Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканскі «супэр-аўторак» у ЗША


Сёньня амэрыканскія выбарцы ў папярэдніх выбарах (primaries) і сходах (caucuses) у 10 штатах будуць вырашаць, каго з чатырох прадстаўнікоў Рэспубліканскай партыі надзяліць правам стаць супернікам Барака Абамы ў сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Дзень, калі амэрыканцы вырашаюць пра партыйную намінацыю кандыдата ў прэзыдэнты ў 10 штатах, у палітычным жыцьці ЗША называецца «супэр-аўторкам».

Папярэднія выбары або сходы адбудуцца ў Агаё, Джорджыі, Масачусэтсе, Вэрмонце, Вірджыніі, Аклагоме, Тэнэсі, Айдага, Паўночнай Дакоце і Алясцы.

У гонках удзельнічаюць чатыры рэспубліканскія палітыкі: былы губэрнатар штату Масачусэтс Міт Ромні, былы сэнатар з Пэнсыльваніі Рык Санторум, кангрэсмэн ад штату Тэхас Рон Пол і былы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Ньют Гінгрыч.

Паводле назіральнікаў, ключавое значэньне для намінацыі ад Рэспубліканскай партыі будзе мець вынік папярэдніх выбараў у Агаё. У мінулым ніводзін рэспубліканец ня стаў прэзыдэнтам ЗША, ня выйграўшы папярэдніх выбараў у Агаё. Лічыцца, што палітычныя сымпатыі выбаршчыкаў гэтага штату вельмі блізка адлюстроўваюць агульнанацыянальныя палітычныя схільнасьці.

Фаварытамі папярэдніх выбараў зьяўляюцца Ромні і Санторум. Паводле апытаньня, праведзенага агенцтвам Ройтэрз у штаце Агаё, Ромні і Санторум карыстаюцца там аднолькавай падтрымкай на ўзроўні 32%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG