Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйнага беспрацоўя амаль няма. А рэальна — сотні тысяч


Фота Сяргея Аржанцава.
Фота Сяргея Аржанцава.

У Беларусі афіцыйны ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя складае 0,7 працэнта ад колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва: гэта найлепшы паказьнік у Эўропе. Тым часам незалежныя дасьледаваньні фіксуюць, што ў краіне бяз працы застаюцца больш як 1 мільён 300 тысяч чалавек. Чым яны займаюцца? Чаму не рэгіструюцца ў цэнтрах занятасьці насельніцтва? Як знаходзяць занятак і за кошт чаго жывуць?

Гомельшчына

Па колькасьці беспрацоўных у студзені гэтага году Гомельская вобласьць была ў ліку лідэраў. Аднак лічбы падаюцца невялікія. Зарэгістравана ў рэгіёне афіцыйна 2,9 тысячы беспрацоўных. Гэта менш за адзін адсотак ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

Крыху вышэйшы гэты паказьнік у Буда-Кашалёўскім, Рагачоўскім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Хойніцкім раёнах. Аднак ён вагаецца, як кажуць у такіх выпадках, у межах статыстычнай хібнасьці. І гэта дазваляе мясцовым уладам цьвердзіць, што масавага беспрацоўя няма.

У абласным цэнтры на 1 студзеня ў гарадзкой управе працы й занятасьці насельніцтва значылася на ўліку 2146 чалавек, зь іх дапамогу ад дзяржавы атрымлівалі ўсяго 927. Чаму?
Не зьвяртаюцца, таму што няма тут працы, якая б задавальняла патрэбы чалавека.

Гаворыць беспрацоўны гамяльчук спадар Дзяніс: «Палова ж не ідзе на біржу спэцыяльна шукаць працу. Шукаюць самі, едуць у Расею на заробкі. Не зьвяртаюцца, таму што няма тут працы, якая б задавальняла патрэбы чалавека».

Яшчэ адна прычына — мізэрны памер дапамогі па беспрацоўі, які вагаецца ў межах 35–70 тысяч рублёў:

«35–70 тысяч, базавая ці дзьве базавыя — у залежнасьці ад таго, колькі вы зараблялі раней. Самі разумееце: на 70 тысяч рублёў пражыць можна?»

Да таго ж, каб атрымаць і такую дапамогу, трэба адпрацаваць пару дзён у сельскай гаспадарцы альбо на прыбіраньні гораду.

«Абавязалаўка», як кажа гарадзкі беспрацоўны Алег, таксама не спрыяе таму, каб людзі станавіліся на ўлік у цэнтры занятасьці. Лепей пашукаць у горадзе пустыя бутэлькі, мэтал, кардон і здаць у пункт прыманьня другаснай сыравіны:

«Пайшоў бутэлькі зьбіраць, паперу, мэталалом, ніты, гайкі — другасную сыравіну. Дапамагаю людзям двары падмятаць — паесьці даюць альбо пачак цыгарэт ці шклянку «зялёнага зьмея».

Незалежныя эканамісты тым часам адзначаюць, што беларуская статыстыка ня ўлічвае каля паўмільёна чалавек, якія не працуюць альбо шукаюць працу па-за межамі краіны.


Гарадзеншчына


Наш карэспандэнт у Горадні паразмаўляў з тымі землякамі, якія шукаюць сёньня працы. У цэнтар занятасьці прыходзіць багата людзей, далёка ня ўсе зь іх рэгіструюцца ў якасьці беспрацоўных. Нямала такіх, хто шукае дадатковай працы, бо на свой заробак або пэнсію пражыць вельмі цяжка, кажуць яны. І нават калі ў цэнтры занятасьці перавучысься на іншую спэцыяльнасьць, гэта не гарантуе, што знойдзеш добрую працу.
Калі прапануюць мільён або нават менш — то гэта несур’ёзная праца. Шмат ёсьць прапановаў, але ўсе не асабліва сур’ёзныя.

Спадар: «Ходзім, шукаем працы годнай. На сёньняшні час, як гаворыцца, мільёны два трэба як мінімум атрымліваць. А калі прапануюць мільён або нават менш — то гэта несур’ёзная праца. Шмат ёсьць прапановаў, але ўсе не асабліва сур’ёзныя. Я ў сваёй працы спэцыяліст, зваршчык. І што: за капейкі рабіць і ў такіх непрымальных умовах? І гэта шмат дзе. Канечне, такія заводы, як „Азот“ — там сапраўды добра, але ж туды ты бяз блату ня ўлезеш. Ня ведаю, я ня езьдзіў, у асноўным езьдзяць у Маскву і Маскоўскую вобласьць. Як гавораць знаёмыя: як дзе трапіш — дзе добра, а дзе й кепска. Тут раз на раз не прыходзіцца».

Другі спадар: «Я цясьляр, але ў мяне старыя запісы, а цяпер патрабуюць паўсюль, каб было пасьведчаньне. У мяне другі разрад, але дакумэнтаў тады не давалі. А цяпер на працу ўжо не бяруць, усё — адмова. Скончыў вось курсы газаэлектразваршчыкаў пры цэнтры занятасьці. Але таксама: ёсьць корачкі, а — стаж давай, досьвед працы. Карацей, замкнёнае кола выходзіць, цяжка».

Спадарыня: «Я шукаю падпрацоўку, я на пэнсіі. Прыбіральшчыцай хачу, ужо была тут, нічога не знайшла. Даюць раздрукоўку: тэлефануеш — ужо занята, ужо ўзялі. Хацела б мільён, трошку больш за мільён».

Магілёўшчына


На Магілёўшчыне людзі, якія страцілі працу, не імкнуцца на біржы, бо дапамога па беспрацоўі мізэрная, дый зарэгістравацца ў службе занятасьці няпроста. Бальшыня беспрацоўных жыве з уласных гаспадарак, суседняй Расеі ды адкладзеных грошай.

Жыхар райцэнтру Хоцімск Міхаіл страціў працу два гады таму, як ён сьцьвярджае, праз канфлікт з кіраўніцтвам. Працаваў у раённай сыстэме культуры. Знайсьці працу спрабаваў праз службу занятасьці:

«Ставілі тады людзей, якіх звольнілі па скарачэньні штатаў і па даведках. А так нікога больш ня ставілі. Калі рэгіструюць, то павінны плаціць дапамогу, а калі не рэгіструюць, то й дапамогу ня плацяць. У мяне цяпліца. Я ружы вырошчваю на продаж. 25 курэй у мяне. Яйкі прадаю. Сад у мяне вялікі. Ён мне дапамагае выжываць. Дзе можна зарабіць якую капейчыну, я зарабляю».

Жыхар райцэнтру Глуск спадар Ігар зрабіўся беспрацоўным пасьля няўдалай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Спрабаваў займацца рэпэтытарствам. Рэгістравацца на біржы ня стаў, бо беспрацоўным ужо значыўся ў сьпісах службы занятасьці:
Я ў Расею паехаў на заработкі. Пару месяцаў я там парабіў, і вось за кошт гэтых двух месяцаў пакуль і жыву.

«Яны мяне проста не паставяць на ўлік, бо я з уласнай волі ліквідаваў сваё прадпрымальніцтва. Акрамя таго, я ў Расею паехаў на заработкі. Пару месяцаў я там парабіў, і вось за кошт гэтых двух месяцаў пакуль і жыву. Акрамя таго, тут разавыя заробкі бываюць у будаўніцтве».

У Клімавічах больш за год ня мае працы былы школьны бібліятэкар Сяргей. 18 гадоў адрабіў ён у інтэрнаце для дзяцей з праблемамі слыху. Навучальную ўстанову зачынілі. Сяргей заяўляе, што жыве з таго, што адклаў, пакуль працаваў:

«Мне прасьцей, бо сям’і ў мяне няма. Жыву разам з маці, якая на пэнсіі. Вялікіх выдаткаў няма. Існаваць можна. Спадзяваньняў на цэнтры занятасьці ў мяне няма. У дзяржавы існуе ж такая ўстаноўка, каб меней было беспрацоўных. Стаць на ўлік вельмі няпроста. Часьцяком праглядаю іхнія сьпісы вакансіяў — там у асноўным будаўнічыя спэцыяльнасьці з заробкамі мільён, мільён дзьвесьце тысяч рублёў».

На Магілёўшчыне лічацца беспрацоўнымі меней за чатыры тысячы чалавек з больш як паўмільённага тутэйшага эканамічна актыўнага насельніцтва. Тое, што гэтая лічба не адпавядае рэальнай сытуацыі на рынку працы, прызнаюць і афіцыйныя ўлады. Прызнаецца, што беспрацоўныя абмінаюць службы занятасьці. Паводле тых, хто там на ўліку, дапамогі даюць 35 тысяч рублёў.
У Беларусі статыстыка — ня сродак, каб атрымаць пэўныя аб’ектыўныя дадзеныя, а сродак ідэалёгіі й прапаганды.

Кіраўнік Асацыяцыі малога й сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін: «На жаль, цяпер на Беларусі беспрацоўнымі лічаць ня тых, хто шукае працы, а толькі тых, хто зарэгістраваны на так званай біржы працы. А паколькі быць афіцыйна зарэгістраваным ня вельмі добра — і мала грошай плацяць, і працаваць прымушаюць, — то шмат хто не ідзе на „біржу“ і ня ўлічваецца як беспрацоўны ў Беларусі.

Таксама набіраецца шмат людзей, якія працуюць па „шэрых“ схемах — у будаўніцтве, рамонце аўтамабіляў, у выкананьні бытавых паслугаў. Як правіла, рэгіструецца ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка адзін чалавек, а працуюць пад гэтым пасьведчаньнем некалькі».

Карэспандэнт: «А чаму дзяржава мірыцца з так званымі „шэрымі“ схемамі?»

«Увогуле, ёсьць хлусьня, ёсьць вялікая хлусьня — і статыстыка. На жаль, у Беларусі статыстыка — ня сродак, каб атрымаць пэўныя аб’ектыўныя дадзеныя, а сродак ідэалёгіі й прапаганды. Статыстыка выкарыстоўваецца для гэтых мэтаў. Таму да рознага роду суб’ектаў гаспадараньня і нават статыстычнага ведамства даводзяць пэўныя лічбы, якія трэба выконваць».

Карэспандэнт: «Цяперашняй эканоміцы зручна, каб менш было беспрацоўных?»

«Шкада, што ў беларускай эканоміцы цяпер нельга праўдзіва высьветліць сапраўдную колькасьць беспрацоўных, каб адказаць на гэтае пытаньне. Я мяркую, што насамрэч беспрацоўных нашмат больш, чым гэта адлюстроўвае афіцыйная статыстыка. І гэта вельмі кепска, бо замест таго каб вырашаць праблему, мы яе хаваем…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG