Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзятліковіч: Бестэрміновых масавых акцыяў у Маскве ня будзе


Віктар Дзятліковіч
Віктар Дзятліковіч

У Маскве прайшоў масавы мітынг апазыцыі "За сумленныя выбары" . Праваахоўныя органы паведамляюць, што сабраліся каля 14 тысяч чалавек. Удзельнікі акцыі кажуць, што дадзеныя заніжаныя, і на Пушкінскай плошчы было ад 20 да 40 тысяч чалавек. Апазыцыянэры скандавалі «Расія - без Пуціна!", заяўляючы аб масавых фальсыфікацыях на выбарах. Адбыліся масавыя затрыманьні. На тэлефоннай сувязі з Масквы – журналіст Віктар Дзятліковіч.


Дзятліковіч: Мітынг быў не такі масавы, як мінулыя акцыі пратэсту, па сьведчаньні тых, хто там быў, прыйшлі максымум 15-20 тысячаў. Такім чынам можна сказаць, што пратэстная хваля ў расейскім грамадзтве крыху зьменшылася. І нельга сказаць, што людзі незадаволеныя выбарамі прэзыдэнта гэтак жа, як яны былі незадаволеныя выбарамі ў Дзярждуму ў сьнежні летась. Магчыма, справа ў тым, што на прэзыдэнцкіх выбарах менавіта ў Маскве парушэньні былі менш маштабнымі, чым на выбарах у Дзярждуму. Гэта засьведчылі і назіральнікі. Канешне, былі парушэньні, але не ў такім маштабе. І гэта паўплывала на настроі.

Знаткевіч: Наколькі самі ўдзельнікі і арганізатары пратэсту вераць у рэальнасьць свайго патрабаваньня датэрміновых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў?

Дзятліковіч: Думаю, што ніхто ад самага пачатку ня верыў у магчымасьць датэрміновых выбараў прэзыдэнта. Таму што для гэтага зараз няма аніякіх падставаў. Можна весьці размову пра тое, каб правесьці датэрміновыя выбары ў Думу - такую думку агучвалі, напрыклад Кудрын, які лічыць сябе сябрам Уладзімера Пуціна. Шмат хто выказваўся, што менавіта датэрміновыя парлямэнцкія выбары могуць стаць выйсьцем з палітычнага крызісу. Але зараз відавочна пратэсты зьменшацца, і гаварыць пра гэта не даводзіцца.

Знаткевіч: У рэзалюцыі мітынгу заяўлена, што будзе бестэрміновы пратэст, пакуль патрабаваньні ня будуць выкананыя. Наколькі рэальныя калі не бестэрміновыя, дык доўгатэрміновыя пратэсты? Ці адбыліся нейкія акцыі пратэсту у іншых гарадах Расеі?

Дзятліковіч: У момант, калі мы з Вамі размаўляем, ужо ідуць затрыманьні на Пушкінскай плошчы, і выглядае, што сёньняшні пратэст сёньня і скончыцца, там не застанецца ніводнага чалавека. Наступная акцыя пратэсту, наколькі я ведаю, заплянаваная на 11-га, праз тыдзень. Калі апазыцыя мае на ўвазе пад бестэрміновым пратэстам, што нейкія акцыі будуць праводзіцца, напрыклад, кожны тыдзень - дык магчыма, гэта і можна быць рэальным. Але ці можам мы сказаць, што акцыі раз на тыдзень колькасьцю 5-10 тысяч чалавек могуць паўплываць на цяперашнія расейскія ўлады? Што да іншых гарадоў, дык былі акцыі і ў падтрымку Пуціна, і акцыі пратэсту. У Санкт-Пецярбургу затрыманыя калі 70 чалавек. Але ў параўнаньні з ранейшымі акцыямі людзей прыходзіць значна меней.

Знаткевіч: Ці магчыма нейкая дамова з уладамі? Аглядальнік расейскай службы нашага радыё Міхаіл Сакалоў: «Калі ў Крамлі сядзяць разумныя людзі, а іх ня варта недаацэньваць, то некаторыя з лідэраў пратэстаў атрымаюць адтуль прапановы, ад якіх ім будзе цяжка адмовіцца».

Дзятліковіч: Мне цікава, што гэта могуць быць за прапановы? Напрыклад, што могуць прапанаваць Аляксею Навальнаму? Калі лічыць менавіта яго адным з лідэраў пратэсту. Ці Удальцову, аднаму зь лідэраў Левага фронту. Наўрад ці таксама яму нейкія прапановы з боку адміністрацыі прэзыдэнта будуць. Магчыма, мы можам казаць пра тое, што ўлады ўвойдуць у нейкі кантакт з Міхаілам Прохаравым, які атрымаў 8 адсоткаў галасоў і такім чынам у нейкай ступені прадстаўляе пратэстны электарат, хаця сёньня на акцыі на Пушкінскай яго асьвісталі. Вось калі казаць пра такія фігуры як Прохараў, дык Крэмль можа весьці зь імі нейкі дыялёг. Але што тычыцца лідэраў вулічнага пратэсту - я сумняюся, што ім будуць нейкія прапановы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG