Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандлёвая вайна з Украінай адкладваецца


Харчовы канфлікт паміж Беларусьсю і Ўкраінай рызыкуе перакінуцца на іншыя сфэры. У адказ на забарону паставак ва Ўкраіну беларускай мяса-малочнай прадукцыі Менск заявіў пра гатовасьць спыніць імпарт украінскіх прадуктаў.

Пад забарону найперш маглі б трапіць алей, соль, кукуруза, кандытарскія вырабы. У сваю чаргу, Кіеў даў зразумець, што можа накласьці абмежаваньні на пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў. Тады беларускія ўлады прыгразілі стварыць заслону на шляху ўкраінскіх тавараў у краіны Мытнага саюзу.

У Дэпартамэнце вэтэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі паведамілі, што анансаваная забарона на ўвоз украінскай прадукцыі ад сярэдзіны дня 5 сакавіка ўводзіцца ня будзе і бакі паспрабуюць вырашыць спрэчныя пытаньні ў працоўным парадку. Тым часам у Кіеве настойваюць на агалошваньні сапраўдных прычынаў зьнішчэньня пагалоўя сьвіней на Наваградчыне ў сярэдзіне лютага. Беларускія ўлады называюць гэта вучэньнямі па лякалізацыі «гіпатэтычнай» эпідэміі афрыканскай чумы, украінцы ж падазраюць, што небясьпека была рэальная, а ня ўяўная. Гаворыць прадстаўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службы Ўкраіны Анатоль Асадчы:

«Што гэта за вучэньні? Мы таксама праводзім вучэньні па афрыканскай чуме. Але толькі замест жывой жывёлы з прыватных гаспадарак спальваем імітацыю — мяхі,
беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва патрабуе канструктыўнага дыялёгу, а не ўльтыматыўных фармулёвак і пагрозаў ...

напоўненыя саломай, дзеля таго каб адпрацаваць дзеяньні. А калі спальваюцца жывыя сьвіньні, то гэта што — вучэньні, умоўнасьці ці рэальная пагроза? Хутчэй апошняе, бо межы з Расеяй адкрытыя, кантролю няма. Мы пяты год трымаем усходнюю мяжу, дзе Расея з усіх бакоў аблажыла, маніторынгі вядзём, у тым ліку ў дзікай фаўне, забараняем людзям нават бутэрброд правезьці. А зь беларускага боку — поўная бесшабашнасьць. Таму беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва патрабуе канструктыўнага дыялёгу, а не ўльтыматыўных фармулёвак і пагрозаў».

Ад 1 сакавіка Ўкраіна ўвяла забарону на ўвоз зь Беларусі малочнай прадукцыі, а таксама жывёлы, успрымальнай да афрыканскай чумы сьвіней, і вырабаў зь мяса такой жывёлы. Беларускі бок абвінаваціў партнэраў у тым, што такія захады беспадстаўныя, і патрабуе неадкладнага аднаўленьня паставак. У іншым выпадку Менск пагражае спыненьнем украінскага імпарту. Як кажа Анатоль Асадчы, менавіта такую пазыцыю на нядаўніх перамовах у Кіеве агучыў галоўны вэтэрынарны лекар Беларусі Юрый Піваварчык:

«Вось калі б ён не пачынаў з пагрозаў, то, магчыма, усё па-іншаму і складалася б. А так прыехаў не дзеля таго, каб нейкі канструктыў складаўся, а з пагрозамі: маўляў, калі вы не адкрыеце межы да панядзелка, то мы вас закрыем. І гэта ён кажа на трэцяй хвіліне перамоваў! Можна было падымацца і ні пра што далей не размаўляць. Пры тым, што са свайго боку не зрабілі ніякіх захадаў, нават працоўную групу ня здолелі стварыць. Атрымалі ад нас цэлы пералік пытаньняў, дадзеныя дасьледаваньняў і яшчэ заяўляюць, што ад украінскага боку нічога няма. Гэта атрымаўшы афіцыйныя вынікі дасьледаваньняў беларускай прадукцыі ад кастрычніка да канца лютага — па прадпрыемствах, па гандлёвых партыях, па ўсім іншым».

Спадар Асадчы кажа, што беларускія перамоўнікі не настроеныя на канструктыўны дыялёг у тым ліку і таму, што не да канца ўяўляюць маштаб праблемы. Ён ня верыць, што Менск, перакрыўшы імпарт з Украіны, здолее апэратыўна пераарыентавацца на альтэрнатыўныя пастаўкі з трэціх краінаў:

«Такое адчуваньне, што няма разуменьня гэтай праблемы. У беларускай вэтэрынарнай службе няма кампэтэнтных спэцыялістаў, сам Піваварчык расказваў: дасьледаваньні праводзіць і санстанцыя, і лябараторыя МУС. Але ж гэта розныя рэчы, бо мы ж не гаворым пра якасьць прадукцыі, мы гаворым пра бясьпеку прадукцыі. Гэта ж розныя паняцьці — якасьць і бясьпека. Якасьць кагосьці задавальняе, кагосьці не, там цэнавая палітыка ідзе. Але калі бясьпека не гарантаваная, перавышэньне антыбіётыкаў у 4 разы — гэта што? Але замест канструктыву ідуць пагрозы і ўльтыматумы. Ну, няхай паспрабуюць пасярод зімы спыніць кукурузу з Украіны і шрот, якія пастаўляюцца рэгулярна і па коштах мінулага году. Дзе яны зараз замену знойдуць? У Лацінскай Амэрыцы, у Аргентыне?»

Экспэрты кажуць, што калі ня будзе паразуменьня, то харчовая вайна можа закрануць і іншыя сфэры, як прыклад — пастаўку нафтапрадуктаў. Украінскія СМІ пішуць, што ўскосныя сьведчаньні гэтаму ўжо ёсьць: Антыманапольны камітэт Украіны накіраваў найбуйнейшаму пастаўшчыку паліва зь Беларусі — кампаніі «БНК-Украіна» — запыт на гаспадарчую дзейнасьць у 2011 годзе. Паводле статыстыкі, бэнзін ды салярка, вырабленыя на беларускіх НПЗ, займаюць каля 30% украінскага рынку нафтапрадуктаў, і яго магчымая страта адчувальна адаб’ецца на аб’ёмах беларускага экспарту.

У ліку пацярпелых могуць апынуцца і пастаўшчыкі папулярных слодычаў. Праўда, у аддзеле экспарту буйнога ўкраінскага вытворцы кандытарскіх вырабаў, карпарацыі Roshen, спадзяюцца, што далей за словы ня пойдзе:

«Мы, як і ўсе астатнія, бачылі такія паведамленьні ў інтэрнэце. Але пакуль што глыбока гэтую сытуацыю не аналізавалі. Спадзяёмся, што нашым уладам усё ж удасца дамовіцца. Таму гатовага адказу на выпадак нейкага форс-мажору ў нас няма. Галоўным чынам мы не засяроджваліся на гэтым пытаньні таму, што верым у розум, а не ў празьмерныя эмоцыі».

Адпачатку Беларусь у адказ на абмежаваньне паставак мяса-малочнай прадукцыі прыгразіла ня толькі асымэтрычнымі захадамі, але і пакінула за сабой права прасіць партнэраў па Мытным саюзе на знак салідарнасьці таксама ўвесьці абмежаваньні для ўкраінскіх тавараў. Прычым, як паведамілі ў Дзяржаўнай вэтэрынарнай і фітасанітарнай службе Ўкраіны, пра гэта пасьля візыту Юрыя Піваварчыка ў тэлефоннай размове з кіраўніком ведамства Іванам Бісюком гаварыў сам міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Міхаіл Русы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG