Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любоў Кавалёва спадзяецца сустрэцца з сынам


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Маці Ўладзіслава Кавалёва, асуджанага да сьмяротнага пакараньня за тэракт у менскім мэтро, спадзяецца на спатканьне ў СІЗА КДБ з сынам 29 лютага.

«Пасьля гэтага я магу сказаць, ці жывы ён, як ён сябе адчувае. У мінулую пятніцу мне сказалі ў бюро пропускаў, што я магу ў адзін зь дзён, калі дазволеныя перадачы, прыйсьці і напісаць заяву. Спадзяюся, што заўтра дадуць спатканьне. Ва ўсякім разе, я на гэта разьлічваю», — сказала карэспандэнту «Свабоды» Любоў Кавалёва.

1 лютага 2012 году Любоў Кавалёва прасіла Канстытуцыйны суд вынесьці рашэньне аб прызнаньні неканстытуцыйным палажэньня Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, якое не прадугледжвае прыпыненьня выкананьня сьмяротнага пакараньня ў сувязі з падачай і рэгістрацыяй індывідуальнага паведамленьня ў Камітэт па правах чалавека ААН.

У Канстытуцыйным судзе жанчыне адказалі, што права на зварот у Канстытуцыйны суд маюць толькі спэцыяльна ўпаўнаважаныя Канстытуцыяй органы.

6 лютага Кавалёва разаслала лісты ў арганізацыі, якія маюць па законе права зьвяртацца ў КС, — у Савет міністраў, абедзьве палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўны суд, а таксама прэзыдэнту. Яна прасіла іх накіраваць у КС заключэньне аб неадпаведнасьці названага кодэксу Канстытуцыі краіны і факультатыўнаму пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Адказ з аддзелу па пытаньнях грамадзянства і памілаваньня Адміністрацыі прэзыдэнта прыйшоў 18 лютага. У ім сказана, што па прапанове Кавалёвай «мэтазгодны комплексны прававы аналіз заканадаўства з удзелам кампэтэнтных дзяржаўных органаў».

З Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Любоў Кавалёва атрымала лісты аднолькавага зьместу.

У іх адзначаецца, што для звароту Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі ў Канстытуцыйны суд «няма падстаў».

«Я зьвярнулася з такой жа прапановай да Аляксандра Лукашэнкі і мяркую, што вырашальнае слова застанецца ўсё ж за ім», — сказала Кавалёва.

Сьмяротны прысуд Уладзіславу Кавалёву быў вынесены 30 лістапада 2011 году Вярхоўным судом. 7 сьнежня асуджаны падаў прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG