Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы «дадому», або Вызваленьне па-беларуску


Вадзім Рабцаў. Калісьці тут жыла яго сям’я
Вадзім Рабцаў. Калісьці тут жыла яго сям’я

Актывісты праваабарончай арганізацыі «Плятформа» пачалі маніторынг сытуацыі з правамі чалавека ў папраўчых установах, а таксама з рэабілітацыяй былых асуджаных, якіх вызвалілі з-за кратаў.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць: кожнае другое злачынства ў Беларусі зьдзяйсьняецца раней асуджанымі. Штогод у турмы вяртаецца прыкладна палова ад усіх 10 тысяч вызваленых.

Пра праблемы ўліваньня ў грамадзтва, а таксама пра спакусы, якія паўстаюць перад былымі асуджанымі ў самыя першыя дні вяртаньня дадому, «Плятформа» распавядае на прыкладзе былога вязьня мазырскай папраўчай калёніі № 20 Вадзіма Рабцава.

Грошы, каб дабрацца дадому

1 сакавіка а 10-й раніцы за Вадзімам Рабцавым, які правёў у зьняволеньні агулам 11 гадоў, зачынілася брама КПП папраўчай калёніі № 20.

Сустракаць яго не было каму. За час, праведзены ў турме, у хлопца памерла маці, паміж першай і другой адседкай Вадзім пахаваў бацьку. З блізкіх застаўся толькі дзядзька ў Полацку, а з уласнасьці — бацькоўскі дом за 6 кілямэтраў ад Полацку, у вёсцы Мінтурава.

Дадому — літаральна праз усю краіну — трэба было дабірацца самастойна. Самы танны, начны цягнік у Полацак адпраўляўся з Калінкавічаў а 22-й. Квіток на яго ў агульны вагон каштаваў звыш 15 тысяч рублёў. Аднак спачатку трэба было трапіць з зоны да Мазыра трамваем (5 тысяч). Прыкладна столькі ж каштаваў праезд да Калінкавічаў, дзе цягніка трэба было чакаць яшчэ 10 гадзін.

Пры вызваленьні калёнія разам з дакумэнтамі павінна выдаваць былому асуджанаму пэўную суму на праезд да месца пражываньня, а таксама на харчаваньне ў дарозе. Вадзім разьлічваў на яе, бо ніякай гатоўкі ў яго не было. Хоць падчас адседкі ў Мазыры ён рабіў на прамзоне і заробкі былі цалкам прыстойныя, як на зонаўскія меркі. Большую частку з заробленай Вадзімам сумы калёнія вылічвала на так званае ўтрыманьне ва ўстанове. У выніку ён яшчэ застаўся вінен дзяржаве 84 250 беларускіх рублёў.

1 сакавіка Вадзім атрымаў ад адміністрацыі калёніі ў якасьці праязных 10 тысяч 620 рублёў.

Разьліковы ліст аб заробках у калёніі
Разьліковы ліст аб заробках у калёніі


У былога асуджанага, які афіцыйна стаў на шлях выпраўленьня, было некалькі варыянтаў, каб трапіць дадому: пайсьці пешшу, прасіць грошы ў мінакоў або красьці. Апошні варыянт — крадзеж у першы дзень волі — Вадзім адразу адкінуў. Што да падарожжа пешшу, то гэта таксама было ня выйсьце. У першы веснавы дзень ён апынуўся на волі ў адным швэдры. Саромеючыся і хаваючы вочы, Вадзім пачаў прасіць у людзей грошы на дарогу, тлумачачы сваю складаную сытуацыю. Так удалося назьбіраць яшчэ тысяч дзесяць.

Вадзім Рабцаў – у бацькоўскай хаце і тым самым швэдры, у якім выйшаў з калёніі
Вадзім Рабцаў – у бацькоўскай хаце і тым самым швэдры, у якім выйшаў з калёніі


У Полацак Вадзім прыбыў 2 сакавіка а 8-й раніцы. Апошняй ягонай ежай быў сьняданак у Мазырскай калёніі.

Наперадзе быў шлях ў родную вёску Мінтурава, дзе ён нарадзіўся і ўсе гэтыя гады быў прапісаны. Для хлопца гэты шлях выглядаў яшчэ больш праблематычным, а таму напярэдадні ён выклаў сваю сытуацыю праваабаронцам з «Плятформы». Яны і сустрэлі яго на полацкім вакзале.

Як робяцца бамжамі

Алена Красоўская
Алена Красоўская
«Вадзім зьвярнуўся да нас, таму што за час адседкі ён фактычна стаў бамжом, — кажа намесьніца кіраўніка „Плятформы“ Алёна Красоўская. — Незадоўга да яго вызваленьня спэцаддзел ПК-20 накіраваў запыт на месца ягонай прапіскі. З атрыманага адказу Салонінскага сельсавету вынікала, што бацькоўскі дом разрабаваны і непрыдатны для таго, каб там жыць.

Адміністрацыя калёніі паабяцала яму дапамагчы вырашыць гэтае пытаньне. У выніку ў даведку аб месцы пражываньня на волі ўпісалі адрас дзядзькі ў Полацку. Зь дзядзькам у маладога чалавека не было трывалых кантактаў. Зразумела, што ніхто ня стаў цікавіцца, ці жадае той жыць разам з пляменьнікам. Фармальнасьці адміністрацыя выканала, а далей — „хочаш — жыві, хочаш — не жыві“.

Праваабаронцам зрабілася відавочна, што Вадзім прапісаны літаральна „нідзе“. Яны паспрабавалі высьветліць у мясцовых жыхароў, хто ўчыніў такое з домам Рабцавых. Але тыя сарамліва хавалі вочы ці казалі, што гэта ні ў якім разе не яны, і раілі нам зьвярнуцца ў сельсавет або да ўчастковага Крупеніча.

Сусед-участковы, так і не заўважыў, як рабавалі гэты дом
Сусед-участковы, так і не заўважыў, як рабавалі гэты дом


„Сытуацыя з домам Вадзіма не была б такой абсурднай, калі б дом, які стаіць побач з домам Вадзіма, ня быў набыты пад дачу, як кажуць мясцовыя жыхары, тым самым участковым“, — працягвае Алёна Красоўская. — Меркаваць, што ўчастковы інспэктар Полацкага РАУС не заўважыў, што зрабілася з домам насупраць, немагчыма. Як высьветлілася з тэлефоннай размовы зь ім, рабункі дамоў, гэтаксама як і месца жыхарства Вадзіма Рабцава, у ягоную кампэтэнцыю не ўваходзяць, кола абавязкаў участковага — грамадзкі парадак».

Паматацца ў той дзень давялося шмат. Добра, што ў праваабаронцаў была машына.

«Урэшце Вадзіма ўладкавалі ў прадпрыемства „Полацкі аграсэрвіс“. Былому вязьню далі часовае жытло і працу. У яго зьявіўся яшчэ адзін шанец пачаць жыцьцё з чыстага аркуша, — кажа Алёна Красоўская. — Мяркуючы толькі па адным дні, які мы правялі разам зь ім, сацыяльная рэабілітацыя хлопца ў нашым грамадзтве выглядае справай вельмі няпростай. Падставаў для вяртаньня назад куды болей. Вельмі хацелася б верыць у лепшае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG