Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ля Менску зьявіцца кітай-горад»


1 сакавіка ініцыятыўная група 30-ці дачных каапэратываў Смалявіцкага раёну наведала ў Менску Галоўпаштамт, адкуль Аляксандру Лукашэнку былі накіраваныя бандэролі з падпіснымі лістамі супраць плянаванага будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку на тэрыторыі 80 квадратных кілямэтраў.

Спадарыня Алена, якая дапамагае афармляць на паштамце ў Менску перасылку сабраных у Смалявіцкім раёне подпісаў, паведамляе:

«Падпісваюцца самі садаводы, іхныя сямейнікі, сябры, рыбаловы. Самі кажуць: „Дайце мне!“ І пасьля кожны прыносіць па 30, 40 і больш подпісаў. Ідзе масавая хваля, і яна нарастае!»

Суразмоўцы «Свабоды» нагадваюць, што свае праблемы яны спрабавалі абмяркоўваць з чыноўнікамі й дэпутатамі, аднак тыя нічога пэўнага сказаць ня могуць, бо самі не валодаюць дакладнай інфармацыяй. Гавораць спадарыні Тамара й Ірына:

«Інфармацыя пра гэты парк засакрэчаная. Таму людзі хвалююцца, ня сьпяць, бабулі плачуць… Хтосьці ўжо купляе новае лецішча… Я лічу, што ўжо за гэта чыноўнікі мусяць адказваць!»

«У Смалявіцкім райвыканкаме, дзе мы былі на прыёме ў старшыні Міхаіла Загорцава, было зададзена пытаньне: „А чаму ў парку будуць працаваць 600 тысяч кітайцаў?“ На што атрымалі адказ: „Гэта абавязковая ўмова інвэстара…“ Камэнтаваць няма чаго».

Далей гавораць дачнікі Анатоль і Міхаіл:

«У вёсках людзі цяпер таксама разумеюць сытуацыю. Ніхто ня хоча жыць побач з бомбай, груба кажучы, бо на мэце ў інвэстара — будаваць буйныя прадпрыемствы, якімі б чыстымі іх ні рэклямавалі».

«Мы праводзілі агульны сход у нашым садаводчым таварыстве, на якім практычна ўсе ўдзельнікі былі шакаваныя рашэньнем, што менавіта на гэтай тэрыторыі будзе будавацца кітайскі індустрыяльны парк».

Інфармацыйную й юрыдычную дапамогу дачнікам забясьпечвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Актывіст гэтай кампаніі Міхаіл Пашкевіч паведаміў «Свабодзе», што мае копію будучага ўказу Лукашэнкі аб умовах забудовы кітайскімі інвэстарамі індустрыяльнага парку.

Далей суразмоўца «Свабоды» тлумачыць:

«Высьвятляецца, што практычна ўсе дачныя каапэратывы трапілі ў зону будаўніцтва. Больш за тое, калі раней улады заяўлялі, што гэта будзе супольны бізнэс Беларусі й Кітаю, то не! У праекце ўдакладняецца, што толькі 40% атрымае беларускі бок і 60% — Кітай! І таму гэта будзе абсалютна кітайскі бізнэс па ўсіх кантрольных пытаньнях.
Ва ўказе напісана, што „інвэстар можа будаваць у адпаведнасьці з кітайскімі тэхнічнымі стандартамі“.

І яшчэ. Калі нам кажуць, што тут будуць пераважаць высокатэхналягічныя вытворчасьці з увагай да экалёгіі, то і гэта няпраўда! Ва ўказе напісана, што „інвэстар можа будаваць у адпаведнасьці з кітайскімі тэхнічнымі стандартамі“. Я не разумею, чаму ў нашай дзяржаве пра нашы тэхнічныя стандарты забыліся? Сёньня ня мае сэнсу верыць, што кітайскія стандарты ў будаўніцтве высокія».

Таксама сёньня Міхаіл Пашкевіч заявіў:

«Мы бачым, што ў гэтым указе занадта шмат плыняў і пытаньняў, якія патрабуюць звышпільнай увагі і, у прынцыпе, узьнікае патрэба ў дэнансацыі такога дакумэнта. Над гэтым і будзем зараз працаваць».

Пашкевіч кажа: для працы на кітайскіх прадпрыемствах у Беларусь будуць завезеныя амаль 600 тысяч найманых спэцыялістаў.

«Літаральна за 60 кілямэтраў ад Менску зьявіцца Кітай-горад. Наступствы ад гэтага сёньня яшчэ цяжка прадказаць, але, безумоўна, што плянаванае будаўнітцва пагражае падземным гарызонтам пітной вады, а таксама лесу, лугам і вадаёмам, якімі актыўна карыстаюцца цяпер ня толькі мясцовыя жыхары і дачнікі, але й насельнікі Менску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG