Тым, хто трапляе за краты, закон гарантуе мінімальныя стандарты ўтрыманьня. У беларускіх турмах не выконваецца нават гэты мінімум. Прычыны розныя: няма грошай, няма жаданьня, няма ўпэўненасьці, што арыштант — таксама чалавек.
Дзяўчаты пераканаліся, што ў камэры ізалятару марамі становяцца самыя банальныя рэчы. Есьці суп і піць гарбату, а не рознакаляровыя памыі. Права на жаночую бялізну — таксама мара. Чысьціць зубы над ракавінай, а не над дзіркай у падлозе. Ня мерзнуць ад холаду. Спаць хаця б на нарах, а не на падлозе (не хапае месцаў). Зірнуць на божы сьвет, пабачыць свой твар, памыць галаву, пастрыгчы пазногці. Усе гэтыя выпрабаваньні леглі ў аснову 12 сюжэтаў фотапраекту.
Аўтарка праекта «Ізаляцыя» Даша Сапранецкая расказвае, як нарадзілася ідэя гэтага календара:
«Мы сядзелі ў камэры, і нам вельмі хацелася пра ўсё гэтае бясчынства расказаць. Тады мы іранізавалі, што падорым Лукашэнку наш каляндар, як калісьці студэнткі — Пуціну. Аднак не хацелася літаральна паказваць усё тое, што з намі было, альбо рабіць яшчэ адзін бессэнсоўны каляндар «зь дзевачкамі». Таму ідэя паказаць мары аб нармальных рэчах, на якія ў звычайным жыцьці не зьвяртаеш увагі, нараджалася ў пакутах».
Праект «Ізаляцыя» цалкам можна будзе пабачыць на прэм’ернай прэзэнтацыі, якая неўзабаве адбудзецца ў Менску. Кампанія «Наш дом», пры падтрымцы якой рэалізоўваецца фотапраект, заплянавала таксама шэраг прэзэнтацый у краінах ЭЗ.