Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лібэральнаму клюбу» не даюць магчымасьці дыскутаваць


Яўген Прэйгерман — адзін з арганізатараў дыскусіі.
Яўген Прэйгерман — адзін з арганізатараў дыскусіі.

Грамадзкаму аб’яднаньню «Дыскусійна-аналітычная супольнасьць «Лібэральны клюб» адмовілі ў памяшканьнях для правядзеньня 2 сакавіка дыскусіі «Ў пошуку ідэяў для паляпшэньня cтасункаў Беларусі і Эўразьвязу».

«Лібэральны клюб» звычайна праводзіць свае паседжаньні адзін-два разы на месяц. Раней яны праходзілі у сталічным гатэлі «Эўропа». Але гэтым разам адміністрацыя гатэлю адмовіла лібэралам. Таксама без тлумачэньня прычын «Лібэральнаму клюбу» адмовілі ў гатэлях «Вікторыя» й «Краўн Плаза». Тады лібэралы зьвярнуліся ў «Галерэю Ў». Ім адмовілі і там, патлумачыўшы, што гэта палітычнае мерапрыемства, а ў «Галерэі Ў» праводзяцца культурніцкія імпрэзы.

«Факт адмовы ў прадастаўленьні памяшканьня для мерапрыемства з боку ўсіх установаў, у якія мы зьвярталіся, здаецца нам сумным і нават абсурдным, — гаворыцца ў паведамленьні „Лібэральнага клюбу“. — На фоне падзеяў, якія адбываюцца ў апошнія дні ў адносінах Беларусі і ЭЗ наша панэльная дыскусія была заклікана „зьбіць эмацыйны напал“ і пачаць аргумэнтаванае канструктыўнае абмеркаваньне магчымасьцяў выхаду з сытуацыі, якая склалася ».

Адзін з арганізатараў дыскусіі Яўген Прэйгерман паведаміў Радыё Свабода, што вялікую цікавасьць да мерапрыемства праявілі і прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, у прыватнасьці, Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Адміністрацыі прэзыдэнта, а таксама дзяржаўных СМІ:

«А адмена мерапрыемства пазбавіла ўсіх патэнцыйных удзельнікаў магчымасці пачуць розныя пункты гледжаньня і пазбавіцца ад чорна-белага ўспрыманьня праблематыкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG