Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: «Трэба павялічыць шанец Беларусі на эўраінтэграцыю»


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

«Лідэры ЭЗ выказваюць сур’ёзную занепакоенасьць далейшым пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі. Яны вітаюць рашэньне Рады ЭЗ пашырыць сьпіс асобаў, адказных за рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама за парушэньні асноўных правоў чалавека», гаворыцца ў паведамленьні па выніках сустрэчы кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу.

Кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, камэнтуючы заяву па Беларусі лідэраў краін Эўразьвязу, адзначыў:

Мілінкевіч: «Увага да Беларусі, на шчасьце, была заўсёды. Іншая справа, што там цяпер ёсьць вялікая стомленасьць, таму што інструмэнты, якія яны выкарыстоўваюць, пакуль не даюць плёну.

Ня трэба чакаць, што кожнае дзеяньне Эўразьвязу адразу будзе даваць вынікі ў выглядзе дэмакратызацыі ці паляпшэньня сытуацыі. Але гэта вельмі вялікая падтрымка дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, людзей, якія хочуць, каб мы абралі эўрапейскую дарогу. Таму важная нават такая маральная падтрымка. Бо пашырэньне сьпісу неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу — маральнае асуджэньне тых, хто садзіць у турмы беларусаў за іх погляды.

Так, для нас гэта вельмі важна. Але ўсё роўна трэба шукаць і Эўразьвязу, і нам новыя падыходы, новыя спосабы, як павялічыць шанец Беларусі на эўраінтэграцыю. Бяз новых захадаў, бяз новых мэтадаў дзеяньняў застанецца супрацьстаяньне. Яно маральнае з боку Эўразьвязу і амаральнае з боку беларускай улады. Але выніку не дае. А страшэнна патрэбны плён».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG