькі трымаецца на ўзроўні, а яшчэ і ўмацоўваецца. І калі атрымліваецца, што рэальны абменны курс узмацняецца, то гэта ня вельмі добра найперш для экспартэраў. Асабліва ў сьвятле плянаў на 1,5 мільярда даляраў, якія мы заклалі ў плюс па зьнешнім гандлі».

7 сакавіка падчас брыфінгу начальнік галоўнага ўпраўленьня зьнешнеэканамічнай палітыкі Міністэрства эканомікі Раман Бродаў заявіў, што дзеля падтрыманьня канкурэнтаздольнага экспарту ў 2012 годзе аслабленьня курсу рубля не спатрэбіцца. А гэта значыць, што, прынамсі ў бліжэйшай пэрспэктыве, улады не разглядаюць варыянты карэктаваньня рублёвага курсу ў прывязцы да асноўных валют.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG