Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН паведамілі пра пагаршэньне становішча з правамі чалавека


Фундацыя Дамоў правоў чалавека, якая мае адмысловы дарадчы статус пры Радзе па правах чалавека ААН, накіравала ў кампэтэнтны міжнародны орган заяву, у якой паведамляе пра становішча з правамі чалавека ў нашай краіне. У дакумэнце, у прыватнасьці паведамляецца: «Становішча з правамі чалавека ў Беларусі пагоршылася з часу прыняцьця рэзалюцыі Радай па правах чалавека на сваёй 17-й сэсіі (травень-чэрвень 2011 году)».

«Урад працягвае палітыку перасьледу праваабаронцаў ды іхніх арганізацый, юрыстаў, журналістаў і любых асоб, якія крытычна выказваюцца пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі або выказваюць заклапочанасьць ёй — такіх як студэнты або ўдзельнікі мірных сходаў». «Згодна з новым заканадаўствам, прынятым у лістападзе 2011 году, зладзіць дэманстрацыю ці проста сход без папярэдняй згоды ўладаў зьяўляецца крымінальным злачынствам».

«Апошнія папраўкі да Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях забараняюць НДА мець рахункі ў замежных банках. Акрамя таго, узгаданыя папраўкі ўводзяць крымінальную адказнасьць за замежную дапамогу, уключаючы шматлікія працэсуальныя нормы і ўсё большую колькасьць абмежаваньняў, парушэньне якіх вядзе да крымінальнай адказнасьці, а таксама закрыцьця».

«У лістападзе 2011 Камітэт ААН супраць катаваньняў разгледзеў сур’ёзныя паведамленьні аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні з затрыманымі й зьняволенымі, а таксама неаказаньні ім мэдычнай дапамогі. Паведамленьні ўключаюць справы Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева, былых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія былі арыштаваныя супрацоўнікамі ў цывільным зь непрапарцыйным ужываньнем сілы, падвергнутыя катаваньням у сьледчым ізалятары людзьмі ў масках, пазбаўленыя правоў на неадкладны доступ да адваката, сувязь са сваімі сем’ямі і мэдычную дапамогу, нягледзячы на траўмы, атрыманыя пры арышце».

«Дадатковай праблемнай вобласьцю ў Рэспубліцы Беларусь зьяўляецца адсутнасьць незалежнай судовай сыстэмы. Камітэт супраць катаваньняў выказаў сваю глыбокую заклапочанасьць з нагоды пастаянных і пераважных адмоваў уладаў у правядзеньні неадкладнага, бесстароньняга й поўнага расьсьледаваньня сьцьвярджэньняў аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні й прыцягненьні да адказнасьці меркаваных выканаўцаў».

Фундацыя Дамоў правоў чалавека заклікала ўлады Беларусі «неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў. Адмяніць нядаўнія абмежавальныя папраўкі да заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы на свабоду мірных сходаў і аб’яднаньняў, а таксама іншыя палажэньні заканадаўства, якія абмяжоўваюць правы грамадзян на свабоду аб’яднаньняў і мірных сходаў», паведамляе праваабаронцы цэнтар «Вясна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG