Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі


Уладзімір Пуцін перамагае ў першым туры, на Манежнай Плошчы ў Маскве сабраліся 70 тысяч яго прыхільнікаў. Першыя рэакцыі кандыдатаў. Трое паліцэйскіх забітыя на выбарчым участку.

У Расеі завяршылася галасаваньне на выбарах прэзыдэнта. Паводле апошніх зьвестак Цэнтрвыбаркаму, Уладзімір Пуцін атрымаў каля 64% галасоў выбарцаў, пры яўцы 64%. Некаторыя грамадзкія актывісты заявілі аб беспрэцэдэнтных парушэньнях. На Манежнай плошчы ў Маскве адсьвяткаваць перамогу сабраліся каля 70 тысяч прыхільнікаў Пуціна. Апазыцыя плянуе пратэсты ў панядзелак. У Дагестане пры нападзе на выбарчы ўчастак загінулі трое паліцэйскіх.



Першыя рэакцыі кандыдатаў


Кандыдаты на прэзыдэнта Расеі выступілі зь першымі заявамі адносна сёньняшніх выбараў.




Прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін, выступаючы перад прыхільнікамі на Манежнай плошчы, ня здолеў стрымаць сьлёз
Прэм'ер-міністар Уладзімір Пуцін, выступаючы перад прыхільнікамі на Манежнай плошчы, ня здолеў стрымаць сьлёз
Уладзімір Пуцін, які прыехаў разам зь дзейным прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым на мітынг сваіх прыхільнікаў на Манежнай плошчы, падзякаваў тым, хто падтрымаў яго на выбарах, і заявіў аб сваёй «чыстай перамозе».

На думку прэм'ер-міністра, імкненьне да абнаўлення варта адрозьніваць ад «палітычных правакацыяў, мэта якіх - разваліць дзяржаву і захапіць уладу».


Лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў
Лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў
Іншы кандыдат на прэзыдэнта – Генадзь Зюганаў заявіў пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня, што лічыць выбары нелегітымнымі, несумленнымі і непразрыстымі. Паводле яго слоў, у выніку выбараў «прайграе Расія».


Бізнэсовец-мільярдэр Міхаіл Прохараў
Бізнэсовец-мільярдэр Міхаіл Прохараў
Яшчэ адзін кандыдат, Міхаіл Прохараў, адзначыў, што ў будучыні зноў будзе балятавацца на прэзыдэнта. Ён таксама працягне стварэньне сваёй партыі. Прохараў адзначыў, што не прыме пасады ад Уладзіміра Пуціна, нават калі атрымае падобныя прапановы.

Сястра Міхаіла Прохарава Ірына заявіла ад яго імя, што рашэньне аб прызнаньні легітымнасьці выбараў будзе прынятае іх штабам па выніках праверкі паведамленьняў аб парушэньнях.




Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі
Лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі
Кандыдат на прэзыдэнта РФ, лідэр ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі лічыць перамогу Ўладзіміра Пуціна на прэзыдэнцкіх выбарах аб'ектыўнай.

"Я сам прысутнічаў на выбарчым участку дзьве гадзіны. Я бачыў: ніякіх укідаў не было, лічылі менавіта бюлетэні, і большасьць – за Пуціна", – заявіў Жырыноўскі ў нядзелю ў праграме Першага тэлеканалу.


Лідэр "Справядлівай Расеі" Сяргей Міронаў
Лідэр "Справядлівай Расеі" Сяргей Міронаў
Лідэр партыі "Справядлівая Расея" Сяргей Міронаў таксама назваў вынікі выбараў "легітымнымі", дадаўшы, што вынікі галасаваньня збольшага супадаюць з прагнозамі яго штабу.





Актывістак Femen пасадзілі ў Расеі на суткі



Затрыманьне актывістак Femen падчас "выкраданьня голасу Пуціна"
Затрыманьне актывістак Femen падчас "выкраданьня голасу Пуціна"
Суд у Маскве ў нядзелю пакараў рознымі тэрмінамі арышту актывістак украінскага руху Femen, якія агаліліся да пояса на выбарчым участку, дзе галасаваў прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін.

Пры гэтым дзяўчыны выкрыквалі лёзунгі і абвінавачаньні на адрас прэм'ер-міністра. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Пуцін прагаласаваў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Тры удзельніцы акцыі былі абвінавачаныя ў хуліганстве і асуджаныя на 5, 10 і 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

Рух Femen вядома сваімі эпатажнымі акцыямі, якія яго актывісткі ня раз праводзіла з нагоды розных сацыяльна значных падставаў ва Ўкраіне, у Расеі і Беларусі.


Трое паліцэйскіх загінулі пры нападзе на выбарчы ўчастак у Дагестане


У Дагестане ў выніку нападу на адзін з выбарчых участкаў загінулі трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Узброены інцыдэнт адбыўся праз гадзіну пасьля закрыцьця ўчастка ў Хасаўюртаўскім раёне. Нападнікаў было трое, усе – ў масках, адзін з ваеўнікоў забіты, – паведамілі "Інтэрфаксу" ў міністэрстве ўнутраных спраў рэспублікі.

Тым часам у выбаркаме Дагестану ІТАР-ТАСС пацьвердзілі інфармацыю аб тым, што на ўчастку нумар 1402 у Тарумаўскім раёне вынікі прэзыдэнцкіх выбараў будуць адмененыя, у сувязі з парушэньнем пры падліку галасоў. Раней паведамлялася, што на гэтым участку камэры відэаназіраньня зафіксавалі ўкід бюлетэняў, пасьля ролік быў выкладзены ў Інтэрнэт.


Расейскі ЦВК: за Пуціна – 63%

Уладзімір Пуцін атрымаў амаль 63% галасоў выбарцаў, Генадзь Зюганаў набірае каля 18%, Міхаіл Прохараў набірае каля 8%, на сотыя долі працэнтаў апярэджваючы Уладзіміра Жырыноўскага, Сяргея Міронава падтрымалі каля 4% выбарцаў. Падрабязьней...


У Маскве 70 тысяч чалавек мітынгуюць за Пуціна

Манежная плошча ў Маскве, вечар 4 сакавіка 2012
Манежная плошча ў Маскве, вечар 4 сакавіка 2012
На Манежнай плошчы ў Маскве сабраліся больш за 70 тысяч прыхільнікаў кандыдата на прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Людзі працягваюць прыбываць. Калоны прыхільнікаў прэм'ер-міністра рухаюцца па Цьвярской вуліцы, дзе загадзя быў перакрыты рух транспарту.

Людзі, якія сабраліся трымаюць расейскія сьцягі і плякаты "Мой прэзыдэнт Пуцін"

Адначасова на Лубянскай і Балотнай плошчах таксама сабраліся прыхільнікі Пуціна зь ліку прадстаўнікоў пракрамлёўскіх моладзевых рухаў. Паводле паліцыі, там сабраліся некалькі сотняў чалавек. Перад пачаткам мітынгаў адбыліся канцэрты.

Яшчэ раніцай у Маскву прыбылі дзясяткі аўтобусаў зь іншых рэгіёнаў Расеі з прыхільнікамі Пуціна.

У цэнтар гораду сьцягнутыя ўзмоцненыя нарады паліцыі і вайскоўцаў унутраных войскаў.


Exit-polls: За Пуціна - 59%


Паводле апытаньня на выхадзе з выбарчых участкаў, праведзенага Фондам "Грамадзкая думка", за Ўладзіміра Пуціна прагаласавалі больш за 59% выбарцаў. За Генадзя Зюганава аддалі свае галасы крыху больш за 18%, за бізнэсоўца Міхаіла Прохарава – каля 10%, Уладзіміра Жырыноўскага падтрымалі 7%, а Сяргея Міронава – крыху больш за 4%.

Кіраўнік выбарчага штабу Ўладзіміра Пуціна Станіслаў Гаварухін ўпэўнены ў перамозе ў першым туры. Падрабязьней...

У Маскве рыхтуюцца мітынгі за Пуціна



Прапуцінскі мітынг на манежнай Плошчы ў Маскве, 4 сакавіка, 2012
Прапуцінскі мітынг на манежнай Плошчы ў Маскве, 4 сакавіка, 2012
На многіх плошчах ў цэнтры Масквы зьбіраюцца ўдзельнікі мітынгаў у падтрымку кандыдата на прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Яшчэ раніцай у Маскву прыбылі дзясяткі аўтобусаў зь іншых рэгіёнаў Расеі з прыхільнікамі Пуціна. Акцыі арганізуе кааліцыя моладзевых рухаў "Штаб адзіных дзеяньняў".

У цэнтар гораду сьцягнутыя ўзмоцненыя нарады паліцыі і байцоў унутраных войскаў. На пад'ездах да Манежнай, Балотнай, Трыўмфальнай, Пушкінскай і іншых цэнтральных плошчаў стаяць грузавікі і аўтобусы з паліцыянтамі і байцамі АМАПу.

Вуліца, дзе знаходзіцца будынак Цэнтрвыбаркаму, блякаваная.


Навальны: маштаб шматразовага галасаваньня – беспрэцэдэнтны



Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

"Усё проста ў адкрытую адбываецца. У адкрытую сотні аўтобусаў з групамі людзей езьдзяць па Маскве і Падмаскоўі і яны галасуюць на выбарчых участках", – распавядае расейскі апазыцыйны актывіст і знаны антыкарупцыйны блогер Аляксей Навальны. Падрабязьней...


Паліцыя разагнала штаб альтэрнатыўнага падліку галасоў


У Маскве паліцыя эвакуявала альтэрнатыўны Цэнтар падліку галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле дэпутата Дзярждумы ад партыі "Справядлівая Расея" Ільлі Панамарова, паліцыя спаслалася на ананімнае паведамленьне аб бомбе, нібыта закладзенай у будынку. Падрабязьней...

Паступае інфармацыя аб парушэньнях


Супрацоўнікі Забайкальскага праваабарончага цэнтру заўважылі арганізаваны падвоз да выбарчых участкаў службоўцаў прадпрыемстваў і вайскоўцаў, а таксама выпадкі неаднаразовага галасаваньня. Аб такіх самых парушэньнях у Падмаскоўі паведамляюць карэспандэнты Асацыяцыі абароны правоў выбаршцаў з “ГОЛАС”.

Прадстаўнікі КПРФ заявілі аб парушэньнях выбарчага заканадаўства ў Арлоўскай вобласьці.

Шмат інфармацыі аб парушэньнях зьяўляецца ў Твітэры - ад палітыкаў і грамадзкіх актывістаў.

Выбарчыя ўчасткі ў Расеі на цяперашніх выбарах абсталяваныя вэб-камэрамі. Кіраўнік Міністэрства сувязі Ігар Шчогалеў заяўляе, што сыстэма вэб-маніторынгу працуе бяз збояў.

На пасаду прэзыдэнта Расеі прэтэндуюць Уладзімір Жырыноўскі, Генадзь Зюганаў, Сяргей Міронаў, Міхаіл Прохараў і Уладзімір Пуцін.

Галасаваньне ў Маскве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:01 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG